Народная гульня «Яшчур» стане гісторыка-культурнай каштоўнасцю

Народная моладзевая гульня «Яшчур» вёскі Гута Варапаеўскага пасялковага Савета Віцебскай вобласці ўвойдзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Прапанову ўхваліла Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі.

На аснове ўспамінаў мясцовых носьбітаў традыцыйнай культуры, якія нарадзіліся ў 1910-30-х гадах і сведчаць пра шырокае распаўсюджанне гульні «Яшчур» (па-мясцоваму «Яшчар») на Пастаўшчыне, гульня была адноўлена ў 2012 годзе ўдзельнікамі фальклорнага гуртка Гутскага сацыяльна-культурнага цэнтра на вясковых вечарынках, якія праводзяцца на Каляды, Купалле, на велікодным тыдні.

Калі пачынаецца гульня, выбіраецца вядучы — хлопец-яшчур, якога перапранутым саджаюць у цэнтры, і вакол яго рухаецца карагод дзяўчат з песняй. Падчас карагода яшчур выбірае сабе «дзеву», з якой ён здымае хустку або вянок, а потым кожная дзяўчына спявае яшчуру традыцыйную песню-просьбу і выконвае яго заданні, каб вярнуць рэч.

На вечарыне танчаць кракавяк, лявоніху, польку ды іншыя танцы, а таксама гуляюць у народныя забавы «Адам і Ева», «Споведзь», «Галубка», «Ручаёк», «У кісяля», «Золата» і іншыя. Этнаграфічная вечарынка ў вёсцы Гута з аўтэнтычным музычным суправаджэннем ўяўляе цікаўнасць і для турыстаў як своеасаблівая разыначка гэтага края.


Паводле belta.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: