«На месца Tut.by прыйдуць не «Свабода» і «Наша Ніва», а расійскія СМІ», — Золатава

Галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава распавяла Радыё Свабода пра тое, чым варта заняцца дзяржаўным медыя, чаму на партале мала беларускамоўных публікацый і як «справа БелТА» шакавала ўсіх.

Галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава

— 12 лютага суд пачне разглядаць вашую справу. Вы фігурантка «справы БелТА». Як вы рыхтуецеся да суду?

— Я пачытала матэрыялы справы. Заканспэктавала нешта, адзначыла, якія ў мяне ўзніклі пытанні. Сустракалася з адвакатам.

— На прысуд прыйдзеце з рэчамі?

— Не (смяецца). Пайду без рэчаў. У ІЧУ я была без рэчаў. Калі што, ведаю, як пратрымацца без рэчаў пару сутак. Не хочацца так адразу вырашаць свой лёс такім чынам.

«Мы можам пісаць па-руску, але гэта не дае падставаў лічыць нас прарасійскімі»

— Нядаўна ў «Клюбе рэдактараў» згадвалі, што Tut.by быў агрэгатарам і не меў уласнай інфармацыі. Але не сказалі пра тое, што фактычна ў нас на вачах з агрэгатара ён развіўся ў найбуйнейшы партал краіны. Якія рашэнні на гэтым шляху былі ключавымі?

— Сапраўды, калісьці, вельмі даўно мы былі навінавым агрэгатарам. Але такіх агрэгатараў было шмат. Годзе ў 2009-м мы зразумелі, што агрэгатар — гэта шлях у нікуды. Дакладней, увогуле не шлях. Гэта кропка, і ты не можаш далей развівацца. Мы зразумелі, што трэба адыходзіць ад фармату агрэгатара, каб самім адказваць за кантэнт, які ў нас з’яўляецца. Таму мы вырашылі развіваць уласную рэдакцыю, ствараць уласны кантэнт у розных кірунках. У нас шмат розных сервісаў, пачынаючы ад такіх, як «Грошы», «Улада», «Лэдзі», і заканчваючы «42» (навіны IT) і спортам.

Мы проста не спыняліся, развіваліся далей. У нейкі час можна сказаць, што на нашае развіццё паўплывала развіццё і канкурэнтаў.

 

 — А хто вас тады пхаў у спіну?

— У розны час розныя рэсурсы.

— Сярод іх былі дзяржаўныя на нейкіх этапах?

— Пра дзяржаўныя можна казаць хіба ў сувязі з асвятленнем нейкіх тэмаў. Нельга сказаць, што дзяржаўныя могуць для нас быць арыенцірам. Але калі ты бачыш, што нейкую тэму добра зрабілі дзяржаўныя медыя, то ты на гэта звяртаеш увагу. І для цябе гэта штуршок.

Напрыклад, учора аказалася, што СБ на 7 хвілін раней за нас паведаміла пра замінаванне касаў «Белавія». І я кажу: «Оба-на, як гэта?!»

— Колькі хвілін спазнення пры публікацыі такіх навінаў вы сабе даруеце?

— Я не магу сказаць, што мы даруем ці не даруем. Проста ты на такія выпадкі звяртаеш увагу і думаеш, што трэба нешта рабіць.

— Пры канцы студзеня BuzzFeed і Huffington Post звальнялі журналістаў дзясяткамі. Агулам колькасць журналістаў, якія страцілі і яшчэ будуць страчваць працу, можа дасягаць некалькіх тысяч. Мяркуецца, гэта адбылося таму, што кантэнт СМІ быў арыентаваны на сацыяльныя сеткі, а пры змене алгарытму фэйсбука яны імкліва страчвалі прыбыткі. Як Tut.by захаваў кантроль над аўдыторыяй і выйграе барацьбу за яе з сацсеткамі?

— Класна, што ў нас вельмі вялікая ядравая аўдыторыя. У людзей ёсць звычка пачынаць свой дзень з Tut.by, і добра, што яна ў іх захавалася разам са звычкай глядзець сваю фрэндстужку ў фэйсбуку ці VK.

— Думаю, што гэта сукупнасць фактараў: у нас ёсць навінавая карціна дня і іншыя сервісы — курсы валют, надвор’е і гэтак далей.

Калі казаць пра лічбы, то цяпер у нас з галоўнай старонкі на навіны заходзіць 18–20%. З тэлефонаў — 15%. Астатнія наведванні — рэцыркуляцыя па ўнутраных рэсурсах: чалавек зайшоў на навіну і далей бачыць розныя «абвесы» — карцінкі, навіны. Гэта 25–30%. Ідзе ўпартая праца нашых «продактаў» (прадукт-менеджэраў. — РС), якія сочаць, як аптымізаваць гэты трафік, як зрабіць так, каб людзі чыталі болей і заставаліся даўжэй.

Галоўныя старонкі даўно перасталі быць асноўнай крыніцай трафіку. Таму трэба рабіць так, каб калі чалавек трапіў на старонку навіны, то як мага больш пераходзіў на іншыя старонкі.

Але я думаю, што не толькі мы так робім.

 

 — А гэтая звычка «ранішняя кава + Tut.by» калі стала ў людзей выпрацоўвацца? Калі проста ніхто не прапаноўваў прадукт, дзе было б усё адразу?

— Думаю, што так. Я ўдзячная Юрыю Зісеру за тое, што ён стварыў Tut.by менавіта ў той час і ў такім выглядзе. Спачатку было вельмі важна зрабіць нацыянальную паштовую скрынку. У той час быў Yahoo, Mail.ru, Open.by. І калі з’явіўся Tut.by, для многіх было вельмі важна, каб паштовая скрыня была на нацыянальным дамэне. Тады, канечне, пошта была самым папулярным сэрвісам.

Мы праводзілі апытанне і вывучалі гэтую тэму. З часам атрымалася, што навіны сталі найбольш папулярным сэрвісам на партале. І людзі заходзілі на Tut.by ужо не дзеля пошты, а дзеля навінаў. А з навінамі атрымалася так, што нават калі мы былі агрэгатарам, мы не транслявалі інтарэсы адной часткі грамадства, а давалі шмат розных поглядаў. Плюралізм і магчымасць убачыць розныя бакі — гэта было і застаецца нашым моцным бокам.

— Як часта да вас звяртаюцца «зверху» і просяць прыбраць матэрыял? Ці намякаюць, што лепш бы прыбраць?

— Думаю, што раней было часцей. Цяпер ужо не магу прыгадаць, калі гэта было. У гэтым плане, можа, дзве рэчы магу прыгадаць. Гэта сустрэча з Ананіч напрыканцы 2014 года, у якой удзельнічалі рэдактары ўсіх СМІ. І быў досыць цяжкі перыяд напрыканцы 2010 году і ў 2011-м. Тады гэты ціск адчуваўся. Са мной дакладна не было ніякіх размоваў, але думаю, што з кіраўніцтвам былі размовы, пагрозы.

— Але як часта звяртаюцца? Раз на тыдзень? Штодня? Раз на паўгода?

— Апошнія гады гэтага зусім няма. У нас былі напружаныя адносіны з рознымі дзяржаўнымі структурамі. Але яны не дыктавалі нам, што трэба ці не трэба рабіць. Увогуле ў апошнія гады ў нас якраз з урадам, парламентам канструктыўнае супрацоўніцтва ўсталявалася.

Ёсць праблемы з доступам да інфармацыі з сілавых структур. Пра прэс-службу прэзідэнта ўвогуле цяжка казаць, бо кантакты зведзеныя да мінімуму, на жаль. Але казаць пра ціск не магу. Мы працуем у розных умовах, калі казаць пра тую самую БелТА, СБ, калі ідзе гаворка пра атрыманне інфармацыі пра дзейнасць кіраўніка дзяржавы, нейкія гарачыя каментары. Тое самае датычыць і некаторых сілавых структур.

 

 — Ёсць такія тэмы ці асобы, публікацыя пра якіх для вас адразу «чырвоны сцяжок» — маўляў, будуць праблемы?

— Найбольш праблем у нас было з асвятленнем дзейнасці праваахоўных органаў. Да нас перыядычна звяртаюцца людзі, якія хочуць прыцягнуць увагу да, на іх погляд, неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. І калі мы спрабуем атрымаць каментар у міліцыі на гэтую тэму, — як правіла, нічога не атрымліваем.

Па дзяржаўных медыя, па выступах, у тым ліку і міністра, відаць, што ён лічыць, што такія паводзіны — нашы ці нават недзяржаўных медыя ўвогуле — скіраваныя менавіта на тое, каб прынізіць статус міліцыі. Але ў нас дакладна ніколі не было такіх памкненняў. Калі да нас звяртаюцца са скаргай, калі ёсць інцыдэнт, яго трэба асвятляць. Але той бок лічыць, што гэта мэтанакіраваная дзейнасць па ачарненні іміджу.

Што да іншых тэмаў, то, у прынцыпе, ёсць разуменне, што тое, што датычыць кіраўніка дзяржавы — гэта інфармацыя, да якой трэба вельмі асцярожна падыходзіць. І тут тая самая праблема, што ты амаль ніколі не можаш разлічваць на каментар.

— Прафесар Краўцэвіч у сваім блогу на Радыё Свабода казаў літаральна наступнае: «Дзейнасць Tut.by цягне нас пад Расію мацней за Лукашэнку, бо цягне ў нябыт культуру майго народу». Наколькі Tut.by беларусацэнтрычны?

— Для нас гэта самае галоўнае. Мы партал пра Беларусь і для беларусаў. Для нас на першым месцы — навіны, якія датычаць нашай краіны. У нас ёсць рэгіянальныя карэспандэнты, якія засяроджваюць увагу на сваім горадзе, вобласці. Мы асвятляем і міжнародны парадак дня, але значна меней, чым тое, што адбываецца ў нашай краіне.

Я разумею, што закіды звязаныя з тым, што ў нас абсалютная большасць матэрыялаў на рускай мове. Але я ўжо неаднойчы тлумачыла, чаму так атрымліваецца. Сапраўды, большасць беларусаў размаўляе па-руску. Мы прапаноўваем ім інфармацыю на той мове, на якой яны размаўляюць. У некаторых выпадках у нас ёсць матэрыялы на беларускай мове. Іх мала. У некаторых выпадках мы робім і рускую, і беларускую версіі для артыкулаў. Лічбы паказваюць, што матэрыялы на беларускай мове чытаюць у дзесяць разоў меней, чым па-руску.

Затое мы пішам па-руску пра тэмы, якія важныя для беларусаў. Напрыклад, пра Курапаты шмат пісалі, але мала хто згадваў, што адбывалася з Курапатамі з таго часу, як Пазьняк апублікаваў свой артыкул. А было расследаванне цэлае, і ніхто пра гэта не пісаў. Нам было важна патлумачыць, што там насамрэч знайшлі. Што контраргументы наконт таго, што расстрэлы маглі адбывацца ў Другую ўсясветную вайну, не маюць пад сабой ніякіх падставаў.

Мы можам пісаць па-руску, але гэта не дае падставаў лічыць нас прарасійскімі. Мы пішам пра важныя для беларусаў рэчы.

Што да выкарыстання беларускай мовы, то ў нас ёсць прынцыповая пазіцыя, што калі з намі эксперт размаўляе па-беларуску, ён у тэксце застаецца па-беларуску.

 

 Для нас важней пашырыць кола людзей, для якіх нацыянальны парадак дня мае значэнне. У нас больш шанцаў зрабіць гэтае кола большым, калі мы даводзім інфармацыю да людзей на той мове, на якой яны прывыклі яе спажываць.

Гэтыя абвінавачанні чытаць непрыемна. Здаецца, мы не заслужылі, каб людзі ставіліся да нас так ваяўніча.

— Як вы падтрымліваеце баланс паміж беларусацэнтрычным кантэнтам і інтарэсамі аўдыторыі, якія часта сфармаваныя расійскімі СМІ? Яны хочуць чытаць пра расійскіх зорак, пра расійскіх палітыкаў?

— Беларускія навіны людзей цікавяць значна больш.

Але зоркі — так, гэта проста шок нейкі. Я дагэтуль памятаю, што адна з самых папулярных навін летась была пра тое, што Святлана Лабада трапіла ў лякарню. Але і Ксюша Сітнік таксама ёсць у топ-20 за той год. Так што свае зоркі таксама людзей цікавяць.

Вядома, часам узнікае гэтае пытанне: навіна гэта для Беларусі ці не навіна. Але баланс захоўваем дзякуючы таму, што ёсць рубрыкі для аўдыторыі з рознымі інтарэсамі.

— Пра каго лепш чытаюць навіны: пра Пуціна ці пра Лукашэнку?

— Лепш за ўсё пра Лукашэнку з Пуціным (смяецца). Але папраўдзе пра Лукашэнку. Навіна аб прадпрыемствах учора набрала больш за 350 тысяч праглядаў.

Я не згодная, што расійскі парадак дня можа быць цікавейшым за беларускі. У нас аўдыторыя не супадае з тэлеаўдыторыяй.

Мне здаецца, што зоркі — гэта, бадай, адзіная расійская тэма, якая хвалюе людзей больш за беларускія рэаліі. Калі ўзяць расійскую палітыку, эканоміку, грамадства, то гэта не так цікава, як беларускія. Хоць і ў нас з’явіліся Макс Корж, Ціма Беларускіх, IOWA.

— Пра сыход каго з журналістаў Tut.by вы шкадуеце?

— Цяжка адказаць на гэтае пытанне. Прозвішчы называць не хачу. Пра сыход некаторых журналістаў я шкадую.

— Сур’ёзныя праблемы ў Tut.by і ў вас асабіста пачаліся ж не са «справай БелТА». Ужо даўно ходзіць інфармацыя пра тое, што ў пэўных колаў ёсць жаданне Золатаву зняць з пасады галоўнага рэдактара Tut.by. Чаму менавіта вы выклікаеце такое раздражненне? Ці згодныя з версіяй, што ўся «справа БелТА» была створаная «пад вас»?

— Я думаю, што справа закручаная канкрэтна супраць Tut.by. А чаму Золатава? Бо Золатава — канкрэтны рэдактар. Наўрад ці гэта асабістае стаўленне да мяне. Не думаю, што людзі дакладна ведаюць маю пазіцыю ў розных пытаннях.

Я лічу, што ва ўладзе, у сілавых ведамствах людзі думаюць, што калі ёсць галоўны рэдактар, то ён, як прэзідэнт, ад яго ўсё залежыць. Насамрэч жа гэта не так. У нас дэмакратыя, мы абмяркоўваем розныя пытанні разам і рашэнні прымаем калегіяльна. Але ва ўладзе думаюць па-іншаму.

А тут сітуацыя такая, што, калі не Золатава — Tut.by застаецца такім жа і без Золатавай. Нічога не зменіцца, бо ў нас аднолькавае ўяўленне пра тое, як павінна быць арганізаваная нашая праца, якім павінен быць Tut.by.

У Tut.by за суткі больш як мільён толькі наведнікаў, а праглядаў яшчэ больш. І гэта лічба вельмі сур’ёзная. У той самай БелТА ці СБ паказнікі значна ніжэйшыя. Гэта разумее, вядома, і ўлада, і дзяржаўныя медыя гэта разумеюць. Таму непадкантрольны Tut.by выклікае раздражненне.

— Пасля «справы БелТА» як памянялася вашае стаўленне да журналісцкай супольнасці, да людзей вакол вас?

— Дакладна яно стала цяплейшым да сваіх калег унутры рэдакцыі. Ты разумееш, што мы адно цэлае, бо мы разам, ёсць падтрымка. Сапраўды гэта каманда, хоць, можа, гэта і пафасна гучыць.

Дагэтуль ты не думаў пра гэта так. Ці значна меней думаў пра нашу еднасць. А цяпер я дакладна гэта зразумела і адчуваю гэта ўвесь час.

Шмат дала падтрымка супольнасці ўвогуле. І журналісцкай, і грамадскай. Я ледзь не расплакалася, калі вывучала матэрыялы справы і пабачыла зварот да Акуловіч (Ірына Акуловіч, галоўная рэдактарка БелТА. — РС) і пад ім 715 подпісаў рэальных людзей з імёнамі і адрасамі. Яны звярнуліся да яе, каб яна ці прыпыніла справу, ці адклікала сваю заяву. І гэта было вельмі кранальна.

Справа БелТА была для нас вялікім шокам. І гэта падзея з такім вялікім знакам мінус, што цяжка ацаніць, як гэта ўвогуле паўплывае на наш далейшы стан, лёс. Але калі можна казаць пра нейкія плюсы, то адчуванне еднасці і падтрымкі — гэта і было плюсам.

Што да дзяржаўных медыя, то не было чаканняў, што будзе аб’ектыўнае асвятленне падзей ці хоць бы ігнараванне. Калі ў СБ друкавалася аператыўнае відэа (затрымання журналістаў Tut.by. — РС) і меркаванні кшталту «черного кобеля не отмоешь добела», то ты не ставішся да гэтага сур’ёзна, бо гэта было і раней. Шоку не было, бо прыблізна такога ты і чакаў.

Таму сказаць, што неяк змянілася стаўленне, нельга. Але калі казаць пра медыйную супольнасць увогуле, то і раней журналісты дзяржаўных і недзяржаўных медыя не вельмі сябравалі адзін з адным. Але чалавечыя адносіны былі, людзі разам вучыліся, прыязніліся. Але пасля «справы БелТА», думаю, у цэлым гэтая сітуацыя абвастрылася.

Паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі медыя «справа БелТА» ўзвяла сцяну.

— «Справа БелТА» мела проста трагічныя наступствы. Памёр заснавальнік БелаПАНа Алесь Ліпай. БелаПАНу і «Навінам» трэба было пачынаць працаваць у новых умовах. Для Tut.by гэта турбулентнасць у рэдакцыі і магчымая страта вамі пасады. Калі вы адмаўляеце, што гэта супраць вас накіравана, — можа, вас выбралі такой «ахвярнай казой»? І гэта сігнал: калі вы будзеце такім рэдактарам, паглядзіце, што з вамі будзе?

— Безумоўна, гэта такі сігнал. Гэта не спроба, а нам ясна паказваюць, хто тут гаспадар, хто прымае рашэнні. Я іншага не бачу. Здаецца, гэта відавочна.

— Ці стаялі вы перад выбарам: альбо вы застаяцеся галоўным рэдактарам, альбо Tut.by працягвае працу?

— Не, такога не было. У мяне дакладна. Дакладна нашае кіраўніцтва атрымлівала сігналы кшталту «памяняйце галоўнага рэдактара», але каб быў ультыматум кшталту «Выбірайце: ці Золатава, ці Tut.by», — мне пра гэта не вядома.

— Звонку выглядае, што салідарнасць уладальнікаў Tut.by з вамі абыходзіцца ім занадта дорага. Вы гатовыя да таго, што ў пэўны момант яны самі прымуць рашэнне хаця б у інтарэсах захавання ўсяго СМІ памяняць галоўнага рэдактара?

— Яны б такое рашэнне ўжо прынялі раней. Бо складаныя моманты былі да «справы БелТА». А паколькі такога рашэння не было, то магу толькі чарговы раз выказаць ім сваю павагу і ўдзячнасць.

— У красавіку 2015-га Лукашэнка кажа, што Tut.by і Зісер паводзяць сябе «непорядочно». Гэта быў год выбараў. «Справа БелТА» таксама прыпадае на ўмоўна перадвыбарчы перыяд. Вы бачыце ў гэтых наездах супадзенні з выбарчым календаром?

— Хутчэй не з выбарчым календаром, але са статусам медыя. Летась змянілі кіраўнікоў галоўных дзяржаўных медыя: Белтэлерадыёкампанія, «Беларусь сегодня», Акуловіч тая ж прыйшла.

— Заадно вырашылі і вас памяняць?

— (Смяецца.) Рэч у тым, што перад дзяржаўнымі медыя відавочна стаіць задача быць галоўнымі, вызначаць парадак дня, быць уплывовымі. А Tut.by, калі ёсць да яго нагода неяк прычапіцца, — давайце, гэта ж вельмі зручна.

— Прыбіраем канкурэнтаў?

— Не тое што прыбіраем, але калі ёсць магчымасць зрабіць яго слабейшым, то давайце гэта зробім. Але гэта я разважаю. Нікога не хачу абвінавачваць у нечым.

— Сайт Foreign policy напісаў, што «справа БелТА» адкідае назад стасункі Беларусі з Захадам. Вы думаеце, што людзей, якія гэта задумалі, хвалюе такі глабальны парадак дня?

— Яны пра гэта не думаюць. Ёсць людзі, якія адказваюць за ўзаемаадносіны з Захадам — наўрад ці яны ведалі, што «справа БелТА» рыхтуецца. А тыя, хто рыхтаваў гэтую справу, ім зусім не былі цікавыя стасункі з Захадам і розныя іншыя стасункі.

Для мяне ў гэтай справе больш важна, што калі будзе слабейшым Tut.by, то месца Tut.by зоймуць не дзяржаўныя медыя і не Радыё Свабода з «Нашай Нівай». Тут вельмі класна працуюць расійскія каналы, сацыяльныя сеткі, тэлевізія, інтэрнэт-рэсурсы. Той самы «Спутник» становіцца ўсё больш папулярным.

Гэта, мне здаецца, значна больш небяспечна для краіны, чым чарговае непрацяглае пагаршэнне стасункаў з Захадам. Мне здаецца, гэта настолькі відавочна. І дзіўна, што гэтага не разумеюць тыя самыя ўлады.

— Ці варта супрацьстаяць «русскому миру» ў Беларусі?

— Калі ставіць канкрэтныя пытанні, напрыклад, ці варта забараняць расійскія каналы, то я скажу: «Не, не варта». Бо калі мы за дэмакратыю і свабоду слова, то што за метады такія?

Тады мы павінны нешта супрацьпастаўляць гэтаму расійскаму ўплыву. А, на жаль, не атрымліваецца. І тут, безумоўна, дзяржаўныя медыя маглі б значна лепш працаваць. Цяжка не пагадзіцца з кіраўніком дзяржавы, бо ўкладаюцца такія рэсурсы, а ў нас па-ранейшаму расійскія тэлеканалы больш папулярныя, чым беларускія. Ці на гібрыдных каналах АНТ, СТВ, НТВ, хоць яны сцвярджаюць, што ў іх беларускай інфармацыі нашмат больш за 30%, па-ранейшаму ёсць расійскі кантэнт, і ён значна больш папулярны. Я кажу не пра навіны, а пра серыялы, ток-шоў і іншае.

— Як, вы думаеце, кіраўнік дзяржавы ставіцца да «справы БелТА» і да таго, што вашу справу перадалі ў суд? Вы ж з ім сустракаліся, сядзелі за адным сталом.

— Тут залежыць ад таго, якая яму інфармацыя даводзіцца.

— Ён Tut.by не чытае?

— Ён чытае тое, што яму прыносяць. І ўсё залежыць ад таго, хто прыносіць. Я не ведаю. Думаю, што дакладна яго праінфармавалі па гэтым пытанні. Але якая інфармацыя даводзілася і кім, я не ведаю. Калі быў востры перыяд і мы былі ў ІЧУ два дні, быў нейкі ўплыў, відаць, які паспрыяў таму, што нас хутка вызвалілі. Хоць па нашым артыкуле нас не маглі трымаць больш за трое сутак. Але нас вызвалілі раней. А далей... Усе змены ў дзяржаўнай ідэалагічнай камандзе... трывожныя.

 

«Справа БелТА». Што важна ведаць

Што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Следчага камітэту прыйшлі з ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.

 

Следчыя падчас вобшуку ў офісе Tut.by

 Следчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).

7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасля допыту. Пазней следчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.

Ператрусы таксама прайшлі ў офісах Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».

У лістападзе абвінавачаным выставілі сумы для кампэнсацыі ад 3000 да 17 000 рублёў.

Галоўнай рэдактарцы Tut.by Марыне Золатавай выставілі абвінавачанне ў бяздзейнасці адказнай асобы (ч.2 арт. 425 КК — да 5 гадоў зняволення і забарона займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю).

Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Пад крымінальным пераследам застаўся толькі адзін фігурант — Марына Золатава.

www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!