На блогерку завялі крымінальную справу за верш у каментарах

У дачыненні да відэаблогеркі Вольгі Жураўскай («Здымаць дазволена») распачатая крымінальная справа за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК РБ). Блогерцы пагражае да трох гадоў абмежавання волі.
Вольга Жураўская, фота з адкрытых крыніц

Вольга Жураўская, фота з адкрытых крыніц

Крымінальную справу на падставе арт. 369 КК распачалі супраць Вольгі Жураўскай у АУС адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска.

Паводле пастановы, блогерка размясціла на сваім ютуб-канале відэаролік «Няпрошаныя госці / Працяг гісторыі», а таксама каментар да яго, у якім маюцца выказванні з негатыўнай ацэнкай старшага інспектара аддзела аховы правапарадку маёра міліцыі Андрэя Шчаглова. Тым самым, на думку міліцыянтаў, Жураўская «публічна абразіла апошняга як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».

Як мяркуе сама блогерка, міліцыянта Шчаглова абразіў верш у каментарах пад відэа, які быў апублікаваны, як сцвярджае Жураўская, адным з падпісчыкаў каналу. Па словах Жураўскай, аўтар каментара ўжыў у вершы слова «казёл» і параўнаў супрацоўніка міліцыі з гамадрылам.

Блогерка запэўнівае, што вершаваны каментар пісала не яна, а сам верш быў пазней кімсьці выдалены. Прычым выдалілі яго ў той час, калі аўтарка блогу не мела доступу да свайго каналу.

У снежні 2019 года блог «Здымаць дазволена» на youtube быў узламаны невядомымі асобамі. Крыху пазней у кватэры блогеркі адбыўся ператрус, падчас якога міліцыянты канфіскавалі ўсю тэхніку. Па словах Жураўскай, усе яе відэакамеры і камп'ютары дагэтуль знаходзяцца ў следчым камітэце.

Між тым, у відэароліку «Няпрошаныя госці» гучаць таксама словы «мудак» і «хрэн». Але, паводле Жураўскай, лінгвістычная экспертыза, праведзеная падчас праверкі па папярэдняй заяве міліцыянта Шчаглова, не прызнала іх зневажальнымі. Праверка праводзілася на датычнасць блогеркі да злачынства паводле арт. 189 КК (Абраза). Крымінальная ж справа заведзеная на падставе арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).

«Следчы мне сказаў, што такое было распараджэнне зверху. Дык будуць, значыцца, капаць усё. Ну, сцвярджаць не магу, але, відаць, хочуць мяне пакараць», – кажа Вольга Жураўская.

Артыкул 369 КК РБ прадугледжвае пакаранне грамадскімі працамі, альбо штрафам, альбо арыштам, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.

vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: