Знаёмцеся: гэта яны забудоўваюць Курапаты

Замоўнік будоўлі каля Курапатаў СТАА «БелРэстІнвэст» не толькі меў інфармацыю пра месца масавых растрэлаў ахвяр сталінскіх рэспрэсій, але і нібыта распрацаваў комплекс мерапрыемстваў па стварэнні мемарыяла «Курапаты». На справе быў рэалізаваны толькі праект забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу.
Абаронцы Курапатаў на фоне рэстарацыі "Паедзем паядзім". Фота Алены Ляшкевіч

Абаронцы Курапатаў на фоне рэстарацыі "Паедзем паядзім". Фота Алены Ляшкевіч

Курапаты — гэта найбольшае мемарыяльнае сведчанне генацыду беларускага народа. Паводле лідара КХП—БНФ Зянона Пазняка, які ў 1988 годзе разам з Яўгенам Шмыгалёвым першы адкрыў праўду пра Курапаты, і прафесара Уроцлаўскага ўніверсітэта Здзіслава Вінніцкага, колькасць ахвяр савецкіх рэпрэсій у гэтым урошчы можа сягаць 250 тысяч чалавек.

Савецкія ўлады намагаліся знішчыць гэтае месца, пракладваючы адмыслова праз Курапаты напрыканцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў Мінскую кальцавую аўтадарогу, якая разрэзала ўрочышча на дзве часткі. Было вынішчана мноства магіл масавых пахаванняў. Чарговы наступ адбыўся ў 2001—2002 гадах, калі ўжо мясцовыя чыноўнікі прынялі рашэнне пашырыць гэтую аўтадарогу з дзвюх палосаў руху да шасці. Напрыканцы 2002 года Мінгарвыканкам аддаў зямлю непасрэдна ля магіл пад забудову катэджнага пасёлка «Сонечны».

У другой палове 2000-х пачынаецца незаконнае будаўніцтва наўпрост у ахоўнай зоне забаўляльнага цэнтра «Бульбашъ-холл» усяго за 50 метраў ад мемарыялу. Ахоўную зону Курапатаў дзеля гэтага наўмысна скарачаюць у некалькі разоў. Гэта ж паўтараецца і ў выпадку з будаўніцтвам бізнес-цэнтру на вул. Мірашнічэнкі ў 2017 годзе. Толькі праз актыўны супраціў грамадзянскай супольнасці ўдаецца спыніць гэтую будоўлю.

Найбольш жа драматычнай стала сітуацыя вакол забаўляльнага цэнтру са здзеклівым назовам для беларусаў «Бульбашъ-холл». Перайменаваны праз шмаліткія грамадскія пратэсты на «Паедзем паядзім», ён правакатыўна адчыніўся акурат у 30-ю гадавіну з моманту раскрыцця жахлівай праўды пра Курапаты. Адбылося гэта нягледзячы на ўхваленыя ў 2012 годзе Генеральнай пракуратурай і Міністэрствам культуры пастановы, у якіх вызначана катэгарычная забарона будоўлі.

Замоўнікам будоўлі ад самага пачатку стала Супольнае таварыства з абмежаванай адказнасцю (СТАА) «БелРэстІнвэст». Кампанія не толькі валодала ўсёй інфармацыяй што да месца масавых растрэлаў і пахаванняў ахвяр сталінскіх рэспрэсій, але і нібыта распрацавала комплекс мерапрыемстваў па стварэнні мемарыяла «Курапаты», які накіравала для ўхвалення ў Міністэрства культуры. У рэчаіснасці ж быў рэалізаваны толькі праект забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу, а пра мемарыял ніхто з гэтай кампаніі ўжо нават і не ўзгадвае.

Паводле дадзеных з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР), кампанія «БелРэстІнвэст» зарэгістраваная Мінскім гарвыканкамам 02.09.2009 г. з юрыдычным адрасам Мінск, зав. Казлова, д.5а, оф. 3а. Дырэктарам кампаніі з’яўляецца Ярмоленкаў Андрэй Феліксавіч. Дата рэгістрацыі і пачатка незаконнага будаўніцтва, а таксама адсутнасць адкрытай інфармацыі на працягу амаль 10 гадоў пра іншую дзейнасць гэтай кампаніі наводзяць на думку, што яна была створана акурат для пабудовы забаўляльнага аб’екта ў ахоўнай зоне Курапатаў. 

То бок інвестары загадзя прадугледзелі ўсе мажлівыя будучыя фінансавыя і рэпутацыйныя страты і паспрабавалі іх мінімізаваць праз стварэнне новай юрыдычнай асобы. Хто ж гэтыя людзі? Паводле выпісу з АДР 50% СТАА «БелРэстІнвэст» належыць СТАА «КварталМЗС», 33.3% — амерыканскай кампаніі з абмежаванай адказнасцю Lenthon Realty LLC і пазасталыя 16,7% — закрытай акцыянернай кампаніі з абмежаванай адказнасцю Bealcy Investments Ltd., зарэгістраванай на Кіпры.

Галоўным уласнікам «БелРэстІнвэст» з’яўляецца кампанія СТАА «КварталМЗС», якая мае практычна той жа юрыдычны адрас, што і «БелРэстІнвэст», розняцца толькі кабінеты. На сайце Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва пазначаная асноўная знешнеэканамічная дзейнасць СТАА «КварталМЗС» — агульнае будаўніцтва будынкаў. У адкрытым доступе адсутнічае якая-кольвек інфармацыя пра рэалізаваныя праекты гэтай кампаніі, што даволі дзіўна, улічваючы, што яна дзейнічае на працягу ўжо 14 гадоў.

А ў суседнім будынку зарэгістравана кампанія амаль з аднайменнай назвай — ТАА «КварталМЗС—Буд». У гандлёвых базах дадзеных кампанія фігуруе як сталічны забудоўнік жылой і нежылой нерухомасці з ажыццяўленнем дзейнасці ў сферы долевага будаўніцтва. Характэрна, што ў некаторых інфармацыйных рэсурсах «КварталМЗС-Буд» падае для патэнцыйных кліентаў той жа адрас сваёй кампаніі, што мае і «КварталМЗС». Гэтак, у базе будаўнічых аб’ектаў і тэндараў «Будаўнічая біржа» (stroybirzha.by) кампанія пазначыла ўжо вядомы нам адрас — Мінск, зав. Казлова, 5а. Меркавана мы маем справу з аднымі і тымі ж уласнікамі гэтых дзвюх кампаній.

У 2014 годзе «КварталМЗС-Буд» пачаў будаўніцтва ў Мінску 15-павярховага жылога дома ў квартале вул. Лынькова — П.Глебкі — праезд Масюкоўшчына. Аб’ект атрымаў назву «Жылы комплекс «Паркавы», які кампанія падае ў якасці свайго галоўнага праекта ў сферы будаўніцтва жылой нерухомасці. Цікава, што кампанія на працягу трох гадоў да гэтага не будавала жылых дамоў.

На сайце адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска пададзена інфармацыя пра тое, што кампанія-забудоўнік ТАА «КварталМЗС-Буд» створана ў выніку рэарганізацыі СТАА «КварталМЗС» у форме выдзеляння.

Кіраўніком ТАА «КварталМЗС-Буд» з’яўляецца Логвін Вольга Вітальеўна. У якасці кантактных дадзеных для сувязі з кампаніяй «КварталМЗС-Буд» Вольга Логвін падае электронную пошту і нумар тэлефона ТАА «ІВ», якая фігуруе як «Група кампаній ІВ», зарэгістраваная ў тым жа будынку — на зав. Казлова, 7б. Меркавана і «БелРэстІнвэст» і «КварталМЗС», «КварталМЗС-Буд» — маюць непасрэднае дачыненне да «Групы кампаній ІВ», як канцавога бенефіцыяра.

Кампанія «ІВ» з’яўляецца адным з буйнейшых мінскіх дэвелапераў, якая рэалізавала больш за два дзясяткі будаўнічых праектаў. Напрыклад, бізнес-цэнтры ў Мінску «Вікторыя-Плаза» (на вул. Платонава) і «Парк-Плаза» (вул. Лагойскі тракт) і іншыя.

Уласнікам ТАА «ІВ» з’яўляецца Ізраілевіч Аркадзь Львовіч, які ўваходзіць у Топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі паводле версіі ej.by (займае 98-ю пазіцыю). Апроч «Групы кампаній «ІВ» яму належыць таксама СЗАТ «Асфальтабетонны завод». Сярод актываў былі кампанія «МІГінвэст», рэстарацыі «Баржа» і Carpaccio.

Аркадзь Ізраілевіч

Аркадзь Ізраілевіч

У красавіку 2013 года Аркадзь Ізраілевіч меў канфлікт з начальнікам упраўлення інвестыцый камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Мікалаем Ахраменкам у мінскай рэстарацыі «Тусэ». Паводле словаў бізнесоўца, чыноўнік паводзіў сябе з недастаковай павагай да яго. Гарадскія ўлады здзейснілі службовую праверку, у выніку якой абвінавачанні бізнесоўца былі адкінутыя. А зараз самае цікавае: прадстаўнікі камітэта эканомікі заявілі, што гаспадарамі рэстарацыі «Тусэ» з’яўляюцца партнёры Ізраілевіча, што, «паводле меркавання абвінаваўчага боку, спрычынілася да правакацыйных паводзінаў бізнесоўца, які здзяйсняў фотаздымку чыноўнікаў без іх дазволу і адчуваў сябе гаспадаром палажэння».

Ужо закрыты клуб-рэстарацыя «Тусэ» належаў кампаніі ТАА «Белнаватэкс груп», якая валодае некалькімі рэстарацыямі і кавярнямі ў Мінску — «Гранд Кушавель» (непадалёк Мінск-Арэны) і theView, якія рэпрэзентуюць уласны брэнд кампаніі — «Наша рэстарацыйная група». Меркавана кампаніі належыць і кавярня «Лета» на Заслаўскім вадасховішчы, якая раней фігуравала з назовам «Бульбашъ-пляж». Дырэктарам кампаніі з’яўляецца Вараб’ёў Ігар Алегавіч. Паводле дадзеных з АДР, суўладальнікамі «Белнаватэкс груп» з’яўляюцца: Зайдэс Леанід Лейбавіч (32%), грамадзянка Ізраіля Сурыс Аліна (24,5%) і, амерыканская кампанія Lenthon Realty LLC (29%) і Bealcy Investments Ltd. (14,5%), зарэгістраваная на Кіпры. Дзвюм апошнім належаць 50 адсоткаў ужо згаданай кампаніі «БелРэстІнвэст», што збудавала «Бульбашъ-холл», а ейным меркаваным асноўным уласнікам з’яўляецца кампанія «ІВ» Аркадзя Ізраілевіча.
Асноўным уласнікам «Белнаватэкс груп» і партнёрам Аркадзя Ізраілевіча па бізнесу з’яўляецца Леанід Лейбавіч Зайдэс, чыё імя ўжо фігуравала раней вакол будаўніцтва «Бульбашъ-холла».
Ігар Вараб

Ігар Вараб'ёў

Леанід Зайдэс

Леанід Зайдэс

Аліна Сурыс

Аліна Сурыс

Другая суўладальніца «Белнаватэкс груп» — грамадзянка Ізраіля Аліна Сурыс, якая, паводле «Нашай Нівы», з’яўляецца фармальным уласнікам, а самім бізнесам займаецца яе сын — Барыс Паўлавіч Сурыс. 

Барыс Сурыс

Леанід Зайдэс і Барыс Сурыс таксама з’яўляюцца даўнімі партнёрамі і валодаюць шэрагам супольных міжнародых актываў. Ім належаць 70 адсоткаў польска-украінскага холдынгу ТАА «МАГ-2000», зарэгістраванага ў 2000 г. у Кіеве. Паводле інфармацыі з афіцыйнага сайту кампаніі, яна займаецца вытворчасцю навагодніх і калядных тавараў, мае завод у Польшчы, у Кіеве і ў родным Зайдэсу Слуцку.

Супраць гэтай кампаніі ва Украіне распачатая крымінальная справа праз азнакі крымінальнага правапарушэння, прадугледжанага ч. 5 арт.15, ч.5 арт.191 КК Украіны. Следчыя падазраюць службовых асобаў ТАА «МАГ-2000» у раскраданні ў 2015 годзе бюджэтных грошай на суму 503 014 грн (прыблізна 19500 долараў). Апроч гэтага вядома, што Зайдэс і Сурыс валодаюць таксама 70% кампаніі ТАА «СК Б.Т.С.», зарэгістраванай у 1994 годзе ў Кіеве.

Кампанія займалася будаўніцтвам і грузаперавозкамі. Неаднаразова прыцягвалася да адказнасці праз здзейсненыя правапарушэнні на рынку каштоўных папер. На гэты момант кампанія знаходзіцца ў стане спынення дзейнасці і мае станам на 01.05.2018 г. падатковы доўг у суме 51 000 грн.

Пазасталымі партнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначанае вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthon Realty LLC і Bealcy Investments Ltd.

Леон Сагальчык

Леон Сагальчык

Амерыканская кампанія Lenthon Realty LLC валодае 33.3% у СТАА «БелРэстІнвэст» і 29% у «Белнаватэкс груп». Блогер Эдуард Пальчыс знайшоў падрабязную інфармацыю пра ўласнікаў гэтай кампаніі ў дзяржаўным рэгістры амерыканскага штату Ілінойс. Адным з іх з’яўляецца Леон Сагальчык, якому раней належала амерыканская фармацэўтычная кампанія Sagmel, Inc., што стварыла досыць буйны бізнес безрэцэптурных лекаў на тэрыторыі Беларусі, Украіны, РФ і Казахстану, яе профільныя актывы пазней набыла кампанія Bayer HealthCare.

Леон Сагальчык хаця і жыве ў ЗША, але мае інвестыцыйныя інтарэсы ў Беларусі. Другі ўласнік Lenthon Realty LLC — Антон Меліхаў — з’яўляецца ў ЗША даволі вядомым бізнесоўцам і філантропам. Разам з Сагальчыкам ён заснаваў кампанію Sagmel, быў яе прэзідэнтам, а таксама стварыў некамерцыйныя арганізацыі Bright Future International і unite4:good foundation. Паходзіць з Мінска, у 1989 годзе пераехаў у ЗША.

Антон Меліхаў

Антон Меліхаў

Кампаніі Bealcy Investments Ltd. належыць 16,7% «БерРэстІнвэст» і 14,5% «Белнаватэкс груп». Зарэгістраваная яна на Кіпры ў 2008 г. Паводле інфармацыі з базы дадзеных дзяржаўнай рэгістрацыі кампаній Кіпру можна меркаваць, што яе рэгістрацыя здзейснена на падстаўных асоб, бо кожны з пададзеных дырэктараў афіляваны з больш, чымся 400 кампаніямі.

Характэрна, што Bealcy Investments Ltd. разам з Леонам Сагальчыкам і вядомым беларускім бізнесоўцам Сяргеем Левіным і іншымі суўладальнікамі кампаніі Lebortovo Capital Partners Ltd., інвеставалі 30 млн долараў у пабудову ў Асіповічах парфумава-касмэтычнай фабрыкі «Свабода», перайменаванай потым у «Сонца». Фабрыка вядомая перадусім праз стварэнне брэнду «Мара». Падчас расследавання выяўленае, што адзін з дырэктароў Bealcy Investments — Georgios Chr. Kirou фігуруе ў якасці кіраўніка кампаніі ў Lebortovo Capital Partners Ltd., а таксама ў актыве Сяргея Левіна — Lebortovo Investments Ltd. Можна зрабіць здагадку, што да Bealcy Investments Ltd. можа мець непасрэднае дачыненне сам Сяргей Левін.

Сяргей Левін

Сяргей Левін

Мінскія ўлады аддалі ў арэнду кампаніі «БелРэстІнвэст», афіляванай з Аркадзем Ізраілевічам і згаданымі вышэй замежнымі інвестарамі, досыць вялікую тэрыторыю сталічнай зямлі для будаўніцтва рэстарацыі. Паводле інфармацыі «НН», тэрыторыю з агульнай плошчай 1,2 гектары кампанія арэндуе з канца 2007 года ў два этапы. Сума арэндных плацяжоў складае на год усяго 1401 долар 66 цэнтаў, дамова дзейнічае ажно да 30.10.2106 года. Не кожны нават замежны інвестар можа пахваліцца падобнымі спрыяльнымі для развіцця бізнесу ўмовамі.

Апроч гэтага выдзяленне ў арэнду зямлі з тэрыторыяй ахоўнай зоны можа сведчыць пра значны карупцыйны складнік. Характэрна, што рэстарацыйную дзейнасць на базе збудаванага забаўляльнага комплексу здзяйсняе не «БелРэстІнвэст» і не «Белнаватэкс груп», але апошні фігурант гэтага расследавання — кампанія ТАА «Амізбел».

Вядома, што яна зарэгістраваная паводле рашэння Мінгарвыканкама 16.05.2017 г. з статутным фондам 267 637 рублёў. Яе заснавальнікам і ўласнікам з’яўляецца кампанія «Белнаватэкс груп». Паказальна, што кампанія створана ўсяго праз некалькі месяцаў пасля перамогі грамадзянскай супольнасці ў канфлікце, звязаным са спробай іншых інвестараў збудаваць у ахоўнай зоне Курапатаў бізнес-цэнтр.

Падобныя схемы з дыверсіфікацыяй сродкаў у розныя актывы зазвычай выкарыстоўваюць, каб прадухіліць мажлівыя фінансавыя і рэпутацыйныя страты. Дзеля гэтага і рэгіструюць дадатковыя фірмы-«пракладкі». Дырэктарам «Амізбел» з’яўляецца Святлана Дубкова, якая раней кіравала службай вытворчасці ў мінскіай сетцы кавярняў Cafe Garage.

Святлана Дубкова

Святлана Дубкова



Як бачым, вакол незаконна збудаванага забаўляльнага цэнтру ў Курапатах засяроджаныя супольныя інтарэсы, сілы і сродкі буйных уласнікаў як будаўнічага, гэтак і рэстарацыйнага бізнесу, якія аперуюць шматлікімі актывамі і значнымі фінансавымі рэсурсамі. Відавочна, што яны досыць паспяхова лабіююць свае інтарэсы ў органах дзяржаўнага кіравання.

Трагедыя з нацыянальным мемарыялам «Курапаты» — гэта сведчанне зацяжной хваробы беларускага грамадства і выклік усім нацыятворчым сілам, якія здатныя і могуць паўстаць супраць руйнавання сакральнага месца і супраць адкрытага здзеквання з соцень тысяч пакутнікаў зямлі беларускай. Бо грош нам цана як нацыі, калі мы не зможам абараніць ці не самае святое для большасці беларусаў месца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-06-13 11:03:19
Ну что ж, калі адкінуць бел-чырвона-белую прапаганду ў гэтым артыкуле, то становіцца ясна, што беларускую ўладу кінулі. Я падкрэсліваю не за ўзяткі купілі, а кінулі. Калі і былі там узяткі то гэта дробязь у параўнанні з тым, што вышэйшую палітычную ўладу кінулі. Нядрэнна падставілі з Курапатамі. То бок адкуль (з замежжа + шмат верагодна з-за акіяну) тэма Курапатаў і так званага адраджэння ў 1988 узнікла ці паўстала, калі ніхто пра ўладу будучага прарасейскага кіраўніка Беларусі нават не думаў, а планаваў праз Курапаты з'яўлення антырасейскага кіраўніка Беларусі, туды і вярнулася бумерангам (у замежжа) тэма Курапаты, але вярнулася з падставай існага кіраўніка. Бо даць добра на праектаванне і будоўлю рэстарацыі + забаўляльнага комплексу ля Курапатаў мог толькі Сам Самыч.
Падставілі цябе, хлопец. І нядрэнна падставілі. Віншую з трыццацігоддзем адкрыцця Курапат.
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-13 14:35:56
Свабода. 02 чэрвень 2018, 15:47. Артыкул Ганны Соўсь "Зянон Пазьняк: Усё пачалося з Курапатаў". Пытанне пра публікацыю ў ЛІМе і адказ Зянона Пазьняка:
"Гэтаму артыкулу папярэднічала пэўная лібэралізацыя савецкага грамадзтва, перш за ўсё ў сфэры інфармацыі. Але адкрыць праўду пра Курапаты на ўзроўні афіцыйнага друку тады было не рэальна. Я рыхтаваўся да гэтага 15 гадоў і выбраў момант перад 19-й канфэрэнцыяй КПСС, калі можна было скарыстаць часовы параліч сыстэмы і паспрабаваць ударыць нечакана."
Бачыце? Праз 30 год пасля адкрыцця Курапатаў першаадкрывальнік успомніў, што адчыніў іх 45 лят таму. Некалі корр Белсата (~ 7 лят таму) браў інтэрв'ю ў Навумчыка і Пазьняка, маўляў, як жа ім удалося збегчы за бугор. І З.С. распавёў, што квартал быў ачэплены амапам дык ён узяў таксі і выехаў з Мінску. Не даслоўна цытаю словы З.С., а па памяці, але сутнасць перадаю цалкам.
Дай Бог яму здароўя. Мы яшчэ шмат баек пачуем ад першаадкрывацеля Курапат.
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-13 14:46:45
Апошняе. Яшчэ шмат лят таму (скажам у 2012 у маім эсэс ІНТЭРВЕНЦЫЯ "АДРАДЖЭННЕ") мной разглядалася версія датычнасці Канторы да выпадковага адкрыцця Курапат. Чаму? Таму, што пасля шуму-гаму ў СМІ, звязаным з адкрыццём невядомага ўрочышча, стварыўся БНФ і першаадкрывацель & Co. сталі дэпутатамі ВС, дзе й прастаялі ўпустую пяць лят ля мікрафону, забыўшыся пра адраджэнне нацыі, пасля чаго першыя двое змагароў збеглі ад народа, БНФ і адраджэння, выканаўшы сваю задачу - адвесці народ адраджэннем-фікс ад дэмакратычных зменаў на Беларусі ў часы гарбачоўскай смуты і пакінуць уладу КПБ, да каб авангард БНФ (чытай - авангард народа) быў падкантрольны Канторы. Пасля ўцёкаў Камандуючага Фронтам у замежжа БНФ паспяхова здох. А мы амаль чвэрць веку маем светлае адраджэнскае заўтра - лукашызм. Дзякуй за ўвагу.
  • AJ
  • 2018-06-13 14:57:39
"кіравала службай вытворчасці ў мінскім сеціве кавярняў".

Што за "сеціва кавярняў"? Можа "сетка"? Папраўце.
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-13 16:20:19
Свабода. 11 травень 2010, 17:39. Артыкул С.Навумчыка "Зянон Пазьняк: “Выбары трэба байкатаваць".

Навумчык: "І паколькі мы закранулі тэму выбараў – як Вы ацэньваеце пачатак прэзыдэнцкай кампаніі і як бачыце свой удзел у гэтым працэсе?"
Пазьняк: "Нашая палітыка, якую мы мэтадычна праводзім ужо доўгі час і якая ўжо дае плён – гэта аддзяліць электарат ад рэжыму, пазбавіць рэжым падтрымкі людзей, стварыць умовы для антырэжымнай кансалідацыі народу і стварэньня крытычнай масы грамадзкай альтэрнатывы. Гэта дасягаецца праз сыстэматычны байкот выбараў. Гэта шлях разгорткі грамадзкага змаганьня."

Апошняе ў 2010г. казаў лідар КХП БНФ, які ў 2001 і 2006 разам з паплечнікамі ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх кампаніях, з мэтай легітымізацыі ненавіснага рэжыму на 14 год (з 1996 па 2010), ад якога збег у замежжа ў вясну 1996. Дый, як вядома, Канстытуцыйны Суд сваім рашэннем даў добра на ўдзел эмігранта ў тагачасных выбарах. Легітымізаваць лукашызм дык легітымізаваць талакой!
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-13 23:17:26
Шчыра кажучы, артыкул мне падабаецца. Талковы. Цяпер прапаную журналістам (спецам) разабрацца ў тэме ЧАМУ ЯЎГЕН ШМЫГАЛЁЎ РАНА НАС ПАКІНУЎ? Амаль адразу пасля публікацыі артыкула аб Курапатах у ЛІМе. То бок як кажуць няма сведкі - няма праблем у першаадкрывацеля Курапатаў і заснавальніка БНФ. Таму ён можна смела сёння казаць, маўляў, шчэ за 15 год да публікацыі ў ЛІМе (1988) першаадкрывальнік адчыніў Курапаты, але 15 гадоў чакаў моманту для публікацыі. Яшчэ б крыху пачакаў і дачакаўся б наш першаадкрывальнік другога прышэсця Хрыста. Дык вось лепей было б, каб гэтай тэмай пра апошнія часы жыцця Яўгена Шмыгалёва заняліся б вольныя ад б-ч-б ідэалогіі спецы-журналісты. Паспрабуйце разабрацца. Тэма мяркую цікавая.
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-14 13:02:54
Сказанае вышэй адрэдагаваў і дапоўнім іншымі матэрыяламі з беларускіх СМІ, ды выклаў як артыкул КУРАПАТЫ ПРАЗ ТРЫЦЦАЦЬ ГАДОЎ на сваіх старонках у ФБ, ЖЖ https://starkou.livejournal.com/156409.html і на расейскім сайце КОНТ https://cont.ws/@starkou/974905
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-15 09:46:08
Дзякуючы публікацыі ў “ЛіМе”, мы даведаліся аб Пазьняку, які менавіта пад святым бел-чырвона-белым сцягам вёў частку савецкага беларускага народа да невядомага ўрочышча на Дзяды 1988, каб усяго праз 15 год пасля публікацыі артыкула “Курапаты – дарога смерці” Зяноне ў 2003 выдаў за мяжой кнігу аб адным з тых бел-чырвона-белых патрыётаў 1941-44 гадоў, які прыслужваў нацыстам пры гаўляйтары Кубэ.
  • Юрась Беларус
  • 2018-06-15 14:59:43
Вельмі добра напісана, моцна. Але без парушэнняў заканадаўства. Магу толькі падзякаваць за такі артыкул. Адзінае, што хачу ўдакладніць - былі рашэнні не толькі проста забароны будаўніцтва "Бульбаш-холла", было канчатковае рашэнне АБ ВЫНАСЕ ЗАБУДОВЫ ЗА МЕЖЫ АХОЎНАЙ ЗОНЫ КУРАПАТАЎ САМІМ УЛАСНІКАМ ЗАБУДОВЫ.. А іменна, у рашэнні Мінітэрства культуры Рэспублікі Беларусь пад назвай "Аб выкананні заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны" №01-19/К-208 ад 23.04.2018 года даслоўна сказана наступнае: "... прынята аднагалоснае рашэнне аб неабходнасці вынаса аб'екта з тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці, на што указана заказчыку работ СТОО "БелРестИнвест"
( http://1863x.com/wp-content/uploads/2018/06/34366319_1560804770715601_1272687208821686272_o.jpg )
  • Юрась Беларус
  • 2018-06-15 15:17:13
Ізраілевіч Аркадзь Львовіч вельмі пакрыдзіўся і абвінаваціў ТБМ і Алёну Анісім, Вашую ўладальніцу, у "сіянісцкай змове". https://nn.by/?c=ar&i=211246. Пра што ту можна сказаць? Вы сабралі ўвесь матэрыял па розных крыніцах, абагульнілі яго і выдалі вельмі цікавую, цалкам законную сваю версію, якая не супярэчыць іншым крыніцам . А вось наконт "сіянісцкай змовы" ёсць вельмі цікавы факт. Наша Ніва размаўляла з Барысам Сурысам, адным з уладальнікаў "кабака на касцях". Прамая цытата з артыкула:
"...Але ж Сурысы — херсонскія яўрэі. Ён, як чалавек з габрэйскімі каранямі ці адкрыў бы рэстаран на зямлі, якая зусім нядаўна ўваходзіла ў ахоўную зону Асвенціма?
«Ну напэўна не. Я далікатны ў гэтым пытанні», — прызнаў бізнэсовец..."
https://nn.by/?c=ar&i=210884&lang
  • Юрась Беларус
  • 2018-06-15 15:57:47
На мой погляд, у Ізраілевіча Аркадзя Львоіча варта ўзяць дадатковае інтэрвью наконт яго планаў забудовы падобнымі рэстарацыямі "Паедзекм, паядзім" у Асвенціме,Трасцянцы, іншых падобных месцах
  • В. Данілюк
  • 2018-06-15 20:35:38
Не разумею, якім чынам каментары А. Старкова стасуюцца са зместам артыкула. Здаецца, сп. Старкову проста пагутарыць захацелася? Няма з кім?
  • АР
  • 2018-06-15 20:39:41
Не звяртайце ўвагі. Для гутаркі сп. Старкову суразмоўцы не патрэбныя
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-17 13:27:47
Не разуееш? Хлусьня ў палітыцы бел-чырвона-белага першаадкрывальніка Курапатаў - вось сэнс маіх каментаў. Тебе хочется верить единождысолгашему? Верь. А я писал других - тем кто думает иначе.
  • Васiль Княрович
  • 2018-06-16 09:54:19
Да, этничныя беларусы толькi маюць глядзець з боку як чужынцы зьдзекуюцца над народнай памяццю...
  • Юрась Беларус
  • 2018-06-16 13:54:10
Вырашыў больш грунтоўна, асобным артыкулам, падтрымаць Вашу якасную працу. Прачытайце, калі ласка, магчыма, ён дапаможа Вам: https://www.facebook.com/GeorgBlr/posts/262533117833335
  • Юрась Беларус
  • 2018-06-17 12:59:01
Уласнікі забудовы аб тым, дзе яны будуюцца, ведалі загадзя. Бо, каб атрымаць дазвол на будаўніцтва, яны павінны былі звярнуцца за ўзгадненнем у камітэт па архітэктуры і будаўніцтву Мінаблвыканкама. Але ж там усе ахоўныя зоны пазначаны. і, калі б яны туды звярнуліся, 100%-адсоткава атрымалі б адмову.Таму яны палезлі абыходным, незаконным шляхам - звярнуліся ў тэрытарыяльныя органы архітэктуры і будаўніцтва ў ДРУП "Дзяржбудэкспертыза па Мінскай вобласці", дзе ахоўныя зоны не пазначаны і атрымалі станоўчае заключэнне па эскізнаму праекту, выдадзенае ІП (!!!!!!) Лебедзевай І.С. Нягледзячы на яўнае парушэнне з боку забудоўшчыка і адсутнасць неабходнага ўзгаднення праекта, Мінаблвыканкам дазволіў СТАА "БелРэстІнвест" будавацца па гэтаму праекту. (ліст другі прадстаўлення Генеральнай пракуратуры ад 17.11.2012. http://1863x.com/.../2018/06/kurapaty_dakumenty_2_logo.jpg)
Таму я крыху ўдакладняю сваю пазіцыю . Я ЎПЭЎНЕНЫ ў тым, што ўласнікі забудовы да забудовы ведалі аб ахоўнай зоне.
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-17 13:42:00
Молодец Юрась Беларус. Чуйствуецца опыт краеведа и читателя, указанного тобой сайта. Но есть одно маленькое не бел-чырвона-белое АЛЕ… Существует такой ИНСТИТУТ как вневедомственная экспертиза. (Не будынак, а институт в деле проектирования и строительства.) Этого ты не знаешь, потому что ЭКСПЕРТИЗА ВНЕВЕДОМСТВЕННАЯ, то есть ни б-ч-б и ни ч-з. Ни за белых и ни за красных. И вот после того, как проект создан (спроектирован-разработан-прошел ФСЕ экспертизы и согласования) его рассматривает ВНЕВЕДОМСТВЕННАЯ экспертиза и дает свое заключение. После устранения ее замечаний проект готов к реализации. Ну а о том, что проект БУДЕТ и ЕСТЬ знали все кому не лень. Только б-ч-б ждали момент истины чтобы пиарится. Этот момент настал.
Ты не мог (хотя бы на том указанном тобой сайте) не читать мое: бел-чырвона-белых об'единяет не любовь к белорусскости, а посредственность. Вот именно ОНА двигала тобой, когда ты клепал здесь свои комменты.
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-17 14:07:09
До сих пор у нас было ДВА БОРЦА с КОРРУПЦИЕЙ - Александр Лукашенко и Сергей Антончик. Сейчас, после публикации данной статьи, их стало трое, і трэці Дзяніс Івашын. Паўтару:
калі выкінуць з артыкула б-ч-б прапаганду, то артыкул Дзяніса талковы. Выводы слабые, мол, коррупция. А сто метров от этого будынка уже нет коррупции? А сто километров ад гэтай рэстарацыі ўжо няма карупцыі? Дело делать выводы надо было оставить читателю, Денис, и тогда твой артыкул быў бы тое, што трэба. Мая выснова такая: этот проект провокация, кидок, подстава высшего политического руководства нашай РБ.

Каментаваць