Нацыянальнае антыкрызіснае кіраванне звярнулася да ЗША, ЕС і Вялікабрытаніі з нагоды галадоўкі Лосіка

«Ігар Лосік павінен жыць».

Народнае антыкрызіснае кіраванне, якое ўзначальвае Павел Латушка, звярнулася да міжнароднай супольнасці з нагоды галадоўкі блогера і адміністратага тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозга» Ігара Лосіка.

— Мы звяртаемся да прадстаўнікоў ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі і просім іх выкарыстоўваць усе даступныя сродкі і ўплыў, каб не даць Ігару Лосіку загінуць,

 — распавядаецца ў звароце.

«Ігар Лосік — журналіст, блогер, заснавальнік вядомага тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу», —гаворыцца далей. — 25 чэрвеня 2020 года Ігара арыштавалі. З гэтага моманту яму прад'яўлена ўжо тры крымінальныя абвінавачванні па надуманых палітычных артыкулах.

15 снежня, адмовіўшыся мірыцца з беззаконнем, Ігар Лосік абвясціў галадоўку. На сённяшні дзень ён галадае ўжо 35 дзён. Увесь гэты час да яго не дапускаюць незалежных лекараў, праваабаронцаў, абмяжоўваюць у праве на перапіску, зносінах з адвакатамі і роднымі.

Самаадчуванне Ігара пагаршаецца з кожным днём, ёсць усе падставы меркаваць, што сітуацыя становіцца пагрозлівай для яго жыцця.

Нягледзячы на шматлікія просьбы родных, блізкіх, прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і іншых грамадзян Беларусі, Ігар адмаўляецца спыняць галадоўку. А нелегітымная ўлада, па віне якой Ігар апынуўся ў дадзенай сітуацыі, папросту яе ігнаруе.

У сувязі з гэтым, НАУ накіравала лісты ў прадстаўніцтвы ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі і звярнулася да іх з просьбай:

1) выступіць з афіцыйным зваротам да ўладаў Беларусі і рашуча асудзіць незаконнае ўтрыманне Ігара пад вартай, а таксама ўсіх палітычных зняволеных;

2) заклікаць улады перавесці Ігара ў бальніцу для аказання тэрміновай медыцынскай дапамогі і дапусціць да яго незалежных лекараў для ацэнкі стану яго здароўя, дазволіць спатканне з жонкай і блізкімі з мэтай пераканаць яго спыніць галадоўку;

3) звярнуцца са словамі падтрымкі да Ігара з просьбай спыніць галадоўку і не станавіцца ахвярай крывавага рэжыму.

Ігар Лосік павінен жыць».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: