На Еўрапейскія гульні ў Беларусь прыехала менш за 5 тысяч замежнікаў

На Еўрапейскія гульні ў Беларусь прыехала менш за 5 тысяч замежнікаў, паведамляе Еўрарадыё
Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

У эфіры радыё "Sputnik Беларусь" начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун паведаміў колькасць асоб, якія прыехалі ў нашу краіну па білетах Еўрагульняў і заявілі пра намер наведаць спартыўныя мерапрыемствы — 4686 чалавек. Да іх дадаліся 252 балельшчыка з замежжа, якія скарысталіся бязвізавым рэжымам уезду і прыехалі ў Беларусь з Расіі. Пры гэтым з 10 чэрвеня сёлета ў Мінск прыехала 25 тысяч замежных турыстаў. Але яны сваёй асноўнай мэтай прыезду ў Беларусь называлі не Еўрагульні (яны пачаліся 21 чэрвеня), а турызм. Застаецца пытанне з колькасцю расіян, якія прыехалі ў беларускую сталіцу.

Для параўнання — на хакейным чэмпіянаце свету 2014 года ў Мінску пабывала больш за 80 тысяч чалавек з 46 краін свету.

Атрымліваецца, што надзеі беларускага кіраўніка на замежнікаў, якія будуць прыязджаць на Еўрапейскія гульні і "прывозіць грошы", не спраўдзіліся. Іх вельмі мала. У той жа час выдаткі на арганізацыю Еўрагульняў аказаліся вялікія — 265 мільёнаў долараў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!