На цэнтральнай плошчы ў Капылі дэмантавалі помнік Леніну. Людзі гэтым задаволеныя

Сёлета ў Капылі пройдуць Дзень беларускага пісьменства і абласное свята «Дажынкі». Да гэтых падзей улады вырашылі правесці «генеральную прыборку» ў цэнтры горада і перанесці адтуль помнік Леніну, піша «Наша Ніва».

Такое рашэнне мясцовы райвыканкам прыняў яшчэ ў сакавіку. Было вырашана дэмантаваць помнік падчас прац па добраўпарадкаванні горада да двух гэтых святаў і паставіць яго ў скверы ля Дзіцячай школы мастацтваў.

На ўсялякі выпадак раённая газета ўдакладніла, што «перанос у іншае месца зусім не змяншае заслуг правадыра сусветнага пралетарыяту, з імем якога звязана цэлая эпоха ў жыцці былых савецкіх людзей. Гэтая гістарычная, вядомая у свеце асоба будзе па заслугах ўшанаваная. І самому помніку патрэбная рэстаўрацыя».

У выніку вясной помнік перанеслі на новае месца, на што звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына». А на сайце райвыканкама грамадзяне выказалі сваё задавальненне гэтым.

Колькі ўсяго ў Беларусі помнікаў Леніну?

У канцы 1980-х гадоў быў выдадзены даведнік «Зборнік помнікаў гісторыі і культуры» (у васьмі тамах). На яго старонках была размешчана інфармацыя пра прыкладна 600 помнікаў у рэспубліцы. Большасць з іх захавалася, але помнікі, размешчаныя на тэрыторыі прадпрыемстваў, за гады незалежнасці актыўна дэмантавалі.

У цяперашні час у базе даных сайта leninstatues.ru маецца інфармацыя пра 421 помнік Ільічу. Амаль усе яны не маюць мастацкай вартасці. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць толькі дзевяць з іх.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: