На час выбараў актывістаў ізалююць: затрымліваюць для адбыцця папярэдне прызначаных арыштаў

31 ліпеня для адбыцця раней вынесеных адміністрацыйных арыштаў затрымліваюць актывістаў у Оршы, Наваполацку і іншых гарадах краіны, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».


Орша

Так, вядома, што для адбыцця 15-суткавага арышту ў Оршы быў затрыманы адміністратар тэлеграм-каналу "Орша для жыцця" Аляксандр Андрэеў.

Таксама сёння асудзілі на 25 базавых велічынь штрафу Кацярыну Гарэлікаву, а наўпрост з суда ў ІЧУ забралі Генадзя Ларыёнава. Ён быў асуджаны на 15 сутак арышту яшчэ 26 чэрвеня.

Таксама сёння суд адбыўся і над Вадзімам Капорыкавым. Яго судзіў Мікалай Драгуноў, які прызначыў мужчыне пакаранне ў 12 сутак арышту.

Вядома, што за кратамі знаходзіцца і Міхаіл Чамурака. Ён адбывае 10 сутак арышту, прызначаных судом 27 ліпеня.

Наваполацк

У Наваполацку забралі з дома Андрэя Зуева для адбыцця адміністрацыйнага арышту ў 14 сутак. Мужчыне пагражалi, што сацыяльная служба прыйдзе для праверкі ўмоў пражывання яго малых дзяцей.

На 14 сутак таксама забралі і Артура Сiнегу прама з працы — завода Нафтан.

Брэст

У Брэсце яшчэ 28 ліпеня быў затрыманы Андрэй Шарэнда, сёння яго даставілі ў суд. Яго вінавацяць па арт. 23.34 КаАП за тое, што ён нібыта размясціў заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах ў тэлеграм-канале. 24 ліпеня ў доме Андрэя Шарэнды адбыўся ператрус, міліцыя канфіскавала лічбавыя носьбіты і прылады.

Слуцк

У Слуцку ў другой палове дня 31 ліпеня былі затрыманыя валанцёры "Краіны для жыцця" Суловіч Арцём, Анісейка Сяргей і Якубовіч Уладзімір за раздачу памятак "Сумленных людзей".

Маладзечна

У 17.30 у Маладзечна былі затрыманыя журналісты Белсату Зміцер Міцкевіч і Дзяніс Дзюба, якія вялі прамы эфір з агітацыйнага мітынгу Святланы Ціханоўскай. Міліцыянты не патлумачылі прычыну затрымання і адразу загадалі выключыць камеру, паведамляецца на сайце каналу.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: