
Асноўныя тэзісы размовы
Пра ўнікальнасць беларускага пратэсту
Цяпер адбываецца рэструктурызацыя пратэсту, гэты працэс — самы складаны. Структуры, якія да гэтага працэсу падводзілі, былі зарыентаваныя на іншае, на перамогу на выбарах. Гэтая перамога адбылася. Цяпер мы знаходзімся, па сутнасці, у рэжыме вайны. Гэта ваенныя дзеянні. І тут штаб, які займаўся выбарамі, зусім не прыдатны для працы ў такіх умовах. Таму рэструктурызацыя адбываецца дастаткова складана і не без памылак, што натуральна. Пратэст застаецца існаваць у тым жа рэжыме, як раней, без лідара. Гэта ўнікальнасць сітуацыі ў Беларусі, дзе існуюць гарызантальныя сувязі, дзе няма вертыкалі, няма ціску зверху, дзе ёсць толькі партнёрскія адносіны, і таму гэты пратэст можа быць доўгім, працягвацца столькі, колькі спатрэбіцца часу.
Пра Вадзіма Пракоп’ева
У мяне няма ніякага асуджэння. Кожны мае права дзейнічаць так, які лічыць патрэбным. Мы адзін з адным кантрактаў не падпісвалі. Калі мы кажам пра пэўную рэвалюцыйную сітуацыю, то нават у такой сітуацыі ёсць сферы, у якіх найперш важны прафесіяналізм. Калі мы кажам пра вонкавую палітыку, то не атрымаецца проста раней займацца рэстаранным бізнесам і быць знаёмым з некалькімі пасламі і некалькімі чыноўнікамі і думаць, што ты нечага зможаш у гэтай сферы дамагчыся. Так гэта не працуе, на жаль. Можа, гэта было б ідэальным, калі б кожны з нас расказваў пра свае беды еўрапейцам ці амерыканцам, а яны прымалі б рашэнні. Так не бывае. Гэта ўсё будуецца на сувязях, якія наладжваюцца гадамі, а ў асобных выпадках дзесяцігоддзямі. Гэта складаныя рэчы. Вялікая колькасць структураў, людзей, якія ў гэтым задзейнічаныя, якія могуць прымаць рашэнні, калі яны разам іх прагаворваюць і прыходзяць да агульнага.
Пра тое, чым не займаецца Беларускі свабодны тэатр
Беларускі свабодны тэатр займаецца пастаноўкамі спектакляў і тэатральнай дзейнасцю, ён дакладна не займаецца палітыкай у чыстым выглядзе. Гэтым займаемся мы з Наталляй Калядой. Наташа працавала больш за 10 гадоў на амерыканскі ўрад, пачынаючы ад вываду ядзерных узбраенняў і завяршаючы працай у амбасадзе ЗША. Яна мае ўзнагароды Дзярждэпартаменту за асабістую мужнасць. Мой бэкграўнд — праца ў журналістыцы, палітычнае кансультаванне і кантакты з многімі сусветнымі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі. Тэатр гэтым не займаецца, канечне. Так атрымалася. Я не скажу, што мы ў захапленні ад гэтай працы, што нам гэта вельмі падабаецца. Але калі ты бачыш, што ў гэты момант гэта робяць лічаныя людзі, а патрэбныя намаганні сотні чалавек, то, канечне, ты спрабуеш гэтую амбразуру закрыць. Мы працуем і каардынуемся з вялікай колькасцю людзей.
Пра «экзістэнцыяльную паразу» Лукашэнкі
Некалькі дзён таму мне давялося пазнаёміцца з вынікамі сацыялагічных даследаванняў па Беларусі. Гэта не ўдавалася зрабіць доўгі прамежак часу. Цяпер я знайшоў пацверджанне сваіх думак лічбамі, а некаторыя рэчы адкрыліся для мяне зусім з іншага боку. Тое, што сёння адбываецца ў Беларусі на вуліцах гарадоў, па ўсёй краіне, — вынік экзістэнцыяльнай паразы Аляксандра Лукашэнкі. Гэта не выпадкі і не сукупнасць выпадковасцяў. Гэта экзістэнцыяльная параза, якая павінна была адбыцца. Яна складаецца з трох фактараў, якія спрацавалі кумулятыўна, якія ўвесь працэс крышталізавалі.
Першы фактар — COVID, які падштурхнуў беларусаў усвядоміць, што ўлада не толькі не дапаможа ім у барацьбе з гэтым, але і ўсяляк хавае гэта, а значыць, што на гэтую ўладу спадзявацца нельга. Недавер да ўлады з лютага па красавік падвоіўся. Другі фактар — татальнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, якое не было звязана з пандэміяй. Гэта былі правалы Лукашэнкі ў сферы эканомікі, якія людзі адчулі на сабе. Такое было і раней, але ў перыяд са студзеня беларусы ўсвядомілі, што татальна з эканомікай усё дрэнна, і цяперашняя ўлада не ў стане даць рады. Трэці фактар — дзеянні АМАПу, кроў, збіццё.
Чаму я ведаю, што Лукашэнка сыдзе? Таму што ён не ў стане адыграць ніводную з трох пазіцый, па ніводнай нельга вярнуць станоўчую дынаміку. Яна можа толькі пагаршацца.
Пра рэйтынг Лукашэнкі
Я гаварыў з кіраўніком сацыялягічнай службы, якая праводзіла апытанне. Гэта сацыялагічная служба, якая атрымала сёлета прыз кампаніі Gallup. Паводле гэтага апытання, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі — 8,6–8,9 у калідоры 8 працэнтаў. На 15 жніўня. Ён яшчэ не бегаў з аўтаматам, яшчэ не адзяваў свайго сына ў карнавальныя касцюмы. Думаю, што было яшчэ зніжэнне, і сёння можам гаварыць пра 5–6 працэнтаў. Гэта якраз тое ўстойлівае ядро яго падтрымкі, тыя людзі, якія ездзяць на мітынгі за грошы. Па факту, гэта яго катастрофа і канец ягонай палітычнай карʼеры.