На Сяргея Ціханоўскага заведзена новая крымінальная справа

Па звестках праваабаронцаў «Вясны», на Сяргея Ціханоўскага заведзена яшчэ адна крымінальная справа – па артыкуле 191 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Сяргей Ціханоўскі. Фота Аляксандры Багуслаўскай для Deutsche Welle

Сяргей Ціханоўскі. Фота Аляксандры Багуслаўскай для Deutsche Welle



Артыкул 191. Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме, альбо рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, альбо рабоце Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме, камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата

Перашкода ажыццяўленню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права свабодна абіраць і быць абраным, удзельнічаць у рэферэндуме, галасаванні аб адкліканні дэпутата, весці перадвыбарчую агітацыю, агітацыю па рэферэндуму або адкліканню дэпутата, альбо перашкода свабоднай рэалізацыі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь права заканадаўчай ініцыятывы, правядзенні агітацыі за або супраць прапановы аб унясенні праекта закона ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, альбо перашкода працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуму або камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата, здзейсненае з прымяненнем гвалту, пагрозы, падману, подкупу ці іншым спосабам,

– караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Менавіта гэту справу блогер меў на увазе, калі падчас разгляду яго апеляцыйнай скаргі ў Гомельскім абласным судзе 12 чэрвеня казаў пра тое, што “на яго паскардзілася Лідзія Ярмошына”.

Падчас пасяджэння ЦВК 4 чэрвеня Лідзія Ярмошына выступіла з эмацыйнай прамовай, выказаўшы сваё стаўленне да пікетаў па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Па інфармацыі TUT.BY, Ярмошына распавяла, што падала ў Следчы камітэт заяву, у якой просіць разгледзець дзеянні блогера на пікетах па зборы подпісаў, бо пабачыла ў іх пагрозу для сябе.

"Я падрыхтавала хадайніцтва ў Следчы камітэт, дзе прашу разгледзець дзеянні спадара Ціханоўскага, ягонай ініцыятыўнай групы. Але ў дадзены момант гэта гаворыцца аб канкрэтнай асобе. Ці не ўкладваюцца яе дзеянні ў арт. 191 Крымінальнага кодэкса, у якім гаворыцца аб перашкодзе правядзенню выбараў, перашкодзе працы ЦВК, у тым ліку шляхам пагроз? Я як канкрэтная фізічная асоба, як грамадзянін і службовая асоба бачу пагрозу ў сувязі з выкананнем прафесійных абавязкаў. Прычым пагроза не проста, яна рэальная, да яе рыхтуюцца. Таму я папрасіла Следчы камітэт праверыць, даць сваю прававую ацэнку і, пры неабходнасці, натуральна прыцягнуць гэтую асобу да крымінальнай адказнасці”, – сказала тады Ярмошына.

Нагадаем, што блогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Гродне падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнту Святланы Ціханоўскай пасля інцыдэнту з міліцыянтам. Разам з Ціханоўскім і яшчэ праз некалькі дзён былі затрыманы яшчэ 9 чалавек, якім было прад’яўлена абвінавачванне ў межах ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску. Восем з іх, якім прад'яўлены абвінавачванні толькі па арт. 342 КК РБ, прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: