
Адказ, падпісаны намеснікам начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзян Паўлам Елісеевым, вельмі кароткі і з яго вынікае, што скарга журналісткі накіраваная для разбіральніцтва ў пракуратуру Брэсцкай вобласці.
Аліна Літвінчук вельмі здзіўленая такім падыходам, бо менавіта на дзеянні згаданай пракуратуры, якая вынесла ёй папярэджанне, і была накіравана скарга.
Афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона было абвешчана намеснікам пракурора Брэсцкай вобласці Аляксандрам Точкам, які, зыходзячы з інфармацыі, змешчанай у Інтэрнэце, палічыў, што Літвінчук нібыта парушыла парадак ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці журналіста замежнага СМІ, працуючы без акрэдытацыі.
У сваёй скарзе на імя Генеральнага пракурора Аліна Літвінчук адзначыла, што лічыць папярэджанне неабгрунтаваным, незаконным і падлягаючым адмене, бо прыведзеныя факты не адпавядаюць рэчаіснасці. Акрамя таго, яна нагадала, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, як і артыкул 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (які ратыфікаваны беларускімі ўладамі), дае магчымасць кожнаму чалавеку мець права на свабоднае выказванне свайго меркавання; а таксама шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю.
На падставе гэтых высноваў Аліна Літвінчук лічыць, што вынесенае ёй пракуратурай Брэсцкай вобласці афіцыйнае папярэджанне з'яўляецца парушэннем грамадзянскіх правоў і свабодаў, а таму просіць яго адмяніць.