«Нарэшце людзі прачнуліся». Чаго хочуць пенсіянеры, якія выйшлі на марш

Учора на марш пенсіянераў сабралася некалькі тысяч чалавек. Марш скончыўся жорсткім сутыкненнем: бабулі адважыліся адбіць затрыманых студэнтаў і не адступалі нават пасля светлашумавых куль і пярцовага газу. Мы пагутарылі з пенсіянерамі, даведаліся, чаму выходзяць на маршы.

Гэтым разам людзей было значна больш, чым на першым Маршы пеніянераў. Некалькі разоў калона спынялася — чакалі тых, хто не можа ісці хутка. Увесь маршрут — ад Чырвонага касцёла да БНТУ-іх суправаджалі сілавікі, але бабулі гэтага не спалохаліся. Дык чаму ж яны выходзяць?

"Дзеці пакідаюць краіну, таму што страшна заставацца"

Па шляху сустракаем жанчыну са сцягам Арменіі. Гэта Таццяна, ёй 61 год, яна мастак-манументаліст. У Таццяны муж-армянін. Выбар сцяга тлумачыць проста: любіць армянскі народ за мужнасць і хацела падтрымаць краіну падчас канфлікту ў Нагорным Карабаху. Але Таццяна не можа быць абыякавая да сітуацыі ў сваёй краіне — у Беларусі.


— Я ўвесь час выходжу, няма сіл гэта трываць. Хочацца пераменаў, каб дзеці жылі ў нармальнай краіне — не ў такой, як мы цяпер апынуліся. У мяне трое дзяцей і іх тут няма. Дзве дачкі жывуць у Амерыцы, а трэцяя таксама збіраецца з'язджаць на Кіпр, таму што страшна. Яна актыўна ўдзельнічае ў пратэстах і кажа, што нават дома баіцца знаходзіцца адна.

Усе гады, калі Лукашэнка быў ва ўладзе, мне было сорамна. Я памятаю Машэрава, я яго асабіста бачыла, была на прыёме, ёсць з чым параўноўваць — тады Беларусь усе паважалі, а калі прыйшоў Лукашэнка — усё змянілася.

У нядзелю быў жах, як можна ставіцца да гэтай жорсткасці? На мой погляд — гэта ўжо агонія. У гэтым годзе пратэст стаў такім масавым, таму што ўсе бачылі што ён прайграў, усе бачылі, колькі людзей прыйшло і як мы галасавалі. Проста гэта ўжо быў верх нахабства.

За гэты час мы ўсе так з'ядналіся, мы сталі такія іншыя! Людзі ўжо свядома будуць галасаваць за новага лідара, ужо не можа паўтарыцца тое, што было раней. Усе ўсвядомілі сваю памылку.

"Не хачу быць прыніжаным"

Разам з астатнімі ўдзельнікамі маршу заўважаем каларытнага ўдзельніка — ён у майцы з арнаментам, трубой, ляскоткамі, на поясе ў яго нешта накшталт партатыўнай калонкі. Гэта Мікалай, яму 79 гадоў. Ён былы навуковы супрацоўнік лабараторыі БДУ, рэжысёр-пастаноўшчык Белдзяржфілармоніі.


— Я шчаслівы, таму што сёння выйшла столькі пажылых людзей. Колькі можна ганяць людзей? Гэта ж тыя людзі, якія ў вайну галадалі, якія страцілі сваіх бацькоў, дзяцей, а сёння яны ідуць са слязамі на вачах. Нельга дапускаць разгонаў, гэта бесчалавечна.

Я выходжу кожную нядзелю, каб нашых людзей не мучылі. Я супраць гэтай улады і заўсёды галасаваў за іншых, але не за Лукашэнку. Ён зрабіў шмат добрага, але нельга нас прыніжаць за тое, што мы выйшлі на пратэст — мы таксама многае зрабілі для краіны. Ён стаў пад бел-чырвона-белым сцягам, прыняў прысягу, а цяпер ганьбіць гэтыя сцяг. Бел-чырвона-белы сцяг — гэта наша гісторыя.

Мы ж выходзім без аўтамата, без тых машын, з кветкамі — гэта такое шчасце! На іх трэба маліцца богу, нарэшце людзі прачнуліся. Калі табе 79 гадоў, так хочацца быць шчаслівым!

Краіну новы прэзідэнт не раскідае, а наадварот згуртуе. Я быў у краінах, якія перажылі рэвалюцыі, і магу сказаць, што мы будзем жыць яшчэ лепш. Мы павінны ў гэта верыць.

«Змагацца за свбоду, бо ў нас яе не было ніколі»

У калоне ідуць дзве жанчыны. Вольга — з чырвоным шалікам і яе 84-гадовая мама — Еўдакія Барысаўна. Еўдакія 51 год прапрацавала скрыпачкай у Купалаўскім тэатры, апошнія падзеі ў тэатры яна называе сваім болем.


— Я прапрацавала да 75 гадоў у тэатры, і магла б працаваць дагэтуль, але мне захацелася паездзіць па свеце, мне трэба было паглядзець, як людзі жывуць. Беларускі пенсіянер не можа дазволіць сабе падарожнічаць, калі ён яшчэ падзарабляе, то тады можна сабраць грошай і кудысьці паехаць, а я ўжо ездзіла з падтрымкай дачкі і ўнука. Пасля падарожжаў я атрымала велізарнае задавальненне!

Падзеі ў краіне падахвочваюць нашых людзей выходзіць на мітынгі, выказваць сваё меркаванне. Цяпер — гэта толькі воля народа. Галоўнае патрабаванне — вызваліць усіх палітычных зняволеных і прыбраць нашага любімага, натуральна. Ён так усіх дастаў... яму ўжо пара адпачыць.

Усіх ўскалыхнулі выбары. Перажыць гэта было немагчыма. Тое, што адбывалася на Акрэсціна — гэта жудасна. Фашысты так не ставіліся да людзей падчас вайны як тут у ізалятары. Вось яны прыходзяць дадому, што яны кажуць жонкам, дзецям, мамам? Як яны жывуць пасля гэтага?

Бел-чырвона-белы сцяг — гэта для мяне не навіна, гэта наш сцяг. Калі мы ставілі "Паўлінку" ў 90-х на гастролях, акцёры выходзілі на сцэну з бел-чырвона-белым сцягам. З таго, што чытала, як раз бел-чырвона-белы сцяг — і ёсць першы беларускі, а вось гэты чырвона-зялёны з'явіўся, калі Беларусь стала адной з савецкіх рэспублік.

Калі я выглядала з балкона ў Менску падчас маршаў, я прасіла людзей падысці, кінула ім шакаладкі, крычала ім. Я прасіла іх, каб яны толькі хадзілі, каб не спыняліся. Я пісала ў Facebook: "Вы нам патрэбныя, мы ад вас залежым, вы павінны дамагацца свабоды". Свабода — гэта самае галоўнае для чалавека, таму што ў нас яе не было ніколі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: