На што ахвяравалі грошы беларусы ў 2017

На што «скідваліся» беларусы ў мінулым годзе? Платформа talaka.by распавяла пра паспяховыя краўдфандынгавыя праекты 2017 года.


Паставім помнік Касцюшку на яго Радзіме!

 
У Беларусі дагэтуль няма ніводнага помніка Касцюшку. Ёсць толькі бюст на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Мінску і бюст у вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была сядзіба Касцюшкаў.

Тым часам, помнік Касцюшку на 200-я ўгодкі ягонай смерці адкрыўся ў швейцарскім Залатурне, дзе Касцюшка памёр. Вакол адкрыцця помніка ўзнік скандал, калі польская амбасада ў Швейцарыі стала дабівацца, каб на помніку не было ніякіх згадак пра Беларусь. У працэсе абмеркавання ў паветры прагучалі абсалютна справядлівыя папрокі — а ці годна мы шануем памяць свайго слаўнага земляка, ці ставім яму помнікі на радзіме?..

Пасля таго, як тайбаксёр Віталь Гуркоў выставіў на аўкцыён у падтрымку кампаніі свой пераможны шалік, збор сродкаў быў хутка завершаны.

Праект сабраў 22 045 рублёў, яго падтрымалі 685 чалавек.

(Не) расстраляная паэзія


Музычна-адукацыйны праект, прысвечаны памяці беларускіх дзеячоў культуры і навукі, якія былі расстраляныя ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Сэнс назвы праекту парталу TuzinFM «(Не) расстраляная паэзія» — хоць аўтары і расстраляныя, іх творчую спадчыну ліквідаваць немагчыма.

Праект сабраў 9717 рублёў. Яго падтрымалі 268 чалавек.

Канцэртная прэзентацыя праекту адбылася 29 кастрычніка. Квіткі на яе скончыліся за чатыры дні да пачатку імпрэзы.


Калядная скрыначка #коробочка2017


Дабрачынная акцыя «Калядная скрыначка» праводзіцца для дзяцей-сірот і дзяцей, пакрыўджаных бацькоўскай любоўю і цеплынёй.

Стартавала яна ў 2013 годзе, і з кожным годам яна ўсё больш набірае абароты. У мінулым годзе было сабрана 1 273 скрыначкі, а таксама 362 падарункавых пакета. Сёлета ініцыятары паставілі за мэту сабраць не менш за 1 600 скрыначак.

Праект сабраў 5370 рублёў. Яго падтрымалі 170 чалавек.


Футбольны клуб «Крумкачы»

 
Пакуль беларускі спорт датуецца дзяржавай, «Крумкачы» жывуць па законах рынку.

Адзіны прыватны клуб Вышэйшай лігі папрасіў сваіх аматараў дапамагчы выстаяць два месяцы — верасень і кастрычнік: каб вырашыць назапашаныя праблемы.

Сабраныя сродкі планавалася накіраваць на арэнду палёў і стадыёна, прысутнасць на матчах «хуткай» і пажарных, гульню дзіцячых каманд, працу трэнерскага штаба і футбалістаў.

Праект сабраў 29 740 рублёў, яго падтрымалі 533 чалавека.


Часопіс аб гендэры і сэксуальнасці — MAKEOUT


Жыццё і гісторыя ЛГБТ+ людзей у Беларусі сціраецца цэнзурай і нянавісцю. Але выйсцем можа быць MAKEOUT – часопіс аб гендэры і сэксуальнасці. Гэта 320 старонак з архіўнымі кадрамі, рэдкімі інтэрв'ю і гісторыямі рэальных людзей. Гэта жыццё ЛГБТ+ супольнасці за апошнія 20 гадоў.

Праект сабраў 9028 рублёў. Яго падтрымалі 272 чалавека.

«Коткін дом» на Падворку


Ініцыятары праекта хочуць збудаваць дом для беспрытульных жывёл, якія знаходзяцца на апецы манашкі Іааны.

У цяперашні час гэта 25 сабак і шчанюкоў і больш за 30 катоў. Забеспячэнне жывёл ажыццяўляецца толькі за кошт ахвяраванняў.

Для паляпшэння жыцця жывёл плануецца пабудаваць «коткін дом» плошчай 35 кв.м. Ён будзе складацца з двух пакояў (ізалятара для новых жывёл і асноўнага памяшкання), кухні, гарышча са складскім памяшканнем і тамбура. Прадугледжана асобная тэрыторыя для выгулу катоў, так як побач знаходзяцца вальеры для сабак. Прыкладны кошт будаўніцтва без ўнутранага аздаблення — 4500 рублёў.

Праект сабраў 4620 рублёў. Яго падтрымалі 119 чалавек.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць