На Паліенку ў калоніі начапілі «жоўтую бірку экстрэміста»

Сацыяльны актывіст Зміцер Паліенка, які адбывае пакаранне ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2, даслаў ліст аднаму са сваіх сяброў, у якім распавёў, што на яго начапілі жоўтую «бірку экстрэміста».

Зміцер Паліенка 

Палітзняволены Зміцер Паліенка распавёў у лісце пра свой быт у бабруйскай калоніі.

Сябар, які атрымаў ліст, пажадаў не называць сваё імя.

«Умовы тут нармальныя. Як кажуць: жыць можна. Спадзяюся, больш нікуды пераводзіць не будуць. У мяне ўсё добра. Ужо працую. Вырабляем рабочыя пальчаткі. Нядаўна паставілі на ўлік як экстрэміста. Зараз хаджу з жоўтай біркай», — піша Зміцер.



Ліст Змітра Паліенкі

Ці азначае такая бірка асаблівае стаўленне з боку адміністрацыі да палітзняволенага?

«Мы шмат з кім перапісваемся, і да нас асабіста нічога не даходзіць. І мы зрабілі высновы, што, напэўна, нейкая карэспандэнцыя, у тым ліку ад нас, не даходзіць. Гэта можа сведчыць пра нейкае асаблівае стаўленне да чалавека, калі ёсць такая практыка чапляння бірак», мяркуе грамадскі актывіст Вячаслаў Касінераў, які пакуль не дачакаўся лістоў ад Змітра Паліенкі, нягледзячы на тое, што сам яму пісаў.

Вячаслаў Касінераў называе такі выпадак чапляння бірак «цемрашальскім»:

«Гэта нешта накшталт канцлагеру Асвенцым, калі людзям сексуальных меншасцяў альбо габрэям вешалі цэтлікі на вопратку. І тут чалавек, які сядзіць за свае погляды, не звязаны ні з якімі сапраўднымі злачынствамі, на яго навесілі цэтлік».

На думку Касінерава, пазбаўленне зняволенага карэспандэнцыі можна ацэньваць як ціск: «Магчыма, гэта першы з такіх ціскаў. Хацелася б верыць, што большага яны сабе не дазваляюць».

Цяпер паплечнікі Змітра Паліенкі прыкладаюць намаганні, каб да яго патрапіў адвакат і здабыў там на месцы інфармацыю. Сябры пераводзяць на рахунак Змітра грошы і высылаюць пасылкі, але не ведаюць, ці даходзяць яны да адрасата.

belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: