Напішы артыкул у Вікіпедыю — атрымай планшэт

ТБМ абвяшчае конкурс артыкулаў у Вікіпедыі на тэму “Гуманітарныя навукі. Персаналіі”. Артыкулы на конкурс можна дасылаць цягам сакавіка; а пераможца атрымае галоўны прыз — планшэт. 



Іншыя прызы: электронная кніга і флэшка.

УМОВЫ КОНКУРСУ АРТЫКУЛАЎ У ВІКІПЕДЫІ ГЛЯДЗІЦЕ ТУТ.

Валоданне гэтым, скажам шчыра, добрым планшэтам, — ужо неблагая нагода ўдзельнічаць у конкурсе артыкулаў. 

Вось ён, прыгажун:

Але атрымаць планшэт – не галоўная нагода. І гэта – той самы выпадак, калі ўдзел, бадай, важнейшы за перамогу. Сам удзел ужо ёсць перамогай – нашай супольнай перамогай.

Чаму так?

Узгадайма, як часта мы наракаем на тое, як мала прадстаўленая беларуская мова ў інтэрнэт-прасторы (не кажучы ўжо пра паўсядзённы ўжытак): хутчэй мы знойдзем змястоўную старонку пра “гвозди”, чым пра “цвікі” (незалежна ад таго, ці хочам мы даведацца пра іх вытворчасць або проста купіць для рамонту ў доме); пра “аиста” будзе больш інфармацыі, чым пра “бусла”; а калі мы ўвядзем у пошуку “Гомель” – ці выпадзе першай старонка на беларускай мове?

Таму мы і ўводзім запыты ў пошукавікі па-руску, нават калі з радасцю б скарысталіся роднай мовай.

Звернем увагу таксама на адукацыю ды аб’ём навуковых тэкстаў па-беларуску: ад школьных падручнікаў да грунтоўных спецыялізаваных прац. Ці шмат знойдзем інфармацыі па-беларуску?

А на тое, наколькі нераспрацаваная сучасная навуковая тэрміналогія на беларускай мове, не паскардзіўся толькі лянівы. Можа, многія выкладчыкі не супраць перайсці на выкладанне па-беларуску, але іх стрымлівае менавіта адсутнась шырока ўжыванай ды агульнапрынятай тэрміналогіі.

І хто мае моц гэта паправіць? Кожны з нас.

Кожны з нас ёсць спецыялістам у сваёй прафесіі. Кожны мае нейкае захапленне – ад вырошчвання хатніх раслінаў да парашутнага спорту – пра якое, пэўна, можа з імпэтам распавядаць не адну гадзіну.

І кожны з нас проста абавязаны напісаць артыкул у Вікіпедыю!

Навошта? – каб па-беларуску можна было знайсці ўсё! Ну і, вядома, каб атрымаць планшэт.

Каб навуковыя артыкулы беларускай Вікіпедыі можна было выкарыстоўваць замест падручнікаў – не толькі школьных, але і ўніверсітэтскіх. І гэта – не перабольшванне: такая практыка ўжо замацавалася ў некаторых краінах.

Прадбачым першае пытанне: “А што рабіць, калі я не ўмею пісаць артыкулы ў Вікіпедыю?”

Адказ на яго можа быць толькі адзін: вучыцеся! Гэта проста. Не нашмат складаней, чым адмініць сайт ці посціць нешта ў сацыяльных сетках. Вам у дапамогу – даведка Вікіпедыі. Таксама вы ў любы момант можаце звярнуцца па параду да арганізатараў (можаце нават пакінуць каментар да гэтага артыкулу).

І вам у дапамогу – наступны занятак, які адбудзецца ў нядзелю 22 лютага на Дні роднай мовы:
 

15.00 – 16.00 — праграма ад Falanster.by: прэзентацыя «Як Вікіпедыя можа палепшыць беларускую мову», майстар-клас па дадаванню артыкула ў Вікіпедыю з падрабязнымі тлумачэннямі.

Калі ўзнікне такая патрэба – ТБМ арганізуе яшчэ адзін навучальны занятак; галоўнае – паведаміце нам аб гэтым (зноў жа, пакіньце каментар пад гэтым артыкулам, напішыце на пошту ТБМ siadziba@gmail.com, дашліце паведамленне ў суполкі Таварыства ў сацыяльных сетках).

Гэты конкурс прысвечаны артыкулам на тэму гуманітарных навук і іх дзеячоў. Але гэта толькі першы конкурс. Абяцаем, што наступным разам праявіць сябе змогуць не толькі лірыкі, але і фізікі; не толькі гуманітарыі, але і цехнары. І, вядома, знаўцы натуральных навук. А ўжо ТБМ парупіцца пра тое, каб пераможцы атрымалі годныя прызы.

Дык стварайма беларускамоўную прастору разам!

Артыкулы можна будзе дасылаць на конкурс цягам сакавіка 2015 году; яшчэ раз даем спасылку на ўмовы конкурсу ў Вікіпедыі. І зычым вам атрымаць галоўны прыз!

tbm-mova.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-02-22 22:53:31
Дэжа вю. Фонд "Вяртанне" пад канец 2014 г. прапаноувау амаль тое самае. Якiя, дарэчы, вынiki таго конкурсу?