На смартфоны Samsung у Беларусі прыйшло абнаўленне «па патрабаванні ўрада Расіі». Што гэта?

На некаторыя смартфоны Samsung, якія афіцыйна прадаюцца ў Беларусі, прыйшло абнаўленне праграмнага забеспячэння «ў рамках выканання патрабавання ўрада Расіі». 42.tut.by высветліў у кампаніі, з чым гэта звязана.



Чытач 42.TUT.BY, які звярнуў увагу на сітуацыю, распавёў: на яго смартфон Samsung (набываўся у афіцыйнага прадаўца ў Беларусі) прыйшло абнаўленне прашыўкі, якое змяшчае абавязковыя да ўсталявання праграмы «па патрабаваннях урада Расіі».

У апісанні абнаўлення, у прыватнасці, гаворыцца: «У рамках выканання патрабавання пастановы ўрада РФ ад 18.11.2020 №1867 дададзеная загрузка абавязковых прыкладанняў», — а ніжэй дадаецца, што «некаторыя з праграм будуць усталяваныя толькі ў выпадку адкату прылады да завадскіх налад».

Што за пастанова

Пра тое, што ў Расіі вытворцаў гаджэтаў абавяжуць перадусталёўваць на прылады пэўны набор софту, было вядома і раней.

Так, у студзені 2021 года ўрад РФ зацвердзіў пералік расійскіх праграм для перадусталявання на смартфоны, кампутары і разумныя тэлевізары, якія прадаюцца ў Расіі, з 1 красавіка 2021 года. Напрыклад, для планшэтаў і смартфонаў з Android і iOS павінны перадусталёўвацца ў тым ліку «Яндэкс.Браўзер», пошукавік  «Яндэкс», «Яндэкс.Мапы», «Яндэкс.Дыск», «Пошта Mail.ru», месенджар ICQ, галасавы асістэнт «Маруся», «Навіны Mail.ru», сацсеткі «ВКонтакте» і «Аднакласнікі», MirPay (толькі Android), «Дзяржпаслугі» і іншыя.

Такое рашэнне, як заяўлялі ў Мінлічбы Расіі, «дазволіць стварыць больш збалансаваныя ўмовы для канкурэнцыі айчынных распрацовак з замежнымі сервісамі».

Што кажуць у Samsung

Растлумачыць, чаму расійскі софт можа аўтаматычна загружацца на «беларускія» смартфоны кампаніі, папрасілі прадстаўнікоў мінскага офіса Samsung. Вось што нам адказалі:

— Пры продажы прылад з абавязковымі для перадусталявання расійскім ПЗ і дадаткамі (паводле патрабавання пастановы ўрада РФ №1867 ад 18.11.2020) у іншых краінах ЕАЭС кампанія Samsung кіруецца базавым прынцыпам свабоднага ўнутранага рынку ў ЕАЭС і забароны на абмежаванне рух тавару (арт. 1, арт. 4 Дамовы аб заснаванні).

Згодна з гэтым прынцыпам, тое, што выраблена з захаваннем спецыяльных патрабаванняў адной дзяржавы, павінна быць у вольным абарачэнні на тэрыторыі ЕАЭС. Адпаведна, змены, звязаныя з перадусталяваннем расійскага ПЗ і прыкладанняў, якія адбіваюцца на прыладах, што прадаюцца на расійскім рынку, будуць таксама адбівацца на прыладах, якія пастаўляюцца ў Рэспубліку Беларусь.

Мы працягваем сачыць за ўдакладненнямі ў рэгуляванні і юрыдычнай практыкай і ў выпадку неабходнасці будзем уносіць адпаведныя змены ў нашу рэалізацыю перадусталявання.

Якія праграмы з'явіліся на смартфоне пасля абнаўлення ПЗ

Асноўны смартфон аўтара матэрыялу — «Galaxy Note20 Ultra», набыты ў фірмовай краме вытворцы ў мінскім ГЦ «Dana Mall». На гэты гаджэт таксама распаўсюдзілася абнаўленне, і мы паглядзелі, якія дадаткі на ім з'явіліся.

Такіх праграм аказалася ўсяго дзве : пошук «Яндэкса» і «Яндэкс.Браўзер». Выдаліць іх цалкам штатнымі сродкамі смартфона не атрымалася, але праграмы можна схаваць (гэта значыць, іх іконкі не будуць бачныя на працоўным стале). Зрэшты, некаторыя іншыя праграмы са спісу вышэй ўжо былі загружаныя на смартфон.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: