Мы перамаглі цемру, і гэта наш свет, нашая зямля, нашае жыццё!

Чорныя паказаліся з аркі раптоўна — і адразу пачалі страляць у тых, каго бачылі. На дзіцячай пляцоўцы крычалі і курчыліся двое, адзін у пясочніцы, другі ўпаў на пластыкавую горку і ўсё спрабаваў падняцца. Трэцяга паднялі таварышы і пацягнулі падалей


* * *

З выццём сірэн, пад выстралы і крыкі

які табе прысніцца сёння сон?

На сценах смерць малююць страху блікі,

і над сівой Нямігай — болю стогн.

 

Заснеш, і ў садзе бронзавы Міцкевіч,

як сведка крыўдаў, сораму, пакут,

ля сцен старых турмы баіцца верыць,

што боль яго вярнуўся ў родны кут.

 

У хама — тыя ж хамскія замашкі,

закон яго — калгаснае ярмо.

З дзяцінства верыць мы прывыклі ў казкі,

ды ў шклоўскіх казках не жыве дабро.

 

З выццём сірэн, пад выстралы і крыкі

заснеш, а свет — у новай барацьбе.

У Бога ён — як ты — роўнавялікі.

І я зайздрошчу лёсу і табе.


Тралейбуса доўга не было. Назапашаная ўнутры трывога станавілася невыноснай, нібы пякотка. Адпіўшы пару глыткоў з пластыкавай бутэлькі, дзяўчына пачала выкрочваць толькі па ёй вядомым маршруце вакол празрыстага навеса прыпынка.

«Галоўнае — не спазніцца, галоўнае — не спазніцца, — заглушаючы трывогу, застукала ў скронях. — ...не спазніцца».

Вось ён, чортаў рагаты, і, што дзіўна, амаль пусты. Насця ўвайшла ў заднія дзверцы няспешна, прапусціўшы тоўстага дзядзьку з вялікай клецістай сумкай.

«Мама з такімі ў Вільню ездзіла, калі чаўночнічала. Дурніца, — пранеслася ў галаве, — пры чым тут сумка? Сумка пры чым?»

Тралейбус крануўся. У яе вучнёўскі. Сядаць не хацелася; учапілася ў адпаліраваную трубу, прыціснулася ілбом да вялікага задняга шкла; хваляванне неяк сунялося. Вочы самі па сабе заплюшчыліся. Тое, што з ёй адбылося, здавалася чужым, неяк выпадкова заляцелым у яе жыццё, усё было не з ёй, побач, не яе…

З Косцікам яны сустракацца пачалі, можа, дзесьці больш за год таму. Увесну прынялі сумеснае рашэнне, што ў іх каханне, — і першы раз пацалаваліся. Ад тых пацалованак больш было смеху і стуку зубоў. Косця ганарыўся паступленнем у БНТУ на бюджэт, а ёй заставаўся яшчэ цэлы год сумнай і тупой школы. Не, Насця вучылася не дрэнна, за медалём не гналася, але з першага класа трымалася моцнай выдатніцай. На рэпетытараў грошай у сям’і асабліва не было, дапамагалі мамчыны сяброўкі цёткі Вера і Адэля. Адна з фізікай і матэматыкай, другая з англійскай і рускай. За мамай была хімія; у школе ж настаўнікі па гэтых прадметах мяняліся ледзь ці не кожнае паўгоддзе, а замежную замянялі грамадазнаўства і фізра.

Косцікава паступленне адзначалі з танцамі і кактэйлем. Цалавацца яны да таго часу ўжо навучыліся. Сэрца даходзіла да ліхаманкавага трапятання, кроў гула па ўсім целе, салодкі туман за́сціў мазгі. Павольна і ўладна вялікая таямніца жыцця клікала іх усё далей, усё бліжэй прыціскаючы целы адзін да аднаго. Неяк за пацалункамі іх застукаў ля пад’езда яе бацька. Скандалу не было, але дачку пагнаў дадому, а працягнутую для знаёмства руку маладога чалавека пакінуў без увагі. Яе дома абазваў нядобрымі словамі і забараніў сустракацца «з усялякімі казламі»; са словамі «За казла адкажаш!» дачка абвясціла бацьку поўны байкот.


Вечар дзявятага жніўня быў ціхім нядзельным вечарам і нічога асаблівага не прадвесціў. На выбары, праз сваё непаўнагоддзе, яны не хадзілі, гулялі са знаёмымі па цэнтры і, вядома ж, рыхтаваліся пасля дзесяці паўдзельнічаць у пратэсце, калі такі ўтворыцца. Ім, як і ўсім, у каго яшчэ не паспелі закіснуть мазгі, хацелася пераменаў. Можа, ад таго, што ў апошні час у кавярнях і на адкрытых верандах часта круцілі песню Цоя, а можа, наадварот, гэта ім самім хацелася, каб усё адбылося, як спявалася ў песні. Навошта і якіх канкрэтна хацелася пераменаў, яны толкам і не задумваліся. Пераменаў — і ўсё!

Насценька, да закаханасці, наогул у нейкую крамолу, як лічыў яе бацька, маёр АМАПа, старалася не ўлазіць, дарэчы, і за ўладу яна асаблiва не па́рылася. Яна была салідарная з мамай: жанчына — найперш гаспадыня, клапатлівая маці, любячая жонка. Праўда, з любоўю ў Алены Пятроўны ў сям’і былі нелады. Бацька яе пару разоў, яшчэ на старой кватэры, адлупцаваў, так, абы за што, «для прафілактыкі», як ён крычаў. Насця моцна спалохалася, нават пэўны час заікалася, і яны з’ехалі з мамай да бабулі ў Баранавічы. Амаль паўтара гады там пражылі. Бацька прыязджаў з тартамі і кляўся, што больш такога не паўторыцца, што ўсяму віной праклятая служба. Маці паверыла, хоць ранейшых адносінаў у сям’і ўжо не было.

Косцік жа, наадварот, быў ідэйным, бацькі́ актыўнічалі ў БНФ у Горадні, прабабулю расстралялі ў трыццаць сёмым у Курапатах — як нацдэмаўку. Яе значок у выглядзе бел-чырвона-белага сцяжка заўсёды быў з ім ці на лацкане пінжака, ці на яго адвароце, ці ўнутры скуранога кашалька, –нібы значок камісара паліцыі ў Італіі. У спрэчках і доўгіх дыскусіях па пытанні, за што ён збіраецца змагацца, Костусь нязменна адказваў: «Супраць усеагульнага калгаса ў нашых мазгах і адзінага, нязменнага пастуха». Дарэчы, ён быў упэўнены, што Канстанцінам яго назвалі ў гонар Каліноўскага.

Ці была яна згодная ва ўсім са сваім каханым? Раней яна б не змагла адказаць адназначна, а вось цяпер з ім — абедзвюма рукамі.


«Наступная — “Бальніца хуткай дапамогі”», — прашапацела ў дынаміках.

Корпус знайшла хутка, але наведванне дазволена толькі з шаснаццаці трыццаці. Яшчэ амаль сорак хвілінаў.

Насця абышла корпус, убачыла вольную лаўку і прысела. Мулкія жоўтыя дошкі здаліся зручнай канапай. Напружанае цела абмякла, выштурхваючы вонкі ватнюю слабасць. «Не заснуць бы толькі, — праплыла з асцярогай думка. — Жах, я ж не спала амаль чацвёра сутак, здаецца, столькі ж толкам і не ела. Мама вар’яцела, а я тупа набірала Косцеў нумар ці нумары агульных знаёмых». Але ўсё без толку: слухаўка заходзілася захлынальным брэхам гудкоў, як вясковы сабака ўначы.


...Усёй кампаніяй выпаўзлі на вуліцу з Косцікавай двухпакаёўкі, якая дасталася яму ад дзеда, і падаліся на Машэрава, балазе тут побач. Ужо было цёмна, вакол досыць людзей і мянтоў. Моладзь, можа, і нападпітку, часам нарываецца на скандал. Народ гучна скандаваў «Сыходзь!», «Верым, можам, пераможам!», «Жыве Беларусь!». Спачатку было прыкольна. Потым прыехалі амапаўскія бусікі і аўтазакі, нейкія машыны, падобныя да снегаўборачных, а потым яшчэ і яшчэ. Страшных чорных людзей, закутых у чорныя латы, станавілася ўсё больш і больш. Шчыты злавесна паблісквалі і здаваліся жывымі.

— Косцік, давай пойдзем адсюль, мне страшна.

— Я побач, усё будзе нармальна, ты бачыш, колькі нас, яны пабаяцца. — Хлопец ускінуў уперад правую руку са сціснутым кулаком. «Жыве Беларусь!» І тысячагалосая людская маса ў адзіным парыве выдыхнула «Жыве!!!».

Ад гэтага Настулі стала яшчэ страшней: яна ведала, што з таго боку стаяць злыя, моцныя людзі, у якіх ёсць загад, і яны яго выканаюць, за гэта ім плацяць грошы і даюць кватэры.

— Міленькі, родненькі, пойдзем, пойдзем, яны цяпер на нас кіну...

Дагаварыць ёй не далі выбух і асляпляльная ўспышка справа ад іх. Закрычаў і, махаючы рукамі, упаў доўгі хлопец зусім побач з імі. Амапаўцы загрымелі аб свае шчыты і павольна рушылі на іх. Гранаты рваліся ўжо ўсюды, над галавой брыдка вішчалі пластыкавыя кулі. Людзі крычалі ад болю, спрабавалі павярнуць назад, але заднія націскалі, ім хацелася паглядзець, што там наперадзе, ім хацелася дзеянняў. А раптам усё скончыцца без іхняга ўдзелу і яны не стануць сведкамі перамогі. І ніхто тады не ведаў, што пярэднія фактычна сталі жывой бранёй, якая выратавала іх ад калецтваў, а можа — і смерці.

Канстанцін, закрыўшы яе сабой, пабег скрозь некіравальны натоўп улева да Свіслачы. Яна чула, як двойчы гучна ўскрыкнуў, — але працягваў яе цягнуць наперад да моста, які яшчэ не паспелі перакрыць; з боку гасцініцы хлынула вялікая людская хваля, ёй у спіну таксама стралялі. Прыкры рыжы дым драпежна клубіўся над галовамі і хвалямі поўз да пасольскага гарадка. Дзяўчыну нехта моцна штурхнуў у спіну, яна ўпала наперад, балюча разбіла калені і рукі.

— Косцік, Косцік, — як ёй здалося, гучна паклікала яна. Ніхто не адказаў. Праз яе пераскоквалі ўцекачы, нехта балюча наступіў на руку. Сабраўшы ўсе сілы, Насця паспрабавала сесці. Яе яшчэ раз штурхнулі.

— Цішэй, не пры́це, тут нейкая дзеўка ляжыць! — закрычаў нехта над ёй.

— Жывая?

Нечая рука пацягнула яе ўверх да выратавання.

— Збярыся, дзяваха, уставай — і бягом са мной, — уладна вымавіла жанчына, цягнучы яе за сабой.

Усё вакол бегла, цяжка дыхала, раўло, мацюкалася, штурхалася і зноў бегла. Рука незнаёмкі, як ціскі, схапіўшы яе запясце, цягнула наперад. Яна не азіралася, але ведала, што чорныя людзі, — хваля за хваляй, бразгаючы палкамі аб шчыты, — ідуць за імі; ёй чамусьці — ні да сяла, ні да горада — успомніўся дапатопны фільм пра Аляксандра Неўскага, дзе вось так, тупа бразгаючы жалезам, наперад ішлі сабакі-рыцары. Ад бегу ў горле стаяў прыкры камяк з металічным прысмакам. Лёгкія ўжо не слухаліся і гатовыя былі лопнуць, а яны ўсё беглі і беглі. Толькі на другім баку праспекта, заскочыўшы ў калодзеж нейкага двара, яны спыніліся.

— Не садзіся, не садзіся, — адпускаючы руку, сказала жанчына. — Павольна хадзі і махай рукамі, дапамагаючы лёгкім і выроўніваючы дыхалку. — Яна паказала, як гэта трэба рабіць.

Дыхаць стала лягчэй. У галаве білася толькі адна думка: дзе Косцік?

— Ты далёка жывеш?

— У раёне Казлова, на таксі хутка.

— Ох, дзеўка, гора мне з табой! Якое таксі? Зараз самае хуткае таксі — аўтазак. Чаго ў самую кашу паперлася?

— Так, з хлопцам і кампаніяй за справядлівасць прыйшлі пабузіць.

— Маці вашу... бузацёры! Вось і мае туды ж пасунуліся. Старэйшая дачка нейкімі партызанскімі сцежкамі аж з Масквы прыперлася. За каго хоць галасавалі?

— Дык мы яшчэ малагодкі...

— Мата не хапае! Я тут непадалёк жыву, да раніцы схаваемся. А заўтра пойдзем па турмах шукаць сваіх.

— Але ж Косцік...

У двор убеглі два хлопцы і дзяўчына.

— Гэй! — з балкона другога паверха пазваў іх хрыплы жаночы голас. — Цісніце на дамафон 12-14 — і да мяне мухай.

Паўтараць запрашэнне не давялося. Жалезныя ўваходныя дзверы па-здрадніцку павольна зачыняліся. Пстрыкнуў замок, уцекачы з выбачэннямі забраліся ў чужое пракуранае жыллё.

— Ціха, тапак няма, абутак здымаць не трэба, і святла не запальвайце. Мяне баба Таня клічуць, — для надзейнасці зачыніўшы сталёвыя дзверы на рыгельную завесу, жанчына вярнулася ў пакой. — Вось і хвала Богу, што паспелі заскочыць. Дзівіцеся, што там дзеецца. Толькі не высоўвайцеся.

Насця бачыла, як у двор забеглі чалавек дваццаць, хлапчукоў, хлопцаў і дарослых ужо мужчын. Усе замітусіліся, шукаючы выхад; яна бачыла, што ён наперадзе, між дамамі, але ўнізе, напэўна, гэта было цяжка разабраць.

Чорныя паказаліся з аркі раптоўна — і адразу пачалі страляць у тых, каго бачылі. На дзіцячай пляцоўцы крычалі і курчыліся двое, адзін у пясочніцы, другі ўпаў на пластыкавую горку і ўсё спрабаваў падняцца. Трэцяга паднялі таварышы і пацягнулі падалей.

— У каго ліхтар? Пашукайце, яны далёка не маглі сыйсці.

— Камандзір, тут сплашняком прахадныя двары, а далей прыватны сектар, там, яшчэ чаго, і са стрэльбы могуць пальнуць, а то і з дзедавага шмайсера паласнуць.

Чорныя зверху былі падобныя да нейкіх нечалавечых фантастычных істотаў і неахвотна паварочвалі галовы. Насця магла паклясціся, што чула, як яны па-жывёльнаму ўцягваюць у сябе паветра, вышукваючы здабычу.

— Таварышы, таварышы, — заскрыпеў старэчы голас з адкрытага акна ў доме насупраць.

Чорныя разам павярнуліся да яго, двое паднялі стрэльбы.

— Таварышы, не страляйце, я свой... з адстаўнікоў! Не страляйце, — заныў нябачны стары.

— Што сказаць хацеў, дзед?

— А чалавек некалькі скразанулі ў другі пад’езд чацвёртага дома.

— Ты, стары казёл, не разумнічай, ты рукой пакажы, у які пад’езд уцяклі.

— Ды ўнё... у той, здаецца, таварыш. Далекавата ж, ды і падслепаваты я.

— Вось жа, казліна вохраўская, — адазвалася гаспадыня кватэры, — я табе заўтра асабіста бельмы выцарапаю!

— Доўжык і Пекаль! Праверце, толькі акуратна, а то і сапраўды яшчэ хто-небудзь з кватэры пальне. А табе, дзед, дзякуй за дапамогу.

Параненыя ўжо не крычалі, той, які на горцы сядзеў, абхапіў галаву і ледзь чутна стагнаў, а другі, скруціўшыся абаранкам, енчыў.

— Хамутка, выклікай аўтазак. Ды сціхні ты, сука! — камандзір з усяго маху ўдарыў нагой па галаве небараку ў пясочніцы. — Я цябе зараз навучу і ўладу любіць, і прэзідэнта паважаць. — Кожная яго пагроза суправаджалася ўдарам берца. — Колькі табе, сука, заплацілі? Колькі? Адказвай?!

— Камандзір, пад’езды ўсе зачыненыя, дзверы жалезныя.

— Гэй, уроды, прэч з нашага двара! — выбегшы на балкон, загрымела пракураная бабуля. — Людзі, вы што — зусім ачмурэлі, чаго за шторамі хаваецеся? Сабакі ў наш дом прыбеглі, чаго маўчыце? — Амаль ва ўсіх вокнах загарэлася святло. З пад’ездаў пачалі выходзіць мужчыны — хто з чым.

— Вон, свалата!

Чорных было ўсяго пяцёра, і яны паспяшалі рэтыравацца. Пабітых забрала хуткая.

Развітаўшыся з бабай Таняй, якая ўадначас стала гераіняй двара, Насця пайшла да мамінай знаёмай Антаніны Міхайлаўны, якая жыла побач.

— Ты дадому патэлефанавала? Маці, мабыць, вочы ўсе выплакала, — прылашчыўшы ката́, спытала жанчына.

— Не, ні Косціку, ні маме. Зараз патэлефаную. Дзіўна, і мне ніхто не тэлефанаваў…

Дзяўчына паспешліва зняла са спіны маленькі рукзачок са скурзама, разадраны ў цэнтры.

— Што за фігня? Здаецца, ні за што не чаплялася… Вось чорт! — Дзясяты айфон быў сагнуты і пабіты, з яго тырчэлі нейкія дэталі. Касметыка покоцана. На дне яна знайшла шарыкі, здзіўлена пакруціла ў пальцах. — Гэта не мой...

— Думаю, што ўжо твой, роднай дзяржавай падораны. Тэлефон сама купляла ці хто падарыў?

— Косцік, ну і я крыху дадала. Ён яшчэ пажартаваў, маўляў, першая сумесная пакупка, трэба запомніць.

— Вось гэтая сумесная пакупка і выратавала цябе, дзеўка, ад інваліднасці: калі б не было яе — пераламалі б табе пазваночнік клапатлівыя ахоўнікі парадку.

Раніцай вярнуўся дадому сын Антаніны Міхайлаўны — і адвёз Насцю.

Маці, вядома, дала добрага наганяю. Але ёй было не да гэтага: яна шукала свайго Косціка. Ніхто нічога не ведаў. Службы пасылалі адна да адной. МУС і СІЗА па тэлефонах даведак не давалі. У Акрэсціна ён не значыўся, у Жодзіна дабіралася на маршрутцы. Нейкая жанчына, ужо ў гадах, у чарзе ля турмы параіла ёй наогул не совацца і, калі і ездзіць, то толькі з ягонымі бацька́мі, а то, глядзі, яшчэ як малагодку заграбуць за бадзяжніцтва. Усведамляючы сваё бяссілле, яна ўпрасіла маці пагаварыць з бацькам, які пасля сустрэчы з Косцем катэгарычна заявіў, што яна ніколі не выйдзе замуж за гэтага недабітка ворагаў савецкай улады.

Канстанціна знайшлі ў хірургіі бальніцы хуткай дапамогі. Яго толькі ўчора перавялі ў палату пасля рэанімацыі.

Палата была добрая, на траіх, але занятыя былі толькі два ложкі, ён ляжаў злева. Яна не адразу і пазнала яго. Забінтаваная галава, прыкрытыя правае вока і правае вуха. З адзінага вока на няголеную шчаку каціліся слёзы. Насця, прыціскаючы да сябе пакет з перадачай, ледзь не ўголас зараўла і апусцілася каля ложка на калені.

— Гэй, гусі лапчатыя, вы што тут — паплаваць вырашылі? Ану — перакрылі вадаспады і хутка цалавацца, — падсоўваючы да дзяўчыны табурэтку, прабасіў сусед з загіпсаванай нагой. — Ты толькі глядзі — яго моцна не прыціскай, у яго там катэтар, а гэта справа паганая. Давайце, чмокайцеся, зялёныя, а я паскачу — покуру, каб вас не бянтэжыць.

Насця рашуча па-дзіцячы кулакамі выцерла слёзы і прытулілася да салёнага роднага вока.

— Насцёна, ды пакладзі ты гэты бязглузды пакет у тумбачку. Як у вас там справы? Хаджу пакуль толькі з сястрычкай, так што да тэліка не дапінаем, тэлефона няма, недзе згінуў. Табе спрабую тэлефанаваць — не адказваеш.

— Усё добра. Куды ты знік — там, на Машэрава? Я думала, за гэтыя дні з глузду з’еду...

— Куды-куды, вось больш кучаравую знайшоў, ды, бачыш, не дабег: бацька твой ледзь ногі не пераламаў. Жартую, жартую... Са мной усё нармальна: калі з рэанімацыі перавялі, то жыць буду. Вока вось падбілі, але доктар кажа: бачыць будзеш, малады, можа, і адыдзе. Вуха кавалак адарвалі… Мала таго, што касавуры, дык яшчэ і з драным вухам. Вось як... памітынгавалі. Словам, разы з тры ў мяне патрапілі, а потым нагамі адмяцелілі. Там у мяне самая непрыемнасць... — Кастусь паказаў на ніз жывата. — Доктар спадзяецца, што дзеці будуць. Моцна ж пабілі, ой моцна, увесь сіні, я нават і не ўяўляў, што ў нас так таўкуць. Усё, расказвай, што там?

— Горад бурліць, людзі на вуліцах усе шчаслівыя, абдымаюцца, міліцыі не відаць. Толькі мне не весела. Віцьку Пацана памятаеш?

— Памятаю, ён са мной паступаў, толькі ў мянтоўскую групу.

— Ён павесіўся…

— Як?! Ён жа талковым мужыком быў і на бокс хадзіў!

— А ў іх, Верка Бараноўская распавядала, уся група заявы на перавод напісалі, а ён чагосьці тармазнуў, прынёс, а ўжо позна: ці курсанцкую форму апранай, ці ідзі ва ўнутраныя войскі салдацікам. Яго знаёмыя баніць сталі, з фрэндаў павыкідалі, нават тэлефоны заблакавалі, вось ён і не вытрымаў.

— Шкада хлопца. Во які замес пачынаецца…

Пару разоў у палату ўжо зазіраў сусед, заходзіла санітарка.

— Насцёна, давай буськацца — і чакаю цябе заўтра, цяпер кропельніцы пойдуць, працэдуры.

— Добра, там у пакеце пірог, морсік з парэчкі і тэлефон, новы з новай сімкай, нават нумароў агульных табе панабівала. Да тваіх у Горадню так і не датэлефанаваўся?

— У іх усё нармальна, жывыя-здаровыя, на сутках у турме. Вось ты звязалася з сямействам… Ты моцна падумай...

— Косцік, а мой бацька сапраўды лютаваў? Ты не памыліўся? Толькі не кажы, што жартаваў, былі б бачныя абодва вокі... Можа, і схлусіў бы, а адно не пракатвае.

— Я табе гаварыць не хацеў... Біў ён людзей і на вуліцы, і ў райаддзеле. Азвярэла біў. Мяне ж у бальніцу з Акрэсціна адправілі, а я як голас ягоны пачуў — адразу здагадаўся, хто гэта, а потым і татушку ўбачыў на правай руцэ паміж вялікім і ўказальным пальцамі — КАТ. А што гэта абазначае?

— Яго ініцыялы. Але ён і ка́там ганарыўся. Маму шкада… Заўтра прыйду.

Насця да начы блукала па раёне і ўсё не магла прыдумаць, што ёй рабіць, як жыць далей. Яшчэ дзіцячая душа назойліва ныла і прасіла слёз, але яны, як на зло, не ішлі. Пайсці і застрэліць бацьку? Яна ведала, дзе ў яго ляжаў «левы» пісталет, — але навошта? Ён і так ужо даўно памёр, вытанчылася і ператварылася ў прах яго душа, наперадзе толькі лютая адзінокая старасць.

Яна спынілася каля царквы. Таўсматая жанчына замыкала на ключ дзверы. Да Бога сцежку не замкнуць. Дзяўчына рэзка павярнулася і ўпартым крокам пайшла да прыпынка. Праз паўгадзіны яна ўжо ва ўсю гаспадарыла ў Косцікавай кватэры. Патэлефанавала маме на працу (яна сёння была на сутках адміністратарам у адной з новых гасцініц). Косцік патэлефанаваў сам, узрадаваўся, што яна дома. У той вечар пасталелы чалавечак прыйшоў да немудрагелістай высновы: лепш за ўсё самае галоўнае блізкім гаварыць па тэлефоне — менш хваляванняў…

Напрыканцы тыдня ў першай гарадской бальніцы хуткай дапамогі з’явілася новая зусім маладзенькая санітарка, а выдатніца 124-ай школы забрала дакументы і падала іх на першы курс медыцынскага каледжа, дзе працавала адна з усюдыісных мамчыных сябровак.

У першае самастойнае начное дзяжурства Насця, стомленая і да немагчымасці станоўчая, зазірнула ў палату да Кастуся. Асляпляльнае сонца толькі пачынала свой звыклы шлях, змываючы колішнюю брыдоту са стомленых ад бяспраўя плошчаў і вуліц старадаўняга горада, расхінаючы свае прамяні дабра для кожнай светлай душы. Дзяўчына зніякавела ад апантанасці радаснага святла і нечакана ўбачыла ў шкле паўраскрытага акна адлюстраванне свайго шчаслівага, спакойнага і роднага ёй чалавека.

— Мы перамаглі цемру, і гэта наш свет, нашая зямля, нашае жыццё! — нечакана гучна вымавіла Насця.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: