На кнігу «Мова 404» пра дыскрымінацыю за беларускую мову сабралі неабходную суму

Збор грошай адбываўся ў інтэрнэце. Неабходную суму сабралі за 5 дзён да заканчэння кампаніі, паведамляе «Радыё Свабода».
Прадстаўніца ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліна Нагорная рыхтуе да выдання кнігу «Мова 404». У ёй сабраныя 100 аповедаў пра тое, як у Беларусі за беларускую мову могуць зняважыць, абразіць і нават збіць.

Дзеля выдання кнігі аўтарка запусціла збор грошай у інтэрнэце на платформе «Талака», і за 5 дзён да заканчэння кампаніі збору ўся неабходная сума ўжо ёсць — сабрана 4025 рублёў, патрабавалася 4 тысячы.

У кнізе, у прыватнасці, надрукуюць гісторыю мастака, якога 8 гадзін білі на Акрэсціна; пенсіянеркі, якую не абслужылі ў банку; спявачкі, якую прынялі за ўкраінку; студэнткі, з якой смяяліся; філосафа, якога звольнілі з АНТ.

«Першы крок вырашэння праблемы — асэнсаванне яе грамадствам. У кнізе рэальныя гісторыі людзей, якія сутыкнуліся з моўнай дыскрымінацыяй», — гаворыць Нагорная.

У 2018 годзе Аліна Нагорная выпусціла ў сааўтарстве з Ігарам Случаком дапаможнік для абароны моўных правоў «Абаронім мову», а ў 2019 годзе арганізавала выданне дзіцячай кніжкі «Кошык вожыка». Яе дарылі дзіцячым установам, дзе амаль няма літаратуры на беларускай мове.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: