«Напэўна, мы будзем бачыць гульню ў дзве рукі». Як улады адсвяткуюць 100-я ўгодкі БНР?

Што спыняе Лукашэнку ад прыняцця важнага палітычнага рашэння?
Мінгарвыканкам прапанаваў арганізатарам святкавання 100-годдзя БНР замест шэсця 25 сакавіка мітынг і святочны канцэрт. І абяцае за гэта даць гукаўзмацняльную апаратуру і не патрабаваць грошы за паслугі міліцыі і хуткай дапамогі, паведаміў у Facebook сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Гэта ўмовы для правядзення вулічнай акцыі, а якім будзе стаўленне ўладаў да святкавання 100-годдзя БНР у шырокім сэнсе?

Казакевіч: У кіраўніцтве краіны няма адзінага стаўлення да БНР

Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч адзначае, што ў кіраўніцтве краіны няма адзінага стаўлення да БНР і святкавання яе 100-годдзя.

 Адназначна прадказаць, як улада паставіцца да святкавання круглай даты, вельмі складана. Напэўна, мы будзем бачыць гульню ў дзве рукі. З аднаго боку, нейкія ініцыятывы будуць падтрымлівацца, з другога — магчымыя выпады на медыя і крытыка, якія прадэманструюць, што ўлады не да канца прынялі гісторыю БНР, — кажа Андрэй Казакевіч.

Адназначная падтрымка 100-га юбілею БНР і ўдзел у яго святкаванні ўступілі б у супярэчнасць з гістарычнай палітыкай апошніх 20-ці гадоў. Такі рэзкі пераход заключае ў сабе пэўныя рызыкі: рост расчаравання часткі прыхільнікаў улады, раздражненне той частцы кіруючай эліты, якая захоўвае прыхільнасць савецкаму разуменню гісторыі.

Больш за тое, гэтае пытанне не толькі ўнутрыпалітычнае, але і знешнепалітычнае. Адкрыты ўдзел уладаў у святкавання 100-годдзя БНР можа быць зразумета ў Расіі як праява «нацыяналізму» і стаць дадатковым фактарам раздражнення для Крамля.

 Паводле практыцы беларускім уладам час ад часу трэба дэманстраваць расійскаму кіраўніцтву, што яны ўсё ж такі не пераходзяць на пазіцыі нацыяналізму, — адзначае Андрэй Казакевіч. — Сукупнасць розных фактараў прымушае ўлады да таго, каб у адносінах да святкавання 100-годдзя БНР не займаць выразную пазіцыю, паколькі дакладная пазіцыя па такіх пытаннях скарачае прастору для палітычнага манеўру.

Лагвінец: Улады паспрабуюць, каб свята не стала агульнанацыянальным

Палітолаг Алесь Лагвінец адзначае, што ўлады дапускаюць узгадкі аб гістарычнай значнасці БНР на пэўным узроўні. Так, у газеце «Звязда» быў праведзены круглы стол, а Акадэмія навук рыхтуе міжнародную канферэнцыю да 100-годдзя БНР.

Аднак ён лічыць, што ўлады паспрабуюць зрабіць так, каб святкаванне круглай даты не выйшла за рамкі вузкага кола.

— Думаю, будуць пэўныя крокі па абмежаваннях, каб свята не стала па-сапраўднаму агульнанацыянальным, — кажа Алесь Лагвінец.

Палітолаг лічыць, што шмат хто ў кіраўніцтве краіны па-ранейшаму мае савецкае мысленне і менталітэт. Для іх бліжэй «рускі свет», чым беларуская нацыянальная ідэя і мова, якіх яны на дух не пераносяць.

Да савецкіх дат ўлады сталі ставіцца менш эмацыйна

Разам з тым улады працягваюць адзначаць на дзяржаўным узроўні савецкія даты і святы, якія не вяжуцца з беларускай гісторыяй. Да прыкладу, зусім нядаўна адзначалася 100-годдзе беларускага войска. На чале з міністрам адукацыі створаны аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя камсамола.

 Курс на пазітыўнае стаўленне да савецкага мінулага быў прыняты ў сярэдзіне 1990-х. І з таго часу не мяняўся. Гэта застаецца важным для пэўнай часткі грамадства. Шматлікія менавіта так бачаць гісторыю, — кажа дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. — Пры гэтым улады да савецкіх дат сталі ставіцца менш эмацыйна. Мы не бачым энергетыкі і спробаў напампаваць грамадства ў сувязі з круглымі савецкімі датамі, як гэта было 10-15 гадоў таму.

Паводле Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!