Напярэдадні акцыі ў Брэсце затрымалі Сяргея Пятрухіна

Адзін з арганізатараў пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці блогер Сяргей Пятрухін 26 кастрычніка пайшоў у Ленінскі РАУС Берасця па позве. Аднак не выйшаў адтуль і праз тры гадзіны — гэта значыць, што яго затрымалі, перадае Радыё Свабода.
Сяргей Пятрухін, архіўнае фота

Сяргей Пятрухін, архіўнае фота

Як кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін, верагодна, Пятрухін правядзе выходныя да суду ў ізалятары. За што — пакуль невядома. Вялічкін мяркуе, што такім чынам міліцыя вырашыла не даць Пятрухіну паўдзельнічаць у акцыі праціўнікаў акумулятарнага завода ў нядзелю.

Атрымалі позвы, аднак не пайшлі ў міліцыю блогер з Бярозы Аляксандр Кабанаў (сказаў, што захварэў) і праваабаронца Раман Кісляк (тэлефон не дасяжны).

У той жа дзень Ленінскі суд Берасця аштрафаваў на 245 рублёў (10 базавых велічынь) аднаго з лідараў пратэсту супраць заводу АКБ Дзям’яна Лепясевіча. Суддзя Святаслаў Каліна прызнаў Лепясевіча вінаватым у парушэнні закону аб масавых мерапрыемствах за акцыю, якая прайшла 14 кастрычніка.

Тая акцыя была адной з найбольш гучных за апошнія часы ў Берасці. Агулам было затрымана каля 15 чалавек, у іх ліку і палітык Мікола Статкевіч.

Перад наступнай акцыяй 21 кастрычніка затрымалі некаторых актывістаў і блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!