«Нас распранулі дагала, у гэты час жанчына-міліцыянер стаяла і махала дубінкай»

Затрыманыя 8 лістапада распавялі TUT.BY, як з іх здзекаваліся ў аўтазаках, РУУС і ізалятарах.

Фота TUT.BY

8 лістапада ў Мінску затрымалі больш за тысячу чалавек. Людзей гадзінамі трымалі з паднятымі рукамі на вуліцы каля сцяны, распылялі ў іх газ, білі і прыніжалі. Затрыманыя, якія атрымалі штрафы і ўжо выйшлі на волю, кажуць пра тое, што бесчалавечнае абыходжанне, якое шакавала Беларусь адразу пасля выбараў, кропкава вярнулася ў ізалятары і РУУС.

Удалося пагаварыць з некалькімі дзесяткамі затрыманых, якія, прабыўшы да трох сутак у РУУС і ізалятары, атрымалі на судзе штраф і выйшлі на волю. У асноўным гэта жанчыны (па законе жанчынам, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці, нельга прызначыць адміністрацыйны арышт). Калі падсумаваць сведчанні, можна прыйсці да высновы, што сілавікі кропкава вярнуліся да жорсткіх затрыманняў, бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі, пачынаючы са змяшчэння ў спецтранспарт, заканчваючы ўтрыманнем у ізалятары. Людзі падвяргаліся зневажанням — на іх крычалі матам, ім пагражалі, забіралі тэлефоны і праглядалі фота і перапіску, іх білі, распылялі газ, утрымлівалі без ежы і вады, перавозілі ў перапоўненых адсеках спецтранспарту, ўтрымлівалі ў камерах у колькасці, якая відавочна перавышае нормы. З апошніх «новаўвядзенняў» — затрыманых прымушалі прайсці па бел-чырвона-беламу сцягу. Хто адмаўляўся, рызыкаваў быць збітым.

«На ўваходзе ляжаў БЧБ-сцяг, паводле якога трэба было прайсціся, — распавядаюць на ўмовах ананімнасці жанчыны. — Я не хацела гэтага рабіць і прыгнулася, каб яго адсунуць рукой, у гэты момант амапавец шпурнуў мяне ў «стакан». «Стакан» разлічаны на аднаго чалавека, мы былі там ўтрох: я, 71-гадовая жанчына і Вольга Хіжынкова. Нам распылілі газ, хоць ніхто не аказваў ніякага супраціву і нічога не казаў. У гэты час прывялі мужчын, іх паставілі на калені і білі, яшчэ пафарбавалі фарбай і намачылі валасы».

«Калі пры даглядзе ў мяне знайшлі БЧБ-сцяг, маладая супрацоўніца з агідай кінула яго на падлогу, яе калега ў балаклаве патаптаўся па ім, і, натуральна, у вопіс рэчаў сцяг не ўключылі. У мяне арыштавалі тэлефон і грошы. Я папрасіла патэлефанаваць родным, але мне не дазволілі. Пакуль была ў РУУС, мне спрабавалі перадаць рэчы, але іх адмовіліся ўзяць, спаслаўшыся на каронавірус».

«Першай ішла жанчына 50 гадоў, на ўваходзе зноў ляжаў БЧБ-сцяг, яна не стала таптаць яго, тады малады супрацоўнік яе ўдарыў у грудзі і прымусіў прайсціся па ім. Калі так абышліся з 50-гадовай жанчынай, я жахнулася, што могуць зрабіць са мной. Потым матам нам сказалі выстраіцца ў ланцуг, сесці на кукішкі і бегчы гуськом. Жанчынам, сярод якіх былі пенсіянеркі 60-70 гадоў! Калі хто-то падаў і не мог бегчы, канваіры штурхалі і гаварылі, што астатнія з-за яго будуць гэтак далей паўзці».

«Нас распранулі дагала, у гэты час жанчына-міліцыянер стаяла і махала дубінкай. Па яе загадзе трэба было то падняць грудзі, то павярнуцца, то прамежнасць паказаць. Да 5 раніцы мы трапілі ў камеру, дзе нам не дазвалялі спачатку нават сядзець, трэба было стаяць з рукамі за спіной і галавой уніз. Нас было 23 у 6-мясцовай камеры, матрацаў і пасцельнай бялізны не было».

«Пасля асабістага дагляду мужчын у трусах некалькі гадзін ганялі па калідоры, прымушалі поўзаць, скакаць... усё гэта суправаджалася ўдарамі».

«У мяне мама ў тэлефоне падпісаная «Анархія». Сілавік убачыў гэта, у бусік зайшоў яго камандзір. Я пачала тлумачыць, што так падпісала маму, але мне тут жа прыляцела ў галаву з размаху. Дзякуй богу, фарбай не пазначалі».

«Мы цярпелі, гэта наш унёсак. Шчыра кажучы, думка яшчэ пра адны суткі моцна прыгнятала, але я гнала ад сябе ўсе засмучэнні і думала пра нашых палітвязняў».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: