На хлусні не ўтрымаешся. Найважнейшае за 1 кастрычніка

Мы думалі, што нашая ўлада вярнула нас у «ліхія 90-я». Насамрэч, яна зайшла яшчэ далей, і вярнулася ў 1980-я. Але як СССР не выстаяў на хлусні, то і цяпер маштабная хлусня не выклікае нічога, апроч абурэння.


Абанентам МТС і life:) пачалі масава прыходзіць смс-папярэджанні ад імя «MVD»: «Вы ўстаноўлены як парушальнік парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». Прычым палохаюць адразу крымінальнай адказнасцю.

У паведамленні ёсць радкі пра тое, што «гэтыя мерапрыемствы арганізаваны асобамі, абвінавачанымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, г. зн. у злачынстве, прадугледжаным арт. 342 КК РБ». Аднак пакуль што я не чуў, каб у дачыненні да некага была даказаная такая «арганізацыя», і каб нехта за гэта быў асуджаны. МУС, калі ён рассылае падобныя паведамленні, парушае прэзумпцыю невінаватасці неназваных абвінавачаных асобаў».

Апроч таго, хацелася б ведаць, на падставе якой крымінальнай справы і якіх працэсуальных дакументаў ажыццяўляецца сачэнне за тымі, каму прыходзяць падобныя смс, адкуль і на якой падставе МУС узяў персанальныя дадзеныя людзей.

Хутчэй за ўсё, гэта проста рассылка дзеля запалохвання. А тады гэта азначае, што ў МУС вызнаюць: амаль усе ўладальнікі мабільных тэлефонаў выходзілі на пратэставыя акцыі. А значыць, пацвярджаюць, што дадзеныя ЦВК пра 80% прагаласаваўшых за Лукашэнку — проста фэйк.

Дарэчы, наконт тактыкі запалохвання. Палякі, якія перажылі ваеннае становішча ў 1980-х, расказвалі, што тады ў любая размова па тэлефоне магла перарвацца паведамленнем кшталту: «Вас слухае Міністэрства бяспекі» (ці як называлася польскае КДБ у той час?). Гэта было зроблена з мэтай паказаць «усюдыіснасць» «органаў» ды запалохаць людзей.

А чым скончылася польскае ваеннае становішча — вядома. Жорсткай люстрацыяй, крымінальнымі справамі і пазбаўленнем былых сілавікоў пенсій. Што цалкам справядліва.


З 1 кастрычніка ў суды могуць трапіць толькі ўдзельнікі працэсу. Афіцыйная прычына — каронавірус. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка некалькі разоў «перамог» той самы каронавірус, дый вясной Вярхоўны суд вырашыў, што меры прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі не закранаюць прынцыпу галоснасці судовага разбору. Карацей, зноў хлусня і беззаконне.


Цікавы выпадак адбыўся ў Музычным тэатры. Там падчас антракту дзіцячага спектакля з’явіліся амапаўцы. Гледачы папрасілі патлумачыць, што там рабілі «чорныя людзі». Адкказ дыкэктара тэатра паказальны: ён патлумачыў, што АМАП проста скарыстаўся прыбіральняй, і з боку людзей, якія ўвайшлі ў тэатр, «не здзяйснялася дзеянняў, якія маглі нанесці шкоду жыццю і здароўю гледачоў».

Разумееце? Ад міліцыянтаў, якія павінны быць абаронцамі людзей, ужо чакаюць таго, што яны нанясуць «шкоду жыццю і здароўю гледачоў». Падаецца, пасля перамогі АМАП сапраўды прыйдзецца разагнаць, бо такі імідж ужо не выправіш.


ЕС нарэшце даўмеўся, як можна абысці «вета» Кіпра на санкцыі ў дачыненні да кіраўніцтва Беларусі. Калі лідары Еўрасаюза не змогуць пераканаць Кіпр зацвердзіць санкцыі, то ў блоку могуць прыняць абмежаванні кваліфікаванай большасцю, як папраўку да дзейснага механізму санкцый ад 2012 года, паведамляе газета The Guardian. Сапраўды, тыя санкцыі былі не знятыя, а прыпыненыя. Падаецца, сёння некага чакае непрыемны сюрпрыз.

Дарэчы, еўрапейскія эксперты ўжо канстатуюць, што ў беларускіх уладаў больш няма дыпламатыі: «Гэта не крызіс адносінаў з Захадам. Гэта — аблом».


А кібер-партызаны прыступілі да распрацоўкі опенсорснай сістэмы распазнання твараў. Наяўнасць падобнай сістэмы дасць магчымасць не толькі хутка і лёгка вылічаць сілавікоў, але і дапаможа сабраць разам усю даступную інфармацыю пра іх.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: