На мяжы з Літвой затрымалі жыхара Віцебска, якога вінавацяць у абразе Балабы


Каля дзяржаўнай мяжы з Літвой сілавікі затрымалі 36-гадовага жыхара Віцебска Вадзіма Ермаловіча. У дачыненні да віцябляніна міліцыянты завялі крымінальную справу паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Вадзім Ермаловіч у Telegram-чаце «Vitebsk_Юг» нібыта абразіў камандзіра мінскага АМАПа Дзмітрыя Балабу. Мужчына знаходзіўся на падпісцы аб нявыездзе, паведамляе «Віцебская Вясна».

Паводле следчых, Вадзім Ермаловіч размясціў каментар, «рэалізуючы намер на абразу прадстаўніка ўлады — камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама палкоўніка міліцыі Балабы, з мэтай прынізіць яго гонар і годнасць у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, кіруючыся нізкімі намерамі, якія выявіліся ў жаданні паказаць Балабу ў зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці, з выкарыстаннем неўстаноўленай электроннай прылады з доступам у Інтэрнэт».

У выніку на жыхара Віцебска завялі крымінальную справу. Вадзіма Ермаловіча арыштавалі, а ў яго доме зладзілі ператрус, падчас якога канфіскавалі камп'ютар, ноўтбук, нэтбук, флэшкі, мабільны тэлефон, а таксама грошы. Аднак праз 72 гадзіны пасля затрымання мужчыну вызвалілі з ізалятара пад падпіску аб нявыездзе.

14 красавіка Вадзіма Ермаловіча затрымалі непадалёку ад мяжы Беларусі з Літоўскай Рэспублікай. Цяпер віцяблянін за кратамі ў віцебскім СІЗА-2.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: