Намгалоўурача Мінскай абласной дзіцячай бальніцы асудзілі на шэсць гадоў калоніі

Суд Мінскага раёна вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні да намгалоўурача Мінскай абласной дзіцячай бальніцы. Аркадзь Патапаў будзе адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Падчас працэсу абвінавачваны цалкам прызнаў віну і раскаяўся. Па версіі следства, з 2015 па 2018 год ён атрымаў хабару ў памеры 46 тысяч рублёў і, як прызнаўся ў судзе, усё выдаткаваў «на сям'ю».

Аркадзя Патапава прызналі вінаватым па ч.ч. 1, 2 арт. 430 КК «Атрыманне хабару паўторна».

— Абвінавачванаму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 6 гадоў, з канфіскацыяй усёй маёмасці, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Месцам адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі вызначана папраўчая калонія ва ўмовах узмоцненага рэжыму, — паведамляе сайт Вярхоўнага суда.

Яшчэ ў першы дзень працэсу Аркадзь Патапаў цалкам прызнаў віну і не стаў адмаўляць, што атрымліваў хабар ад падрадчыкаў. Праўда, дакладныя сумы абвінавачваны назваць не змог.

— Колькі далі, таму і рады, — прызнаваўся ён падчас допыту ў судзе.

Грошы Патапаву перадавалі проста на працы, ён адкрытым тэкстам казаў падрадчыкам: калі яны хочуць рабіць рамонт у бальніцы, павінны яму заплаціць. У асноўным хабар Аркадзь Патапаў атрымліваў у беларускіх рублях, але аднойчы яму перадавалі еўра — «была такая неабходнасць» — і бутэльку віскі Grant's.

— Як вы думаеце, сваімі дзеяннямі вы нанеслі шкоду бальніцы і дзяржаве? Ці гэта вашы адносіны з хабарадавальнікам? — звяртаўся да падабароннага адвакат Якаўлеў.

— Шкоды бальніцы я не прычыніў, гэта нашы адносіны з людзьмі, — адказваў Патапаў.

Па словах абвінавачанага, усе грошы ён выдаткаваў «на сям'ю».

Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: