На Пружаншчыне лебедзі трапілі ў ледзяную пастку

Трэцяга студзеня пасля марознай ночы трое паляўнічых выратавалі на возеры каля вёскі Крупа прымерзлых да лёду трох лебедзяў-шыпуноў.
ptushki.org

ptushki.org

Птушкі рэдка прымярзаюць да лёду. Але адна з такіх гісторый здарылася на Берасцейшчыне якраз пасля навагодніх святаў. І людзі не разгубіліся і выратавалі тры жыцці.

Ілля Кабанаў заўважыў у чароце на возеры нешта вялікае і белае. Абышоўшы з другога боку, убачыў, што метраў за 30 ад берага сядзіць лебедзь.

«Лёд быў не тоўсты, сантыметры два, — расказаў Ілля. — Пару палак кінуў, каб праверыць, ці не замерз лебедзь, але ён нават не адрэагаваў ніяк, не варухнуўся. А пасля за чаротам я ўбачыў яшчэ сілуэт».

Ілля звярнуўся ў грамадскую арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), дзе яму параілі пераканацца, што лебедзь сапраўды ўмёрз і не можа адысці з месца, каб не губляць час дарэмна, і калі гэта так, званіць у мясцовы орган Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. АПБ потым звязалася з паляўнічымі і даведалася пра канец гэтай гісторыі.

«Мы з сябрам, Аляксандрам Назаравым, заставаліся на возеры яшчэ дзве гадзіны, — працягвае расказваць Ілля, — паназіралі за сітуацыяй — ніякіх зрухаў. Лебедзь часам прыўздымаўся, махаў крыламі, пацягваўся. Вады пад ім не было. Знайшлі тут чалавека, Максіма Бычкова, у якога ёсць металічная лодка. Ён прывёз тую лодку, мы ўдваіх з сябрам паплылі, праламалі лёд і вызвалілі трох лебедзяў. Яны супраціўляліся — нават сёння адчуваю боль у руках: крыламі як дадуць! Мы трымалі іх за шыю і за крылы, хуценька высеклі сякеркай палонку, вызвалілі ім ногі і адпусцілі на лёд.Лебедзі пайшлі на астравок. Зараз я праходзіў каля таго возера — няма ніводнага, можа нават зляцелі. Улетку іх было 6 штук – пара і 4 птушаняці. Чаму цяпер засталася толькі пара з адным птушанём — не ведаю».

Сітуацыя, калі лебедзь можа ўмерзнуць у лёд, магчымая толькі калі вадаём быў незамерзлы, а ўночы моцны мароз хутка скаваў усю яго паверхню. Калі вы бачыце лебедзяў, якія сядзяць на лёдзе, ужо сярод зімы, калі лёд на вадаёмах утварыўся даўно, то тут не варта хвалявацца. Седзячы на лёдзе, схаваўшы лапы, лебедзі грэюць іх і эканомяць энергію.
 
Будзьце ўважлівымі пры ратаванні лебядзей: гэтыя моцныя птушкі ўдарамі крылаў могуць нават паламаць руку чалавеку. «Лепей звярнуцца да ратавальнікаў у органы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і толькі ў крайніх выпадках на лёдзе асцярожна дзейнічаць самастойна, каб самім не трапіць у ледзяную пастку», — раіць Сямён Левы, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: