На Рамазан беларускія мусульмане будуць маліцца дома, мячэці закрылі

У ноч з 23 на 24 красавіка ў мусульманаў пачаўся месяц Рамазан. Як адзначыў у інтэрв’ю «Свабодзе» з гэтай нагоду муфцій Алі Варановіч, сёлета пост надыходзіць у незвычайных умовах — на фоне пандэміі каронавірусу.


Яшчэ на пачатку красавіка духоўнае кіраўніцтва мусульман Беларусі выдала распараджэнне пра адмену пятнічных намазаў у мячэцях Мінску, Іўя, Гомеля. Забарона будзе дзейнічаць да паляпшэння эпідэміялагічнай сітуацыі.

Адрозна ад праваслаўных і каталікоў, якія на Вялікдзень не рэкамендавалі, але пры гэтым і не забаранялі наведвання храмаў, мячэці прымаць вернікаў не будуць.

«Мячэці зачынілі, але прыпыненне калектыўных малітваў не павінна адмяняць наш культ, — кажа Алі Варановіч. — Мусульманін абавязаны пакланяцца Алаху ў любых умовах. Бо нездарма той, хто не можа маліцца стоячы, павінен маліцца седзячы, а той, хто не можа маліцца седзячы, можа маліцца лежачы. Таму для мусульманіна не абавязкова маліцца ў храме. Дзе б ні заспеў яго час малітвы, ён можа пакланяцца ў любым рытуальна чыстым месцы».

Паводле муфція, Рамазан ва ўмовах самаізаляцыі мае нават свае плюсы. Гэта магчымасць не толькі пабыць разам з сям’ёй, але і задумацца пра вечнае.

«Гэты час можна правесці ў роздуме аб велічы і адзінстве Усявышняга. Да пачатку сваёй місіі прарок Мухамад шмат часу надаваў самоце. Ён аддаляўся ад свецкай мітусні ў пячоры Хіра. І асабліва шмат часу прысвячаў гэтаму ў месяц Рамазан. Менавіта ў гэты месяц яго ўпершыню наведаў анёл Джабра і перадаў першае адкрыццё ад Алаха. І ўжо вядомыя выпадкі, калі, знаходзячыся ў роздуме, людзі прыходзяць да ісламу», — падсумаваў Алі Варановіч.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: