НАК патлумачыла, чаму заява СК аб тым, што дапамагаць іншым плаціць штрафы — незаконна, — хлусня

Следчы камітэт заявіў, што дапамагаць з аплатай адміністрацыйных штрафаў трэцім асобам нельга па законе. Народнае антыкрызіснае кіраванне тлумачыць, чаму гэта хлусня
Начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско заявіў, што СК не будзе залічваць штрафы, якія замест дэманстрантаў аплаціў нехта іншы. Нібыта так нельга, таму што гэта парушае прынцып індывідуальнай адказнасці. Міхаіл Кірылюк, адказны ў НАК па пытаннях юстыцыі, тлумачыць, што тут не так.

«Па-першае, дзіўна, што Следчы камітэт наогул каментуе прымяненне адміністрацыйнай адказнасці, бо СК няма ў Раздзеле 3 ПВКаАП, дзе пералічаныя органы, якія вядуць адміністрацыйны працэс. Што тычыцца артыкула 23.34, то бакамі працэсу выступаюць суд і МУС, а не СК», — кажа Міхаіл Кірылюк.

«Па-другое, гаворка ідзе аб адміністрацыйных штрафах, — падкрэслівае юрыст. — Прынцыпы адміністрацыйнага працэсу распісаны ў КаАП: тут няма ні слова аб індывідуальнай адказнасці, пра якую кажа Сяргей Паско. Гэтаму прысвечаны Артыкул 4.2. Прынцыпы адміністрацыйнай адказнасці:

"Адміністрацыйная адказнасць засноўваецца на прынцыпах законнасці, роўнасці перад законам, няўхільнасці адказнасці, вінаватай адказнасці, справядлівасці і гуманізму".

І, па-трэцяе, у Грамадзянскім кодэксе ёсць Артыкул 294: Выкананне абавязацельства трэцяй асобай:

"Выкананне абавязацельства можа быць ускладзена даўжніком на трэцюю асобу, калі з заканадаўства, умоў абавязацельства або яго сутнасці не вынiкае абавязак даўжніка выканаць абавязацельства асабіста. У гэтым выпадку крэдытор абавязаны прыняць выкананне, прапанаванае за даўжніка трэцяй асобай".

Нідзе ў заканадаўстве не прапісаны абавязак аплачваць штрафы асабіста, — тлумачыць Міхаіл Кірылюк. — Адпаведна, гэта абавязацельства можа быць выканана трэцяй асобай. І ў далейшым дзеянне па выплаце штрафу за трэцюю асобу можа разглядацца як форма дарэння (калі плацельшчык не патрабуе ў аштрафаванага вярнуць грошы) ці як форма пазыкі (напрыклад, у парушальніка ў дадзены момант няма патрэбных грошай, але ён не хоча мець даўгоў перад бюджэтам і просіць знаёмага, сваяка ці каго заўгодна пагасіць штраф, абяцаючы вярнуць сродкі ў нейкі тэрмін).

Больш за тое, хто заўгодна можа проста аплаціць штраф за іншага чалавека без яго ведама і згоды — тады дадзеныя праваадносіны паміж імі могуць разглядацца ў кантэксце Главы 50 Грамадзянскага кодэкса: дзеянні ў чужым інтарэсе без даручэння. У любым выпадку, усе гэтыя прыклады датычаць стасункаў прыватных асоб паміж сабой, і Следчы камітэт не мае права ў іх умешвацца.

Адзіная мэта гэтай заявы СК — гэта жаданне запалохаць. Ніякай прававой асновы тут няма», — рэзюмуе юрыст.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: