На сцяне ў Брэсце з'явіўся міліцыянт, ён плача і думае пра Оскар пасля затрымання Ціханоўскага ў Гродне

Мяркуючы па ўсім, у Брэсце мастак натхніўся фота, якое было зроблена ў Гродне неўзабаве пасля затрымання блогера.
На сцяне ў цэнтры Брэста раніцай 4 чэрвеня брэстаўчане заўважылі свежанькі стрыт-арт, звязаны з нядаўнімі падзеямі ў Гродне. Невядомы мастак адлюстраваў міліцыянта, які сядзіць на лавачцы, плача і думае пра Оскар.

А вось фота, якое паслужыла асновай для стварэння стрыт-арта. Яно зроблена неўзабаве пасьля затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага.

Як бачым, мастак унёс некаторыя карэктывы: зняў міліцыянту маску, закрыў твар рукамі, дадаў слёзы і думкі аб галоўнай прэміі амерыканскіх кінаакадэмікаў.

Нагадаем, вечарам 29 мая ў Гродне падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку Святланы Ціханоўскай кіраўнік яе штаба — блогер Сяргей Ціханоўскі — быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Ціханоўскі ішоў сярод людзей па плошчы, калі яго за рукаў стала хапаць жанчына з крыкамі: «Сяргей, пачакайце». Яе змаглі адцясніць прыхільнікі Ціханоўскага. Сам блогер назваў яе правакатарам.

Тут жа на плошчы з'явіліся два міліцыянты, адзін з іх прадставіўся ўчастковым інспектарам. Жанчына, якая кідалася на Ціханоўскага, стала скардзіцца, што той адмовіўся адказваць на яе пытанні. Міліцыянты спрабавалі затрымаць Ціханоўскага, натоўп стаў адціскаць блогера ад іх. У нейкі момант адзін з праваахоўнікаў апынуўся на асфальце. Тут жа пачуліся міліцэйскія свісткі. Людзі сталі раіць «Сяргей, сыходзь», але Ціханоўскі спакойна адказваў, што нічога не парушае.

Пасля таго на плошчы зьявіліся амапаўцы, якія і затрымалі блогера і іншых членаў яго каманды.

На наступны дзень пасля інцыдэнту ў Гродне стала вядома, што Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Неўзабаве Святлана Ціханоўская выступіла з афіцыйнай заявай. Па словах патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, мела месца правакацыя, а пікет насіў законны і мірны характар.


У каментарах абураныя людзі пішуць, што тое, што здарылася — пастаноўка і правакацыя, а міліцыянт, які пасля інцыдэнту ляжаў не рухаючыся, — прэтэндэнт на Оскар.

Пра тое, што тое, што здарылася з Ціханоўскім — правакацыя, заявілі і іншыя патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты.


Паводле bg.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: