«На самой справе мы з’яўляліся мішэнямі». Распавядаюць беларускія параненыя, што лечацца ў Польшчы

Каб дапамагчы праціўнікам рэжыму Лукашэнкі, Польшча распрацавала план салідарнасці. Пацярпелых падчас дэманстрацый прымае санаторый-бальніца «Ян Казімеж» у Душніках-Здруй, піша спецыяльны карэспандэнт Le Figaro Фасціна Венсан.


Праграма дапамогі параненым беларусам, фундаваная урадам Польшчы ў рамках шырокага плана салідарнасці з Беларуссю на суму 12,5 млн еўра была арганізавана няўрадавай праваабарончай арганізацыяй «Беларускі дом ў Варшаве», гаворыцца ў артыкуле.

«Аляксандр у футболцы з надпісам з флока “Няхай жыве Беларусь” быў адным з першых, каго прынялі ў санаторыі-бальніцы ў Душніках-Здруй. Увечары 9 жніўня, калі прыхільнік апазіцыянеркі Святланы Ціханоўскай удзельнічаў у мірных акцыях пратэсту ў Мінску супраць вынікаў выбараў, прызнаных сфальсіфікаванымі, ён атрымаў кулю ў нагу. “Да той ночы я ніколі не бачыў столькі гвалту, — распавядае ўсё яшчэ ашаломлены малады чалавек трыццаці з невялікім гадоў. — Паліцыя страляла гумовымі кулямі і светлашумавымі гранатамі, але я думаў, што гэта проста для таго, каб нас напалохаць. Калі трапілі ў мяне, я зразумеў, што на самой справе мы з’яўляліся мішэнямі”. Яго арыштавалі і даставілі ў Цэнтр ізаляцыі на Акрэсціна ў Менску, а потым перавялі ў вайсковы шпіталь, калі паліцыя выявіла пад яго нагой лужыну крыві», — паведамляе аўтар рэпартажу.

«Калі ён быў прыкаваны да ложка, яму патэлефанаваў бацька — гарачы прыхільнік Лукашэнкі, які стаў з энтузіязмам вітаць яго перавыбранне. “Мой бацька цэлымі днямі паглынае прапаганду афіцыйных СМІ, — наракае яго сын. — Мы часта спрачаемся з-за палітыкі”. Аднак на гэты раз ён яму нічога не сказаў ні пра свой удзел у дэманстрацыях, ні пра сваю шпіталізацыю. Калі бацька, нарэшце, пра ўсё даведаўся, ён ператэлефанаваў сыну і моцна абураўся. “Ён сказаў мне, што мы проста купка дурняў, якімі маніпулююць ЗША, што мы нічога не разумеем і што Лукашэнка вымушаны быў прымяніць сілу, каб трымаць краіну пад кантролем”, — уздыхае малады чалавек».


«Ганна таксама знаходзіцца ў санаторыі-бальніцы ў Душніках-Здруй, яна атрымала апёк ног трэцяй ступені, як і яе хлопец, які сядзіць у інваліднай калясцы, паколькі граната выбухнула прама ля іх ног. Маладая жанчына, захутаная ў вялікую кофту, распавядае пра тое, як яна спалохалася, калі пачула першыя гранаты, а затым пра тыя бясконцыя дні ў ізалятары на Акрэсціна. “Там так холадна. Нас запіхнулі ў камеры памерам 2 на 3 метры, хадзіць і тэлефанаваць не дазвалялі. Ніхто не казаў, у чым нас абвінавачваюць і калі нас выпусцяць”. Праз тры дні Ганну вызвалілі. Але ў яе доме правялі ператрус, на яе падалі іскавую заяву за ўдзел у незаконных дэманстрацыях. Ёй пагражае ад трох да васьмі гадоў турмы», — гаворыцца ў артыкуле.

«20-гадовага Аляксея таксама адправілі ў ізалятар, там яго гадзінамі збівалі супрацоўнікі АМАП, задзейнічаныя для падаўлення беспарадкаў. “У мяне былі гематомы па ўсім целе, — распавядае малады апазіцыянер з рукой у гіпсе. — Потым яны пырскалі на мяне нашатырным спіртам. Я прымушаў сябе не рэагаваць, але я быў у жаху».

«Сярод параненых, якія праходзілі лячэнне ў Душніках-Здруй, некаторыя спачатку думалі, што змогуць падаць скаргу, — адзначае аўтар артыкула. — У бальніцы Аляксандр настаяў на тым, каб пакінуць гумовую кулю, якая прабіла яму нагу. “Я думаў выкарыстоўваць яе як доказ для пазову супраць урада ў судзе”. Яго ўласная наіўнасць цяпер выклікае ў яго ўсмешку: “Вядома, нічога падобнага не адбудзецца, абсурдна было ў гэта верыць”».


«Наадварот, рэжым пераследуе тых, хто вырашаецца падаць скаргу. Раненне яшчэ больш пагаршае іх становішча: траўма з’яўляецца доказам і пазначае іх у якасці ворагаў. Будучы ахвярамі, яны пры гэтым становяцца падазраванымі, якіх абвінавачваюць у арганізацыі дэманстрацый. Практычна па ўсім гэтым людзям зараз ўзбуджаная крымінальная справа», — каментуе Венсан.

«Многія з пацыентаў Душнікаў-Здруй імкнуцца як мага хутчэй вярнуцца ў Беларусь, каб удзельнічаць у мірным паўстанні супраць Аляксандра Лукашэнкі, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. Аднак большасць з іх перакананыя, што калі яны вернуцца дадому, то іх зноў арыштуюць, і хочуць застацца і жыць у Польшчы. На дадзены момант іх будучыня застаецца незразумелай, хоць польскі ўрад паабяцала даць ім неабходныя візы і дапамагчы зноўку пабудаваць сваё жыццё з пачуццём уласнай годнасці», — паведамляе аўтар.

«Дапамога Польшчы беларускім апазіцыянерам не абмяжоўваецца медыцынскім абслугоўваннем. Пасля іх выздараўлення “Беларускі дом ў Варшаве” прапануе працу ўсім, ці то на мясакамбінатах, у будаўніцтве або вытворчасці адзення. Аднак пакуль ніхто не прыняў такія прапановы, — паведамляе выданне. “Яны вагаюцца, таму што большасць з іх атрымалі добрую адукацыю”», — адзначае Алесь Зарэмбюк, дырэктар грамадскай арганізацыі, якая стала сховішчам для апазіцыі.

Паводле inopressa.ru, пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: