
Як сцвярджае BYPOL, у кастрычніку 2020 года на развітальнай сустрэчы з асабістым складам ГУБАЗіК Карпянкоў расказаў аб новых відах спецыяльных сродкаў, якія паступілі на ўзбраенне і маюць вялікую сілу траўмавання, якія павінны прымяняцца ў дачыненні да грамадзянаў і пра спосабы іх прымянення для наступлення смяротнага зыходу.
«Прыйшоў час, калі ні адзін супрацоўнік органаў, нават, атрымліваецца, амапавец, не павінен выходзіць на масавыя беспарадкі, не маючы з сабой агнястрэльнай зброі. Таму прыйшоў іншы час».
Карпянкоў запэўніў падначаленых, што Аляксандр Лукашэнка асабіста гарантуе беспакаранасць такога роду дзеянняў пры выкарыстанні зброі і спецсродкаў: «Кіраўніком дзяржавы мы прыкрытыя з усіх бакоў у плане прымянення зброі».
Акрамя таго, у запісе чуваць, як Карпянкоў расказвае пра планы стварыць спецлягер для бестэрміновага адсялення асобаў, якія паўторна ўзялі ўдзел у акцыях пратэсту. Гэты лагер плануецца стварыць на базе папраўчай калоніі № 22 у г. Івацэвічы, так званых «Ваўчыных нораў».
«З гэтай мэтай у МУС створана адзіная інфармацыйная сістэма “БЕСпорядки” (назва прыведзена ў арыгінальнай транскрыпцыі), куды змяшчаецца інфармацыя аб усіх асобах, затрыманых за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», — паведамляе BYPOL.