На марш недармаедаў у Гомелі выйшлі каля трох тысяч чалавек (шмат фота, відэа)

Акцыя распачалася на плошчы Паўстання, дзе па выходных звычайна адбываюцца кірмашы. Але сёння людзі прыходзілі сюды, каб выказацца супраць дэкрэта № 3, які ў народзе атрымаў назву «дармаедскі».


На плошчы Паўстання людзі трымалі плакаты: «Я не дармаед», «Я не раб», «Не — дэкрэту №3». Таксама было некалькі чалавек з бел-чырвона белымі сцягамі. Калі на акцыю сабралася крытычная маса людзей, арганізатары — партыя АГП, партыя левых «Справядлівы свет» і іншыя — вырашылі правесці народ арганізаванай калонай да цэнтральнай гарадской плошчы Леніна.


Падчас шэсця натоўп скандаваў «Мы не дармаеды», «Дармаеды — у гарвыканкаме», «Не — дэкрэту №3», таксама было чуваць, як падтрымліваюць мітынгоўцаў кіроўцы аўтамабіляў, што праязджалі міма.


На плошчы Леніна арганізатары акцыі занялі месца на трыбуне помніка Леніну. Узяць слова, выказаць свае думкі і быць пачутым меў права кожны жадаючы.

Людзі выходзілі на пастамент і распавядалі пра свае сітуацыі і праблемы, пра тое, чаму выйшлі сёння на акцыю. Варта адзначыць, што сярод мітынгоўцаў было шмат людзей сталага ўзросту, якія выйшлі на акцыю, каб адстойваць правы сваіх дзяцей ці ўнукаў, таксама было шмат маладых людзей, якія працуюць, але не засталіся ўбаку і вырашылі падтрымаць тых, каго датычыцца дэкрэт №3.


Людзі кажуць, чаму яны выйшлі на акцыю:

Аляксей, (гамяльчук, працуе):
«Я прыйшоў, каб падтрымаць людзей, бо ў нашай краіне любы чалавек можа стаць дармаедам. Кожны сумленны беларус мусіў выйсці сёння на плошчу і паказаць, што мы супраць дэкрэта і рабскіх законаў і хочам жыць у нармалёвай краіне, а не той, у якой жывем зараз».

Алена (удзельніца мітынгу):

«І так жыць няма за што, яшчэ і гэты дэкрэт! У нас 2 дзяцей. Я з 18 год жыву ў вёсцы і трымаю жывёлу і гарод, каб пракарміцца. Але зараз мне таксама прыйшоў “ліст шчасця”, і я прыйшла сюды, каб пратэставаць супраць гэтага дэкрэта».

Максім Філіповіч (вядомы гомельскі блогер):

«Насамрэч я пачаў паказваць сітуацыю ў краіне не толькі з дэкрэта, бо гэта — усяго толькі кавалак тых несправядлівасцяў, што адбываюцца ў нашай краіне. Можа гэты і менскі маршы яшчэ не змогуць адразу змяніць сітуацыю, але яны з’яўляюцца часткай барацьбы супраць таго, што робіцца ў нашай дзяржаве.
Мае гледачы скідваюць шмат інфармацыі ў каментарах і ў асабістыя паведамленні і распавядаюць, што бязладдзе паўсюль — людзі ходзяць на прыёмы да чыноўнікаў, і тыя іх не чуюць, хаця гэта мы іх нанялі, і свае заробкі яны атрымліваюць ад нас. Таму гэтую сітуацыю і трэба выпраўляць, у тым ліку прыцягваючы ўвагу і такімі акцыямі».

Уладзімір Кацора (кіраўнік грамадска-палітычнага цэнтра ў Гомелі):

«Пасля таго, як прайшла менская акцыя, і ўлады нічога гэтаму не супрацьпаставілі, то мы зразумелі, што прыкладна столькі людзей будзе і ў Гомелі. Мы рыхтаваліся, быў мегафон і лозунгі, якія павялі народ наперад.
Не было пэўнасці, што мы дойдзем да плошчы Леніна, але мы бачым, што ўлада разгубленая і не ведае, што рабіць і супрацьпаставіць народнаму абурэнню. Ці будзе адменены дэкрэт, пакуль сказаць складана, бо ва ўлады будзе праблема — што рабіць з тымі людзьмі, а гэта ўжо каля 50 тысяч чалавек, якія аплацілі падатак. Таму лічу, што яны ціхенька яго адменяць, а тыя, хто аплацілі, — тыя аплацілі.
Калі людзей будуць штрафаваць і выцягваць у суды, то пакуль улада разгубленая, то актыўная частка грамадства будзе выходзіць і на Дзень Волі і 1 траўня. Таму лічу, што падобныя працэсы будуць праходзіць і далей».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: