На Гарадзеншчыне зноў афрыканская чума

Чарговая ўспышка афрыканскай чумы зафіксаваная ў вёсцы Дэмбрава Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласці. За два дні вяскоўцы вымушаны былі пакалоць усіх свіней. Праўда, гэтым разам мяса пасля праверкі ім дазволілі пакінуць для сваіх патрэбаў.



Вуліца ў Дэмбраве, на якой выявілі выпадак афрыканскае чумы


Вяскоўцы ў Дэмбраве распавядаюць, што адзін з жыхароў вёскі закалоў свінню, але калі з свежаніны сцякла кроў, то мяса нагадвала жэле. Экспертыза выявіла, што гэта — афрыканская чума.
 
 
Улады аддалі загад, каб за два дні ўсе пакалолі свіней і здалі мяса на праверку. Апроч гэтага, з людзей пабралі распіскі, што за межы вёскі мяса вывозіць не будуць. Размаўляю са спадарамі ў вёсцы Дэмбрава:
 
 
Спадар: «Учора ўжо практычна ўсіх пакалолі...»
 
 
Карэспандэнт: «Было такое патрабаванне ад уладаў?»
 
 
Спадар: «Так, загадалі сёння да абеду ўсё прыбраць».
 
 
Іншы спадар: «Ад самай раніцы ўжо тут пішчалі, зразумела, не людзі, а свінні, як іх калолі. Учора тут і вывозіць не давалі, міліцыя стаяла з усіх бакоў і ўсе машыны правяралі. І сёння ад самай раніцы ездзілі, во толькі цяпер трохі супакоіліся».
 
 

«Усё ціха, за ўчора ўсе пакалолі...»

 
 
На падворку пенсіянеры наводзяць парадак. Цікаўлюся — ці пакалолі яны свіней?
 
 
Спадарыня: «Усё ціха, за ўчора ўсе пакалолі, і ўсё...»
 
 
Карэспандэнт: «А не хаваюць людзі, як гэта яшчэ летась было?»
 
 
Спадарыня: «Ой, ужо ніхто не хавае, бо ведаюць, што ўсё роўна прыйдуць з праверкай і ці забяруць, ці яшчэ нешта. Было ж так каля Жалудка, што прыяжджалі, забіралі і потым людзі распавядалі, што каму вярнулі грошы, а каму і нічога не далі. Таму ўсе, хто як мог, так і калоў».
 
 
Пытаюся — ці не цяжка будзе жыць без свіней?
 
 
Спадар: «Мы заўсёды трымалі свіней...»
 
 
Спадарыня: «Увесь час, мы як сышліся, то ўсё жыццё трымалі, і бацькі нашы трымалі».
 
 
Спадар: «І ніхто ніякае чумы не ведаў. Было мяса сваё, сала сваё, а цяпер як будзе — ніхто не ведае. Усё купіць — пенсіі не хопіць».
 
 
Карэспандэнт: «А вам патлумачылі хоць, адкуль узялася тут афрыканская чума?»
 
 
Спадар: «Ніхто нічога не тлумачыў, сказалі, што афрыканская чума, і ўсё. А дзе тая Афрыка і чаму тут тая чума — ніхто толкам не ведае».
 
 
Спадарыня: «Гэта нам, старым, ужо не страшна. Дзеці неяк купяць таго мяса ў горадзе. А вось тут да нас хлопец прыяжджаў, што працуе на комплексе. Дык ён дваіх дзяцей вучыць у Мінску і бядуе — як быць, як іх вучыць? Бо як прыяжджаюць, то трэба ж нешта пакласці ў сумку дзіцяці...»
 
 
Яшчэ адна спадарыня заўважае, што сёлета хоць іх не пазбавілі мяса, бо летась свіней забівалі і мяса свайго ніхто не бачыў, нават кампенсацыю не ўсе атрымалі. А цяпер, маўляў, не так страшна, бо людзі ўжо да гэтага прызвычаеныя.
 
 
Спадарыня: «Ну што казаць — цяжка, вядома, будзе, бо мы ўжо прызвычаеныя мець гаспадарку. Але некалі і гэта наладзіцца. Трэба ўсё ж разумець, што жартаў з гэтым няма. Нічога, міне і гэтая бяда. Будзем жыць і будзем трымаць яшчэ свіней».
 
 

Мяса як саступка

 
 
Галоўны вэтэрынарны ўрач у Дэмбраве Юры Сола пацьвердзіў факт афрыканскае чумы ў вёсцы і кажа, што паводле ўсіх нормаў у такой сытуацыі ўсе свіньні павінны быць знішчаныя. Але людзям пайшлі на саступку і пасля праверкі мяса дазволілі выкарыстоўваць яго для сваіх патрэбаў.
 
 
Праўда, дадае, што ў вёсцы абавязкова будуць правяраць кожны падворак, каб выявіць, ці насамрэч свіней пакалолі. Паводле спадара Сола, у сезон грыбоў і ягад, калі людзі часта наведваюцца ў лес, адтуль і могуць занесці інфекцыю.
 
 
Сола: «Шляхі перадачы інфекцыі розныя: сінантропная птушка, насякомыя-крывасмокі, аэрагенным шляхам, алімэнтарным шляхам, на адзенні, на абутку і іншае. Вось пайшлі ў лес у грыбы ці ягады і могуць прынесці інфекцыю».
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: