«Народная інаўгурацыя» ў Берасці: элементы карнавалу, халодны дождж і міліцыя

АМАП дык увогуле выглядаў недарэчна і адпрацаваў сабе алібі нешматлікімі затрыманнямі.
Пляц Леніна быў даступны толькі для паасобных пешаходаў. Даезд у цэнтральную частку Берасця блакавалі шматлікія пасты ДАІ.

Пратэстоўцы сабраліся каля кінатэатра “Беларусь”. У розныя часы іх колькасць магла сягаць за тысячу.
Час ад часу сеяў дробны халодны дожджык. Тады спаруда кінатэатра давала прытулак большай колькасці ўдзельнікаў. Міліцыянтаў у форме і масках было шмат, але яны абмяжоўваліся здымкай. Пратэстоўцы скандавалі “Жыве Беларусь”, “Верым, можам, пераможам” і “Голікаў скаціна!”



Азначаны персанаж вёў правакатыўны стрым, троліў грамаду і аднойчы амаль дасягнуў мэты: мужчына мала не заехаў яму па поўнай. Міліцыянты ажылі, двое подбегам рушылі ў бок канфлікту, але жанчыны адцягнулі рашучага апанента Голікава. Аляксей Голікаў вядомы тым, што практычна адразу пасля ўступлення ў тутэйшую суполку БАЖ пачаў у сваім адыёзным сеціўным рэсурсе насміхацца з любой апазіцыі.
Аўтар гэтых радкоў атрымаў дазвол на фота дзяўчыны з бел-чырвона-белымі дрэдамі. Яна зрабіла сабе касцюм рыцара, але шалом з алюмініевай фольгі растлумачыла як экран супраць наводак ад замежных\заакіянскіх ментараў. Быў у грамады і свой сабака-абярэг, усмешлівы хаскі з адным блакітным і другім карычневым вокам.


Каля 15-й на бусах прыехаў АМАП. “Касманаўты” калонай прайшлі ад помніка 1000-годдзю Берасця да месца акцыі. Паколькі людзей было адносна няшмат і ўсё было вельмі міралюбна, то выдавала на тое, што АМАПаўцы не ведаюць, навошта яны тут. Асабліва спецлюдзі з помпавымі стрэльбамі. Хадзілі туды-сюды ў шыхце і вольна, рассяроджваліся ў ланцужок, потым змыкаліся. Каля фантанаў затрымалі некалькіх маладзёнаў па прыкметах, толькі ім вядомым. Адзін хлапец нарэзаў некалькі кругоў вакол фантану, пакуль не дагналі.



Выклікалі “Хуткую” – жанчыне стала блага. Медыкі сказалі, прыхапіла сэрца.


АМАП зноў пашыхтаваўся ў калону і пад крыкі “Ганьба!” вярнуўся да транспарту. Потым прыпаркаваныя бусы бачылі з другога боку акцыі, таксама як і аўтазак “МАЗ” на бульвары Касманаўтаў.

Бліжэй да вечара людзі рушылі па вуліцах Савецкай і Дзяржынскага ў бок пляцу Леніна. Але калона была заблакаваная міліцыяй. Дзяўчаты сталі ў счэпку. Абыйшлося без затрыманняў, прынамсі навідавоку.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: