На палітвязня Дзмітрыя Кубарава завялі яшчэ адну крымінальную справу

Супраць палітвязня Дзмітрыя Кубарава, асуджанага да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, завялі новую крымінальную справу, паведамляе Вясна.

Па словах следчага, Кубараву "забыліся прад'явіць абвінавачванне" па ч. 2 арт.295-3 (дзеянні з прадметамі, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) КК. 18 чэрвеня Кубарава павінны перавесці ў СІЗА № 1 у Мінску.

25-гадовага дызайнера Дзмітрыя Кубарава жорстка затрымалі 11 жніўня і даставілі ў СІЗА КДБ, дзе ён падпісаў яўку з павіннай. На судзе Дзмітрый заявіў пра катаванні пасля затрымання. У яго кватэры прайшоў ператрус, падчас якога, акрамя іншага, канфіскавалі каністры з растваральнікам і скіпідар. Дзмітрый растлумачыў, што іх ён выкарыстоўваў для рамонту кватэры.

Кубарава абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса), а 24 сакавіка пакаралі 7 гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. На судзе Дзмітрый не прызнаў сваю віну.

«Нават за гэтай клеткай лічу сябе больш свабодным, чым многія людзі, якія сядзяць тут – у пагонах, у мундзірах і гэтак далей. Я нават не спадзяюся, што яны мяне зразумеюць. Мне застаецца толькі ганарыцца тым, што я зрабіў і тым, чаго не зрабіў. Ганарыцца тым, кім стаў і кім не стаў насуперак таму, што мне прад'яўляюць», — сказаў Дзмітрый у сваім апошнім слове.

24 сакавіка палітвязень быў асуджаны на 7 гадоў ўзмоцненага  рэжыму па артыкуле аб масавых беспарадках. На судзе Кубараў распавёў аб тым, што пасля затрымання падвяргаўся катаванням.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: