Крычаў: «Нам помсцяць за «Белсат»

Камунальныя раённыя службы спасылаюцца на пастанову ўраду ад 2013 году і нагадваюць, што самавольны мантаж такога абсталявання — адміністрацыйнае правапарушэнне з адпаведнай адказнасцю.
Антэна Няроўнага, якую трэба ўзаконіць

Антэна Няроўнага, якую трэба ўзаконіць


Тым часам тыя, хто мае талеркі, заяўляюць, што чыноўнікі спрабуюць абмежаваць людзей у магчымасьцях атрымання альтэрнатыўнай інфармацыі, а пастанова ўраду толькі падстава, каб апраўдаць такія дзеянні.

Прадпісанне пра неабходнасць узаконьвання талеркі атрымаў рэдактар крычаўскай незалежнай газэты «Вольны горад» Сяргей Няроўны. Зь ягоных слоў, апавяшчэнне прынесла супрацоўніца мясцовага камунальнага прадпрыемства, якая адмовілася тлумачыць, з чым зьвязаны «наступ на талеркі», і параіла звярнуцца да начальства.

Сяргей Няроўны

Сяргей Няроўны


Сам жа журналіст мяркуе, што «барацьба з талеркамі» мае палітычную афарбоўку.

«Крычаў вызначыўся тым, што тут збіралі подпісы ў падтрымку тэлеканалу «Белсат». Пра гэтую кампанію пісаў і «Вольны горад», а таксама былі публікацыі ў інтэрнэт-выданьнях. Трыста крычаўцаў падпісаліся ў падтрымку тэлеканалу», — даводзіць сваё разуменне сітуацыі Сяргей Няроўны.

«Улада ж ведала, што за ініцыятывай у падтрымку «Белсату» стаяў «Вольны горад», таму мяне не дзівіць, што я атрымаў прадпісанне першым. Таму я лічу, што такія дзеянні скіраваныя супраць тых, хто хоча мець альтэрнатыўныя погляды, — дадае журналіст. — Мною не заўважана, каб вялася сістэмная праца ўзаконьвання талерак па ўсёй Беларусі ад 2013 году: пачалі тры гады таму, а потым кінулі. У суседніх раёнах не патрабуюць узаконіць талеркі, але там і не збіралі подпісаў за «Белсат». Пастанова ўраду — толькі прыкрыццё».

У прадпрыемстве «Камунальнік» абвяргаюць закіды, што ўзаконваньне талерак звязана са збіраннем подпісаў у падтрымку тэлеканалу «Белсат».

«Гэта наша мясцовая «жоўтая прэса» распаўсюджвае такія паведамленні і размяшчае іх у інтэрнэце», — адрэагавалі на зварот журналіста Свабоды камунальнікі.

«Устаноўка талерак патрабуе ўзаконьвання. Гэтымі талеркамі парушаюцца вонкавыя фасадныя элементы, на іх аказваецца нагрузка. Акрамя таго, талеркі ж мацуюцца да фасадаў будынкаў і псуюць выгляд дамоў, — казалі ў «Камунальніку». — Таму ўладальнікам варта звярнуцца ў аддзел архітэктуры і ўзгадніць іх устаноўку. Тое ж тычыцца і кандыцыянераў».

Прадпісанне Няроўнаму

Прадпісанне Няроўнаму


На пытанне, колькім уладальнікам талерак і кандыцыянераў даслалі прадпісанні, суразмоўцы адказалі, што гэтым не займаюцца. Параілі звярнуцца ў аддзел архітэктуры Крычаўскага райвыканкаму. Там выслухалі пытанне журналіста; пачуўшы ад яго пра «Белсат», адрэагавалі фразай «Глупства» і прапанавалі звярнуцца з афіцыйным запытам на імя старшыні Крычаўскага райвыканкаму.

Сяргей Няроўны, як вынікае з прадпісання, мусіць да 1 сакавіка вырашыць пытанне з узаконьваннем усталявання талеркі. У адваротным выпадку яму пагражаюць штрафам ад 2 да 15 базавых велічыняў.

Сяргей Няроўны не збіраецца пазбягаць узаконьвання талеркі. Калі дазволу не атрымае, будзе судзіцца.

Пастанова, на якую спасылаюцца крычаўскія камунальнікі, выдадзеная ўрадам 16 траўня 2013 году пад нумарам 384 «Аб умовах і парадку ўсталявання на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў індывідуальных антэн ды іншых канструкцыяў». У ёй гаворыцца, што ўстаноўка інжынэрнага абсталяваньня — індывідуальных антэн, кандыцыянераў, канструкцыяў для сушкі бялізны — на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў будзе ажыццяўляцца толькі пасьля атрымання дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа ў адпаведнасці з праектнай дакументацыяй.

Паводле svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: