Нацыянальная катастрофа на тле мяккай беларусізацыі

Сёлета ў першы клас пойдуць каля 115 тысяч дзяцей. Колькі з іх будуць вучыцца па-беларуску?

Фота belsat.eu


Мінулы навучальны год пабіў сумны антырэкорд па колькасці беларускамоўных першакласнікаў: упершыню ў Беларусі іх стала менш за 10%. Летась па-беларуску займаліся толькі 9,7% вучняў першых класаў.

Статыстыка сведчыць, што гэтая лічба скарачаецца штогод. Калі ў 2009 годзе беларускамоўных першаклашак было 16,7%, то ў 2014/2015 навучальным годзе — ужо 12,1%. Калі тэндэнцыя працягнецца, то праз нейкіх 10 гадоў на беларускамоўнай школе ў Беларусі можна будзе паставіць крыж.

Адсутнасць магчымасці паўнавартасна вучыцца на роднай мове — перадусім, вынік дзяржаўнай палітыкі, якую ўжо чвэрць стагоддзя мэтанакіравана праводзіць Лукашэнка. Нягледзячы на фармальную роўнасць дзвюх дзяржаўных моваў і замацаванае ў Канстытуцыі права атрымліваць адукацыю па-беларуску, з 1995 да 2006 года доля беларускамоўных школьнікаў скарацілася з больш чым 40% да 22%. Адметна, што менавіта столькі — 22% — вучняў атрымлівалі адукацыю па-беларуску ў часы СССР. Але тады ў многім сітуацыю ратавала вёска, якая і вучылася, і размаўляла на тутэйшай мове. Цяпер жа ў сельскай мясцовасці беларускамоўных школ амаль не засталося, а насельніцтва, калі не лічыць людзей сталага веку, гаворыць спрэс па-руску ці на трасянцы.

Разам з беларускамоўнымі школамі і класамі знікаюць і беларускамоўныя плыні ў ВНУ. Цяпер яны засталіся хіба што на філфаках ды гістфаках, і тое не паўсюль. Прыватныя ўстановы адукацыі таксама не спраўляюцца з цяжарам прышчаплення нацыянальных каштоўнасцяў. Ні для каго не сакрэт, што галоўны «беларускі ўніверсітэт у выгнанні» — ЕГУ — паступова робіцца ўсё больш русіфікаваным.

Новаствораны Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча, які асноўнай сваёй місіяй бачыць адукацыю на беларускай мове, толькі сёлета ў ліпені падаў у Міністэрства адукацыі дакументы на атрыманне ліцэнзіі, таму, калі ўстанова зможа прыступіць да ажыццяўлення сваёй мэты, прагназаваць складана. Яшчэ навіна: літаральна днямі палітык Аляксандр Мілінкевіч зарэгістраваў у Польшчы беларуска- і англамоўны «Вольны беларускі ўніверсітэт», але і гэта, па яго словах, не столькі ўстанова адукацыі, колькі аператар, які дапаможа еўрапейскім універсітэтам выйсці на беларускі рынак навучання.

Дый што казаць пра ўніверсітэты, калі нават на ўзроўні дзіцячых садкоў беларуская мова — праблема. Праз што толькі ні даводзіцца праходзіць бацькам, для якіх важна, каб іх малечы маглі засвойваць родную мову ад самага ранняга дзяцінства! Пісаць заявы, збіраць подпісы, шукаць аднадумцаў па ўсім горадзе, абіваць парогі чыноўніцкіх кабінетаў — і ўсё гэта пры, здавалася б, гарантаваным праве атрымліваць паслугі па-беларуску.


Аднак нават калі бацькам удаецца дамагчыся адкрыцця беларускамоўнай групы ў садку, ніхто не можа даць гарантыі, што выхавацелі будуць рабіць сваю справу якасна. Нядаўна сяброўка — маладая маці, якая аддала свайго трохгадовага сына ў падобную групу ў адным са сталічных садкоў, — распавяла, што беларускамоўным такое выхаванне можна назваць хіба што з вялікай нацяжкай.

Што праўда, існуюць яшчэ варыянты прыватных беларускамоўных садкоў, дзе да роднай мовы падыходзяць больш асэнсавана і адказна. Але ці кожная сям’я зможа штомесяц выдаткоўваць па 500 еўра на аплату садка для свайго дзіцяці? А калі дзіця не адно?

Вось і атрымліваецца, што беларускамоўная адукацыя нібыта прысутнічае на ўсіх яе ступенях і ў розных формах (нагода для чыноўнікаў казаць пра неперарыўнасць і разнастайнасць навучання па-беларуску!), але, па сутнасці, яе няма.

Цікава, што зніжэнне колькасці беларускамоўных школьнікаў адбываецца падчас піку беларускасці ў навакольным асяроддзі. Усё не спадае бум на вышыванкі, у аздабленні грамадскай прасторы працягваюць з’яўляцца арнаменты, расце колькасць беларускамоўнай рэкламы, на ўздыме папулярнасці тавары і паслугі з нацыянальным каларытам.

Але, калі задумацца, то вя­дуць рэй у гэтай справе «мяккай беларусізацыі» людзі ўзросту 30+, якія яшчэ памята­юць беларускамоўныя школы, дзяржаўны герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг. Нацыянальная свядо­масць пачала фарміравацца ў іх у тыя самыя, яшчэ не спляжаныя Лукашэнкам часы Адраджэння. А якую свядомасць фарміруе ў дзяцей сучасная школа, страшна нават уявіць. І спадзяванняў на тое, што пакаленне сённяшніх першакласнікаў зможа адбудаваць незалежнасць Беларусі на падмурку нацыянальных каштоўнасцяў, на жаль, няма.

А на якой мове вучацца вашыя дзеці?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!