«Надзявалі пакет на галаву і душылі, сілком напаілі нейкай вадкасцю з бутэлькі». Новыя сведчанні катаванняў пры затрыманні

29 ліпеня ў сябе дома быў затрыманы Юрый Марозаў. Згодна з пратаколам па арт. 24.3 КаАП, Юрый быў затрыманы «ў сувязі з падазрэннем ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах, але на тэрыторыі Партызанскага РУУС аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, адмовіўшыся выйсці з машыны». Сваю віну хлопец не прызнаў.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Справу Юрыя Марозава разгледзеў суддзя Партызанскага раёна Міхаіл Макарэвіч, паведамляюць праваабаронцы.

Паводле слоў Марозава, пры затрыманні ніхто з супрацоўнікаў міліцыі не прадставіўся і не паказаў сваё пасведчанне. Ператрус у кватэры хлопца праводзілі восем супрацоўнікаў у цывільным, частка з якіх былі ў балаклавах. Паводле слоў Юрыя:

«У кватэру ўвайшлі восем супрацоўнікаў, ніхто не паказваў пасведчанні. Мяне паставілі на калені і трымалі тварам да сцяны. Мяне перыядычна білі. Білі нагамі. Мне надзявалі пакет на галаву і душылі. Мяне сілком напаілі нейкай вадкасцю з бутэлькі. Потым у кватэры правялі ператрус у прысутнасці незнаёмых мне людзей. Былі панятыя ў балаклавах, таму я не ведаю, хто гэта. Правялі ператрус, пры гэтым ператрус — гэта калі ўсе твае рэчы раскідваюць па кватэры. Перыядычна мяне прыніжалі, лаяліся матам. Пасля гэтага мяне прымусілі нешта падпісаць. У мяне нават не было магчымасці паглядзець, што гэта, бо мяне білі. Пасля гэтага канфіскавалі частку рэчаў, якія на Акрэсціна са мной не прыехалі, таму я не ведаю, дзе іх шукаць. Потым мы прайшлі ў аўтамабіль. Увесь гэты час я знаходзіўся ў кайданках, таму фізічна не мог аказваць непадпарадкаванне. Калі камеры там ёсць, то можна паглядзець, што я не супраціўляўся. Я спакойна прайшоў у РУУС. У машыне са мной было трое супрацоўнікаў».

Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што паліў каля РУУСа, калі ўбачыў, як Марозаў штурхнуў плячом аднаго супрацоўніка ў цывільным і паспрабаваў выбегчы на праезную частку. Відэакамера на будынку РУУСа на гэтую тэрыторыю, вядома, накіраваная не была. Акрамя гэтага, сведка памыліўся і з часам «правапарушэння».

У выніку суддзя Макарэвіч пакараў Юрыя Марозава 14-сутачным арыштам, нават нягледзячы на заяву пра катаванні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: