На рэканструкцыю Чырвонага касцёла выдзелены $50 тысяч

Частка сродкаў, якія паступілі ў бягучым годзе ад рэспубліканскага суботніка (больш за 1 млрд рублёў), пералічаная на распрацоўку праекта рэканструкцыі і рэстаўрацыі будынка Чырвонага касцёла.

Пра гэта, як перадае карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны», на сустрэчы з калектывам КУП «Мінская спадчына» 30 чэрвеня паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка. Мерапрыемства прайшло ў Мінскай гарадской ратушы па выніках пятага Усебеларускага народнага сходу.

Як удакладніў дырэктар КУП «Мінская спадчына» Павел Шыкунец, гэты помнік гісторыі досыць даўно меў патрэбу ў абнаўленні: рамонту патрабуюць ўсе інжынерныя сістэмы будынка, а таксама фасад і ўнутраныя памяшканні.

Паколькі такія працы вельмі затратныя, настаяцель касцёла звярнуўся да гарадскіх уладаў з просьбай аб садзейнічанні ў правядзенні рэканструкцыі. Па словах П. Шыкунца, цяпер інстытут «Мінскграмадзянпраект» ужо распрацоўвае праектную дакументацыю.

Паводле кампаніі «Будзьма беларусамі»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!