На час Еўрапейскіх гульняў у Мінску просяць стварыць «гарачую лінію» для журналістаў

Міжнародныя няўрадавыя арганізацыі Human Rights Watch і Камітэт абароны журналістаў (CPJ) звярнуліся ў міжнародную арганізацыю Еўрапейскія алімпійскія камітэты з просьбай стварыць на час Еўрапейскіх гульняў у Мінску "гарачую лінію" для скаргаў журналістаў і механізм разгляду такіх скаргаў.

У сваёй заяве праваабароны звяртаюць увагу на дрэнную рэпутацыю беларускіх уладаў у плане свабоды мас-мэдыя і выказванне меркаванняў. Яны нагадваюць пра ператрусы ў рэдакцыях медыя, затрыманні і судовы пераслед журналістаў, нядаўнюю «справу БелТА».

У сувязі з гэтым Human Rights Watch і Камітэт абароны журналістаў просяць стварыць на час Еўрапейскіх гульняў у Мінску "гарачую лінію" і механізм разгляду скаргаў журналістаў, чые правы могуць быць парушаныя.

Еўрапейскія алімпійскія камітэты (ЕОС) — гэта асацыяцыя з 50 нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, якая праводзіць еўрапейскія гульні. EOC і яго члены з'яўляюцца часткай алімпійскага руху і кіруюцца алімпійскай хартыяй, якая ўключае гарантыі свабоды СМІ.

Праваабаронцы адзначаюць, што Міжнародны алімпійскі камітэт падаваў працэдуру падачы скаргаў на свабоду СМІ падчас Алімпійскіх гульняў 2016 і 2018 гадоў, а ФІФА падала працэдуру падачы скаргаў падчас леташняга Чэмпіянату свету па футболе ў Расіі.

baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!