«На Грамніцы адліга — з ураджаем будзе хвіга». Старажытны абрад правялі на Палессі

У вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёну адсвяткавалі Грамніцы, як гэта рабілі нашыя продкі стагоддзі таму назад.

 

 



Унікальнасць абраду ў тым, што ён існуе толькі ў гэтай мясцовасці. Дзякуючы высілкам мясцовага калектыву «Палескія напевы» яго праводзяць кожны год.
 

Мясцовыя жыхары і ўдзельнікі калектыву, якія захавалі даўнюю традыцыю, абышлі вёску з іконаю, грамнічнымі свечкамі ды старажытнымі песнямі, просячы ў Бога абароны ад зла ды блаславення на добрыя справы.

На абыход вёскі сабраліся амаль усе жыхары селішча. Разам яны танцавалі, вадзілі карагоды. Дзеткі насілі з сабой упрыгожаную яркімі кветкамі елку, якая сімвалізуе вясну. Лічыцца, што калі елка добра ўпрыгожаная, то вясна будзе прыемнай і цёплай.

Удзельнікі абраду распавялі, што агонь на грамнічнай свечцы – святы. Ён не дае ў гэтыя дні ўсялякай нячыстай сіле выклікаць бяду.

 
  • 20
  • 16
  • 17
  • 19
  • 15
  • 13
  • 12
  • 11
  • 10
  • 7
  • 9 (2)
  • 8
  • 9
  • 0
  • 5
  • 6
  • 7 (2)
  • 1
  • 3

Грамніцы — старажытнае паганскае свята ў гонар агню, якое з прыходам хрысціянства на беларускія землі было адаптаванае да новай рэлігіі. У выніку і да сённяшніх дзён яно спалучае як паганскія, так і хрысціянскія элементы.

Мяркуецца, што назва «Грамніцы» паходзіць ад імя паганскага бога Грамаўніка (ці Перуна) — бога веснавых навальніц і дажджоў, якія спрыялі ўраджаю. Паводле іншых тэорый, свята паходзіць ад павер’я, што ў гэты дзень Ярыла выпрабоўвае на нячыстай сіле свае стрэлы, таму з гэтага дня цалкам верагодна пачуць першыя грымоты.

У хрысціянскай традыцыі Грамніцы — гэта ўспамін ахвяравання Божага Сына Ісуса Хрыста ў святыні, якое адбылася на саракавы дзень пасля Раства. У святыні немаўля Ісуса і Ягоную сям’ю спаткаў старац Сімяон. Таму свята часта называюць «Стрэчаннем». У народзе кажуць, што на «Стрэчанне» зіма з вясною спатыкаецца.

Каталікі адзначаюць Грамніцы 2 лютага, праваслаўныя — 15-га лютага.

З Грамніцамі беларусы звязваюць мноства народных прыкметаў. Калі ў гэты дзень вялікі мароз, то снег хутка сыдзе, а лета будзе пагодным і сухім. Калі ж у гэты дзень пацяплее, то вясна будзе ранняй, але летам ураджаю не будзе («На Грамніцы адліга — з ураджаем будзе хвіга»).

Асноўны традыцыйны рытуал на Грамніцы — асвячэнне свечак у святынях. Грамнічныя свечкі запальваюць у выпадку пагрозы небяспекі, хваробы, даюць у рукі хвораму ці чалавеку, які канае, каб яны дапамаглі яму ачуняць ці спакойна перайсці ў лепшы свет.

Пасля Грамніц традыцыйна пачыналі рыхтавацца да веснавых палявых прац — мужчыны напраўлялі сохі і бароны, а жанчыны сядалі за кросны.

 belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: