На сведку па справе збітага АМАПам таксіста ў Гродне таксама завялі крымінальную справу

У Гродне працягваюцца судовыя пасяджэнні па крымінальнай справе ў дачыненні да мясцовага таксіста Аляксея Лапы, якога абвінавачваюць па арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС).
Фота: TUT.BY

Фота: TUT.BY



Пацярпелыя — два супрацоўнікі АМАПа — Арцём Логіш і Дзмітрый Конан. Таксама высветлілася, што на сябра таксіста і сведку па справе — Ігара Лазавіка, які знаходзіўся ў машыне разам з Аляксеем, таксама завялі крымінальную справу па дадзеным артыкуле. Першы допыт па справе прайшоў толькі 13 лістапада, паведамляе "Вясна".

Нагадаем, 11 жніўня Аляксей разам з сябрамі прыехаў на паркоўку каля супермаркета "Алмі" на вуліцы Савецкіх памежнікаў у Гродне. Тады ў Беларусі, нагадаем, не было інтэрнэту, заказаў у таксіста асабліва не было — ён працаваў у службе таксі "Максім" на сваім аўтамабілі, — таму малады чалавек вырашыў разам з таварышамі пакатацца па горадзе.

Калі кампанія выязджала са стаянкі каля крамы, хтосьці стаў біць ззаду па машыне, злева ад аўтамабіля таксама знаходзіўся нейкі чалавек. Мужчына ўспамінаў, што на вуліцы ўжо было цёмна, разглядзець, хто стаіць побач з яго машынай, ён не мог.

Таксіст казаў, што за некалькі секунд кімсьці было зроблена прыкладна пяць удараў па машыне. У выніку Аляксей з'ехаў з паркоўкі, але машыну затрымалі сілавікі каля плошчы Дзекабрыстаў, кіроўцу і яго пасажыраў выцягнулі з аўтамабіля. Аляксей быў збіты і трапіў у шпіталь. Аперавалі гродзенца ў аддзяленні сківічна-тварнай хірургіі абласной бальніцы. У заключным дыягназе — пералом сківіцы, гаймаравых пазух, скулавай косткі, носа і шматлікія ўдары.

Аднак менавіта ў дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа. Судовыя паседжанні па гэтай справе ідуць з 5 лістапада. 24 лістапада былі апытаныя сведкі-супрацоўнікі АМАПу: камандзір роты Дзмітрый Рахунок. Яго сведчанні, паведамляюць праваабаронцы, дастаткова супярэчлівыя, на гэта звярнуў увагу суда адвакат. Таксама ён распавёў, што менавіта абвінавачанаму былі нанесеныя шматлікія траўмы, у тым ліку чэрапна-мазгавая. Усе пабоі былі зафіксаваныя. Пры гэтым таксісту рабілі аперацыю, трымаючы яго ў кайданках і ў прысутнасці канвою. Пратакол агляду пацярпелага міліцыянта Конана быў напісаны следчым Станішэўскім неразборліва. Сам жа следчы ў суд не з'явіўся. Пракурор прапанаваў адправіць дакумент назад у СК на дапрацоўку, каб можна было прачытаць, што ж у ім напісана. Суддзя прапанову падтрымаў.

Таксама былі прагледжаныя відэаматэрыялы справы. Адвакат хадайнічаў, каб суд запатрабаваў матэрыялы па адміністрацыйных справах трох пасажыраў, якія ў той вечар былі ў машыне Аляксея Лапы. Двое з іх былі таксама моцна збіты і шпіталізаваны. Суддзя задаволіў хадайніцтва.

Таксама стала вядома, што на аднаго з пасажыраў таксі — Ігара Лазавіка — яшчэ 20 кастрычніка была заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 364 КК РБ. Але першы допыт па справе адбыўся толькі 13 лістапада.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: