Нашчадак рэпрэсаваных прайграў суд з Нацархівам

НАРБ на законнай падставе не прадастаўляе звесткі аб ахвярах рэпрэсій. Такое рашэнне прыняла сёння, 30 сакавіка, суддзя Першамайскага раёна Мінска Вікторыя Макуха па выніках разгляду скаргі нашчадка рэпрэсаваных Ігара Станкевіча на дзеянні (бяздзейнасць) Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
Ігар Станкевіч

Ігар Станкевіч

Ігар Станкевіч лічыць, што Нацархіў незаконна закрыў доступ да базы даных «Звесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі».

База была створана ў 1990-х гадах на аснове картак індывідуальнага ўліку неабгрунтавана рэпрэсаваных, распрацаваных аддзелам па справах рэпрэсаваных пры Галоўным архіўным упраўленні. У 1996 годзе аддзел быў ліквідаваны, а карткі перададзеныя ў Нацыянальны архіў.

Картатэка змяшчае больш за 180 тысяч запісаў аб рэпрэсаваных і рэабілітаваных жыхарах БССР. Гэтыя звесткі ў Нацархіў перадаваліся з архіваў КДБ і МУС, а таксама з дзяржаўных архіваў Магілёўскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей. На сённяшні дзень гэтая база — адзіны афіцыйны і найбольш поўны рэестр рэпрэсаваных асоб у Беларусі. У адкрытых базах, напрыклад, «Картатэцы Сталіна» (база расійскай грамадскай арганізацыі «Мемарыял»), утрымліваюцца звесткі ўсяго на 60-80 тысяч жыхароў Беларусі. Пры гэтым па Гомельскай вобласці звестак аб рэпрэсаваных у адкрытых базах практычна няма.

Яшчэ ў 2014 годзе Ігар Станкевіч бесперашкодна атрымаў звесткі аб сваіх рэпрэсаваных прадзеду і прабабулі. Аднак пачынаючы з 2018 года НАРБ не выдае яму такія звесткі на іншых рэпрэсаваных сваякоў, а пераадрасоўвае ў архіў КДБ, дзе захоўваюцца самі справы рэпрэсаваных. Больш за тое, у снежні Ігар Станкевіч атрымаў адказ з НАРБ, у якім гаворыцца, што звестак аб яго прадзеду ў базе не маецца, хаця раней ён іх атрымліваў.

Як патлумачыла ў судзе намесніца дырэктара Нацархіва Алена Кушнова, адказ пра адсутнасць у базе звестак — памылка архіва. Справа ў тым, што ў архіўных фондах сапраўды няма звестак на продка Ігара Станкевіча з указанай заяўнікам датай нараджэння. Але ёсць звесткі на яго, толькі з на год ранейшай датай нараджэння. Гэты запыт выконваў малады спецыяліст, і яго ўжо прыцягнулі да адказнасці, запэўніла прадстаўніца архіва. Таксама яна распавяла, чаму раней у архіве можна было атрымаць поўную інфармацыюаб рэпрэсаваных, а цяпер — толькі аб месцы захоўвання дакументаў.

 У 1990 годзе архіўным установам была пастаўлена задача скласці спісы ахвяр неабгрунтаваных палітычных рэпрэсій і «Беларускай энцыклапедыі» — стварыць спецыяльныя выданні, кнігі «Памяць», каб увекавечыць памяць гэтых людзей. Каб скласці спісы, была распрацаваная ўліковая картка. Але картатэка была створаная на дакументах з розных архіваў, і яна не з’яўляеца падставай для выдачы архіўнай даведкі, якая пацвярджае канкрэтныя звесткі. Асноўная задача архіваў — выдаваць звесткі аб тым, куды можна звярнуцца па месцы захоўвання матэрыялаў архіўных спраў. Бо мы сутыкаемся з такім чыннікам: у рэгістрацыйнай картцы адны звесткі, а ў матэрыялах справы на гэтага ж чалавека — зусім іншыя.

Па словах Алены Кушновай, карткі — гэта толькі элемент навукова-даведачнага апарата, які дапамагае арыентавацца ў вялікім аб’ёме архіўных матэрыялаў. Але справы рэпрэсаваных захоўваюцца не ў НАРБ, а ў архівах КДБ і МУС, таму супрацоўнікі Нацархіва рэкамендуюць звяртацца туды.

На першым этапе мы выдавалі звесткі, але атрымалі бумерангам іншае: многія сталі прасіць выставіць гэтую базу ў адкрыты доступ. Але як мы можам выставіць неправераны прадукт, калі ў архіўных дакументах вельмі шмат спрэчных пытанняў і розначытанняў?

Ігар Станкевіч перакананы, што картка з’яўляецца архіўным дакументам, таму архіў павінен прадаставіць яе па запыце. Аднак прадстаўнікі архіва пярэчаць: уліковая картка ў складзе базы даных не можа быць архіўным дакументам, паколькі не ўтрымлівае спасылак на іншыя дакументы (фонд, вопіс, справа), якія захоўваюцца ў НАРБ. Ігар Станкевіч бачыць у гэтым супярэчанне закону «Аб архіўнай справе і справаводстве» — там нічога не сказана пра спасылкі на іншыя дакументы.

У судзе высветлілася і тое, што Нацархіў не з’яўляецца ўласнікам базы.

База была прадастаўленая нам у эксплуатацыю, а звесткі, якія там утрымліваюцца, не нашыя, а перададзеныя нам з іншых архіваў. Таму нельга сцвярджаць, што мы з’яўляемся яе ўласнікамі, — заявіла Алена Кушнова.

Таксама яна распавяла, што цяпер база ніякім чынам не абнаўляецца і знаходзіцца ў статычным стане, паколькі адпаведных архіўных дакументаў у НАРБ няма. Разглядаецца пытанне аб тым, каб вярнуць базу яе ўласнікам.

Калі Ігар Станкевіч спрабаваў высветліць прычыны абмежавання доступу да базы даных аб неабгрунтавана рэпрэсаваных у Міністэрстве юстыцыі, яму адказалі, што база не мае ніякіх абмежаванняў па доступе. Аднак у судзе высветлілася, што супрацоўнікі Нацархіва карыстаюцца ўнутраным дакументам, зацверджаным у 2018 годзе, з якога вынікае, што база выкарыстоўваецца толькі ў службовых мэтах.

Таксама заяўнік звярнуў увагу, што пры запыце звестак аб рэпрэсаваных праз электронную форму на сайце НАРБ з 2018 года з’явілася патрабаванне дакументальна пацвердзіць сваяцтва з чалавекам, звесткі аб якім запытваюцца. Але, паколькі архіў больш не выдае ніякіх асабістых звестак, навошта пацвярджаць сваяцтва? Алена Кушнова паабяцала, што з сайта гэтае патрабаванне прыбяруць.

Бадай, гэта адзіная саступка, якой дамогся ў судзе нашчадак рэпрэсаваных. Суддзя Вікторыя Макуха пакінула яго скаргу без задавальнення і цалкам заняла бок Нацархіва. Ігар Станкевіч з рашэннем суда не згодны і мае намер абскардзіць яго ў Мінгарсудзе. 

Зразумела адно: што тая кансалідаваная база даных, якая існавала ў НАРБе і з якой сваякі рэпрэсаваных маглі атрымаць звесткі пра сваіх продкаў, не даказваючы сваяцтва, закрыта. Доступ да яе, паводле ўнутранага дакумента архіва, маюць тры асобы: кіраўнік аддзела, яго намеснік і супрацоўнік, якому даручана з ёй працаваць. Звестак з рэгістрацыйных картак людзі цяпер таксама не атрымаюць, — каментуе рашэнне суда Ігар Станкевіч. 

Па яго словах, у прыватных размовах з прадстаўнікамі Нацархіва і Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі іх супрацоўнікі казалі пра вялікую колькасць ахвотных атрымаць звесткі з базы даных, каб зрабіць карту паляка. Цалкам верагодна, што гэта стала прычынай закрыцця базы, хоць афіцыйна прадстаўнікі архіва гэтую версію ў судзе адмаўлялі.

Больш за тое, нас заблытваюць у законах, маўляў, мы накіроўвалі запыт паводле закона «Аб зваротах грамадзян», а трэба было ў межах закона «Аб архіўнай справе і справаводстве». То-бок, я павінен быць яшчэ і юрыстам, каб разабрацца ў гэтай казуістыцы, — абураецца Ігар Станкевіч. — Дзяржава забіла маіх продкаў, быццам бы ў 1989 годзе рэабілітавала, а цяпер мне трэба даказваць ёй, што я не вораг і маю права атрымаць звесткі на сваіх продкаў. Атрымліваецца, я застаюся ворагам народа. Ну, хай так.

Цяпер у рамках грамадскай кампаніі «Забітыя, але не забытыя» яшчэ некалькі нашчадкаў рэпрэсаваных накіравалі скаргі ў Міністэрства юстыцыі на незаконныя адмовы НАРБ у прадастаўленні звестак на іх сваякоў. Сярод іх — Гары Паганяйла, праваабаронца Беларускага Хельсінкскага Камітэта. Яго маці была рэпрэсаваная і правяла ў лагерах 16 гадоў, а сам Гары Пятровіч нарадзіўся і да 3-х гадоў выхоўваўся ў ГУЛАГу.

Падобную скаргу ў Дэпартамент па архівах і справаводстве Мінюста накіраваў і грамадскі актывіст Яўген Батура, яго прадзеда расстралялі ў 1938 годзе ў Мінску. Актывіст прасіў НАРБ прадаставіць яму архіўную інфармацыю аб прадзеду, якая змяшчаецца ў згаданай базе даных у выглядзе рэгістрацыйнай карткі на яго. Яўгену Батуру прыйшоў адказ, паводле якога «інфармацыя, якая выяўляецца ў ходзе запытаў сацыяльна-прававога характару, адносіцца выключна да грамадзяніна, звесткі пра якога маюцца ў архіўных дакументах». Адзначаецца, што аўтарам запытаў сацыяльна-прававога характару з’яўляецца сам грамадзянін, у асобных выпадках — яго законны прадстаўнік ці зацікаўленая арганізацыя.

Як у Дэпартаменце лічаць магчымым зварот расстралянага больш за 80 гадоў таму чалавека — незразумела.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: