На фэсце «Камяніца» не пажадалі бачыць праваабарончыя ініцыятывы

Чаму не адбылася Пляцоўка сацыяльных актыўнасцяў на фэсце «Камяніца»?
Асамблея НДА Беларусі ў жніўні запрасіла грамадскія арганізацыі ды ініцыятывы разам зладзіць Пляцоўку сацыяльных актыўнасцяў на фэсце “Камяніца”. Дзясяты юбілейны фэстываль прайшоў 1 верасня ў Строчыцах пад Мінскам. Аднак Пляцоўка так і не адбылася.

Як паведамлялася на старонцы Асамблеі НДА ў фэйсбуку па “тэхнічных прычынах” пляцоўка не адбудзецца:

— Сябры, мы так рыхтаваліся, каб сустрэцца з вамі на Пляцоўцы сацыяльных актыўнасцяў, якая мелася адбыцца на фэсце "Камяніца". На жаль, па “тэхнічных прычынах” пляцоўка не адбудзецца. Мы прыклалі шмат намаганняў, каб прэзентацыя арганізацый адбылася ў іншым месцы, але альтэрнатыўная імпрэза не змагла нас прыняць з падобных прычынаў. У Пляцоўцы сацыяльных актыўнасцяў мелі ўдзельнічаць 12 арганізацый, каб прадставіць наведвальнікам і наведвальніцам Фэсту разнастайнасць грамадскага сектару.

Пазней Выканаўчае бюро Асамблеі НДА паведаміла больш падрабязную інфармацыю аб прычынах адмены Пляцоўкі:

— “На фэсце "Камяніца" была забаронена імпрэза Асамблеі НДА "Пляцоўка сацыяльных актыўнасцяў", якую мы рыхтавалі цэлы месяц. Напрыканцы ліпеня да Выканаўчага бюро зьвярнуўся арганізатар фэсту “Наш дзень” з просьбай зладзіць яшчэ адну Пляцоўку з грамадскімі арганізацыямі, але на фэсце “Камяніца”. З ягоных словаў, на “Нашым Дні” прэзэнтацыя НДА была вельмі ўдалай, таму Асамблею і яе партнёраў запрашаюць на "Камяніцу".

ВБ Асамблеі НДА і 12 арганізацый, якія пажадалі прэзентаваць сябе, рыхтавалі Пляцоўку сацыяльных актыўнасцяў, аднак за 2 дні да фэсту дырэктар Музея народнай архітэктуры і побыту, дзе мелася адбыцца “Камяніца”, забараніў ладзіць нашу імпрэзу, спасылаючыся на праверку з выканкаму.

На наступны дзень дырэктар вырашыў на свой густ выбраць арганізацыі, якія змогуць удзельнічаць, адкінуўшы пры гэтым НДА, якія займаюцца абаронай правоў чалавека, гендарнымі праблемамі, а таксама тэмай ВІЧ/СНІД.

Натуральна, Асамблея на такое селекцыйнае стаўленне да арганізацый не пагадзілася. Мы шукалі і нават знайшлі альтэрнатыўную пляцоўку, дзе нашы арганізацыі маглі б прэзентаваць сябе – школьны пікнік тэлеканалу “Белсат”. Але яго таксама забаранілі."


Паводле spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: