Найбуйнейшая прафсаюзная арганізацыя прад'явіла ўльтыматум БМЗ

Міжнародны прафсаюз IndustriALL заступіўся за правы звольненых работнікаў БМЗ і запатрабаваў аднавіць іх на працы. Прафсаюз настойвае на тым, што людзі былі звольненыя незаконна.

У выпадку, калі кіраўніцтва БМЗ адмовіцца выканаць патрабаванні IndustriALL, прафсаюз мае намер звярнуцца да ключавых партнёраў завода, якія звязаны з прафсаюзам глабальнымі пагадненнямі. Гэта можа адбіцца на ланцужках паставак БМЗ.

«Спадзяёмся, нам не давядзецца звязвацца з некаторымі з вашых асноўных кліентаў, з якімі мы цесна супрацоўнічаем у рамках глабальнага пагаднення (GFAs), каб у іх ланцужках паставак выконваліся правы рабочых» — цытуе тэкст ліста «Салідарнасць».

IndustriALL — найбуйнейшая прафсаюзная арганізацыя, якая прадстаўляе 50 мільёнаў рабочых са 140 краін. Яны асудзілі парушэнне правоў чалавека на БМЗ, звальненне і пераслед Ігара Паварава, Аляксандра Баброва і Яўгена Говара.

Тым часам на БМЗ працягваюць звальняць рабочых за грамадзянскую пазіцыю. У цяперашні час «Салідарнасці» вядома пра амаль 30 металургаў, звольненых рознымі спосабамі за нязгоду з дзеючым рэжымам.

На афіцыйным сайце самога завода зварот IndustriALL, зразумела, не з’явіўся. Затое ў апошняй інфармацыі, размешчанай там, распавядаецца пра цырымонію ўзнагароджання лепшых работнікаў і падраздзяленняў. Пры гэтым сталеправалочны цэх №2 атрымаў узнагароду не за сваю прадукцыю, а «за лепшую арганізацыю інфармацыйна-ідэалагічнай працы».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: