На жыхара Рэчыцы склалі пратакол за фота з афіцыйнага святкавання 100-годдзя БНР у 2018-м годзе ў Мінску

Размяшчэнне фотаздымка на фоне нацыянальных сцягоў, зробленага 25 сакавіка 2018 года ля Опернага тэатра ў Мінску, рэчыцкі ўчастковы палічыў адзіночным пікетаваннем, паведамляе «Палеская вясна».

Позна ўвечары 16 траўня да жыхара Рэчыцы Аляксандра Рыбчанкова прыйшоў участковы міліцыянт лейтэнант Багдан Ніслоўскі. Ён паведаміў, што ў РАУС ажно з Міністэрства ўнутраных спраў прыйшла папера, згодна з якой у нейкі з РАУСаў Беларусі нібыта паступіў ананімны данос на Рыбчанкова за подпісам «Роман Винни-Пух». Ананім паведаміў, што знайшоў у сацсетцы «Аднакласнікі» фотаздымак у профілі Аляксандра Рыбчанкова з выявай бел-чырвона-белых сцягоў. 

На пытанні Ніслоўскага Рыбчанкоў патлумачыў, што гэтае фота было зробленае яшчэ тры гады таму на афіцыйна дазволеным мерапрыемстве, якое праходзіла ў Мінску каля Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балету 25 сакавіка 2018 года ў гонар 100-годдзя заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі. А фота на свой аватар у сацсетцы «Аднакласнікі» ён паставіў у ліпені 2018 года. Ніякага дачынення да леташніх альбо сёлетніх пратэстаў здымак не мае.

Тлумачэнні Аляксандра Рыбчанкова, запісаныя ў пратакол апытання.

Тым не менш, участковы Багдан Ніслоўскі склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, прыйшоўшы да высновы, што «26.04.2021 года гражданин Рыбченков А.В., находясь по адресу […] с целью выражения (публичного выражения) своих общественно-политических интересов, провёл одиночное пикетирование, путём  размещения фото в профиле сети "Одноклассники" с изображением флага бело-красно-белой расцветки для демонстрации гражданам, на проведение которого не было получено соответствующее разрешение Речицкого райисполкома, чем нарушил порядок пикетирования, установленный статьёй 10 Закона РБ "О массовых мероприятиях" № 114 З от 30.12.1997 г.». (мова, стылістыка і пунктуацыя аўтара пратакола захаваныя).

«Для мяне стаў нечаканасцю візіт міліцыянта, бо я не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. І гэтае фота я размясціў яшчэ ў 2018-м годзе, а не 26 красавіка 2021, як напісаў міліцыянт у пратаколе. Дату размяшчэння добра бачна пад фота ў сацсетцы. Тым не менш, аказваецца, цяпер нават запіс трохгадовай даўніны на сваёй уласнай старонцы ў сацсетцы, дзе маецца фота, на якое трапілі бел-чырвона-белыя сцягі, улады лічаць несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. Мне цяжка ўявіць, да якога яшчэ маразму могуць такім чынам дадумацца тыя, хто паўсюль шукае ворагаў», — адрэагаваў на сітуацыю Аляксандр Рыбчанкоў.

Кіраўнік рэчыцкай філіі праваабарончага цэнтра «Вясна» Валер Пуціцкі называе складанне пратакола за фота ў сацсетцы, ды яшчэ і з санкцыянаванага мерапрыемства, з аднаго боку, анекдатычным, а з іншага — паказальным, якое яскрава ілюструе цяперашні стан прававой сістэмы ў краіне, акрэслены Лукашэнкам як «не да законаў»:

«Нацыянальны сцяг для многіх беларусаў на працягу больш як стагоддзя з'яўляецца каштоўнасцю. І вінаваціць за фотаздымкі з ім у правапарушэннях — гэта нават звычайнай логіцы не паддаецца. У інтэрнэт выкладзеныя таксама выявы Лукашэнкі на фоне бел-чырвона-белага сцяга, зробленыя ў 1994-м годзе. Ён тады пад ім стаяў, нехта пазней. Гэтыя ўсе здымкі — пікетаванні? Зрэшты, артыкул 33 Канстытуцыі дае права кожнаму свабодна выказваць свае думкі і меркаванні. І, у адрозненне ад артыкула 35, пра свабоду мірных сходаў, які прадугледжвае, што парадак іх ажыццяўлення рэгулюецца законам, 33-і артыкул аніякага рэгулявання свабоды выказвання меркаванняў нейкімі ніжэйшымі за Канстытуцыю законамі не прадугледжвае», — лічыць праваабронца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: