Наста Паліенка: Мне хочацца Дзіму ўберагчы

«Новы Час» паразмаўляў з жонкай Змітра Паліенкі Настай пра тое, чаму міліцыянты не пакінуць яго ў спакоі, як прызвычаіцца да пастаяннага прэсінгу, а таксама чым жыве і пра што марыць сям’я анархістаў.
Зміцер і Наста Паліенкі

Зміцер і Наста Паліенкі

Анархісту Змітру Паліенку 8 ліпеня ў судзе Першамайскага раёна прысудзілі 15 сутак арышту за размешчаны ў фэйсбуку допіс з заклікам прыняць удзел у флэшмобе — па вечарах бразгаць з адчыненых вокнаў і балконаў пустымі рондалямі. У той жа дзень падчас перапынку ў яго апыталі ў межах заведзенай крымінальнай справы па абразе супрацоўніка міліцыі.  


— Наста, што вядома цяпер пра Змітра?

— У ЦІП і ІЧУ да позняга вечара, мне казалі, што яго няма. Раніцай (9 ліпеня. — НЧ.) я пазваніла ў ЦІП — сказалі, што няма, а ў ІЧУ сказалі, што паведамяць, толькі калі я прыеду з пашпартам. Я адразу зразумела, што, верагодна, ён там. Я прыехала да 10-ай раніцы да ІЧУ, і мне сказалі, што ён у іх. У дзве гадзіны я зноў была ля ІЧУ з перадачай, але некалькі разоў мне казалі чакаць. Я прачакала прыкладна 40 хвілін, і потым міліцыянт выйшаў і сказаў, што Зміцер адмаўляецца ад перадач. Я запытвалася, у чым справа, а мне адказвалі — чакайце начальніка ІЧУ, мы не хочам браць на сябе адказнасць, ён будзе разбірацца з гэтай сітуацыяй. Дзіма не планаваў галадоўку і казаў мне, што будзе прымаць перадачы, бо ў яго ад мінулых галадовак праблемы са страўнікам. Таму я сказала начальніку ІЧУ — значыць, вы нешта з ім зрабілі, можа, збілі моцна, і ён пратэстуе. На што мне адказалі: «Ну што вы нагаворваеце, мы тут нікога ніколі не б’ем. Хіба ён прыходзіў да вас без пальцаў?». Прыходзіў без зубоў, з паламанымі рэбрамі, са страсеннем мозгу — але так, з пальцамі. Начальнік пайшоў, праз нейкі час вяртаецца і кажа, што Дзіма ад перадач адмовіўся, але просіць інгалятар, бо ён астматык. Таксама начальнік сказаў, каб перадала не прадукты, у выніку перадала зубную пасту, шчотку, тапкі і інгалятар.

Пакуль не зразумела, адбывае ён там суткі ці знаходзіцца па крымінальнай справе да прад’яўлення абвінавачвання. Спадзяюся, адвакату ўдасца з ім сустрэцца.

Зміцер Паліенка пасля вызвалення з бабруйскай калоніі

Зміцер Паліенка пасля вызвалення з бабруйскай калоніі


— А адкуль узялася гэтая крымінальная справа?

— Пакуль дакладна сказаць не магу. Але міліцыянты, якія прыязджалі да нас раніцай і якіх я здымала (у 7 гадзін раніцы 8 ліпеня ў двор, дзе пражываюць Паліенкі, увайшлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі з Маскоўскага РУУС у цывільным, якія хацелі «пагаварыць» са Змітром. — НЧ.), былі потым на судзе. Я не ведаю, навошта яны прыязджалі, гэта вельмі дзіўна. Калі б ужо была крымінальная справа, яны б так не размаўлялі. Яны б проста прыйшлі і затрымалі яго. А тут я бегала за імі цэлую раніцу, здымала, а яны проста стаялі. У выніку выпісалі нейкую позву, у якой было сказана з’явіцца «для ўдзелу ў правядзенні праверачных мерапрыемстваў». Але такіх працэсуальных дзеянняў не існуе.

Я зразумела, што яго будуць затрымліваць, калі Дзіма вырашыў сыйсці з суда, і яго пачалі хапаць. Яго першы раз кудысьці звезлі і там збівалі — ён паказваў раны на руках і ледзьве ішоў. І, калі збівалі, сказалі, што ў яго «крыміналка». Дзіма камусьці сказаў, што гэта нібыта за 20-е чэрвеня. Я зайшла ў яго фэйсбук і за гэтае чысло ўбачыла карцінку, як у Амерыцы паліцэйскі стаіць каленам на галаве ў цемнаскурага пратэстоўца, а побач — карцінка, дзе інспектар ДАІ стаіць каленам на галаве ў чалавека падчас затрыманняў у Ганцавічах. І подпіс, што, маўляў, вырадкі ёсць паўсюль.

— У той жа дзень пасля суда ў вас правялі ператрус. Што хацелі знайсці?

— Яны хацелі знайсці тэхніку. Як чалавек, у якога ператрус быў неаднойчы, я адразу разумею, што шукаюць. Напрыклад, падчас мінулых вобшукаў забіралі налепкі, улёткі, чыталі назвы кожнай кнігі ў доме, заытваліся ў Дзімы, што за кніга, ці не экстрэмісцкая яна, чыталі і забіралі ўсе дакументы і лісты. Гэтым разам усё было па-іншаму. Яны ўбачылі, што на стале стаіць манітор, а сістэмнага блоку няма, ляжыць зарадка ад ноўтбука, але яго самога няма. Яны вывернулі шафы — думалі, што мы там схавалі тэхніку. Перакулілі ложак. За ім ёсць невялікая камора, мы ёй не карыстаемся, але шукалі там. На гарышчы ў Вольгі Нікалайчык (пара жыве ў доме грамадскай актывісткі і рэжысёркі. — НЧ.) стаяла сумка ад яе камеры і пакунак са старымі тэлефонамі, правадамі — усё гэта вывалаклі і перабіралі, астатняе не чапалі.

— Забралі нешта?

— Там нічога не было. Мы загадзя ведалі, што будзе ператрус. Забралі толькі мой тэлефон, бо я трымала яго ў руках.

— Чаму Дзіму не пакідаюць у спакоі?

— Цяпер затрымліваюць усіх, хто праяўляе нейкую актыўнасць — блогераў, актывістаў, адміністратараў тэлеграм-каналаў. І Дзіму пад гэтую хвалю сабраліся ізаляваць на час выбараў.

— У яго ж яшчэ не скончылася «хімія» па мінулай справе.

— Так, хутчэй за ўсё, цяпер у яго будзе парушэнне, і рэшту сваёй хатняй «хіміі» ён можа паехаць адбываць на зону. Але ў яго засталося не так шмат.

— Гледзячы твае стрымы, не магу не спытаць, чаму ты абрала такі стыль паводзінаў з міліцыянтамі — тролінг? Не баішся, што яны могуць прымяніць сілу ў адказ?

— Яны не чакаюць, што іх будуць высмейваць. Яны лічаць, што яны вельмі важныя людзі, маюць сілу і ўладу, а тут з іх проста смяюцца. Але яны — ніхто, ім даў каманду — і яны пабеглі выконваць. Таму, калі пачынаецца такі напор на іх, яны бянтэжацца. Гэта і мая абарончая рэакцыя ў тым ліку — высмяяць і не псаваць сабе нервы. Я не баюся. Ну што — па твары ён мне дасць. Я ад гэтага смяяцца з яго не перастану.

Мне тата раней казаў: «Будзеш з “ваўчыным білетам”». Але я да гэтага была гатовая. Таму што ў мяне іншыя прыярытэты, чым мець стабільную працу, браць нейкія крэдыты. Таму я цалкам усведамляю, што магу быць рэпрэсаванай, сесці ў турму. Натуральна, я гэтага не хачу. Але калі ты гэта разумееш, ужо не баішся, калі гэта здараецца.

Наста Паліенка

Наста Паліенка


— А якія ў цябе прыярытэты?

— Калі мне было гадоў 13, я жыла ў аграгарадку, яны тады толькі з’яўляліся, набудоўвалі гэтыя дамкі. Лукашэнка казаў пра адраджэнне сяла, а я бачыла, што, па-першае, гэтыя дамкі развальваюцца — кулак між сценаў можна было прасунуць. Па-другое, праца не з’явілася, грошы ў людзей — таксама, у калгасе каровы паміраюць з голаду. І я пачала задумвацца, у чым праблема. Мне хочацца, каб людзі маглі жыць так, каб накіроўваць свае сілы на развіццё, чытаць кнігі, займацца грамадскай дзейнасцю. А ў іх проста есці няма чаго — канешне, яны думаюць толькі пра тое, каб гэтую ежу недзе дастаць, а не пра будучыню для сваіх дзяцей і краіны. Мне хочацца, каб гэта змянілася і каб кожны чалавек мог выказацца.

— Ты са шматдзетнай сям’і, як бацькі ставяцца да тваёй пазіцыі і дзейнасці?

— Мае бацькі ў разводзе, я жыла з мамай, я ў яе самая старэйшая. Яна мяне падтрымлівае. Яна сама жыве ў вёсцы, ёй трэба гадаваць дзяцей і высільвацца, каб арганізаваць для іх нейкі мінімум. І яна разумее, чаму так адбываецца. Яна хвалюецца, але прымае мой выбар.

А тата спрабаваў мяне наставіць на «правільны шлях», але не атрымалася, і цяпер ён прымае тое, што я — дарослы чалавек і сама ў стане вырашыць, чым займацца.

— Давай вернемся да вас з Дзімам. Вы пазнаёміліся ў 2017 годзе ў Курапатах. Як пачаліся вашыя стасункі?

— Калі мы былі ў Курапатах, я ведаю, што спадабалася Дзіму. Але тады я пачала сустракацца з Сяргеем Пальчэўскім (актывіст «Маладога Фронту», які прыкаваў сябе кайданкамі да МАЗа падчас абароны мемарыяла ад будаўніцтва бізнес-цэнтра ў 2017 годзе. — НЧ.), і Дзіма не стаў рабіць ніякіх крокаў. Потым яго пасадзілі, і я перапісвалася з ім. Калі яго вызвалялі з Бабруйска, я вырашыла яго сустрэць. Мы сталі стасавацца ўжывую, бо да гэтага – толькі ў лістах, і неяк сыйшліся. А потым само сабой атрымалася, што мы цяпер жанатыя.

Вяселле Змітра і Насты. Фота з фэйсбука Насты Паліенка

Вяселле Змітра і Насты. Фота з фэйсбука Насты Паліенка


— А як ты далучылася да анархісцкага руху?

— Мы з Дзімам абмяркоўвалі розныя палітычныя плыні, і мне стала блізкая яго пазіцыя. Не магу сказаць, што я нейкая канкрэтная анархістка ці анарха-камуністка, ці яшчэ нехта. Я проста падтрымліваю ідэі свабоды і роўнасці, людзям не абавязкова мець над сабой нейкага ўмоўнага лукашэнку, каб самаарганізоўвацца і рабіць разам нейкія рэчы на месцах. Калі б была большая свабода дзеянняў, усё было б прасцей, і людзям было б цікава нешта рабіць.

Я думаю, што знаходжуся яшчэ ў асэнсаванні. Бо з гадамі чалавек мяняецца, мяняюцца яго погляды на жыццё.

— А чым ты ўвогуле займаешся, цікавішся?

— У мяне ёсць спецыяльнасць, яна абсалютна нецікавая — тэхнік-тэхнолаг харчовай вытворчасці, парфумерыі і касметыкі. Размеркаванне адпрацоўвала на заводзе, ледзьве дачакалася завяршэння адпрацоўкі. Я проста не хацела губляць свой час на ВНУ. Я магла б паступіць на якую-небудзь гуманітарную спецыяльнасць, але не хацела вучыцца на беспрацоўнага. Бо маіх здольнасцей хапала на настаўніка малодшых класаў, эколага — хацела нават паступаць у інстытут імя Сахарава. Але вырашыла, што на заводзе я буду мець больш шанцаў на працу.

Раней я захаплялася экалогіяй, у мяне была навуковая праца па вывядзенні цяжкіх металаў з глебы. Я досыць паспяхова займалася гэтым у школе, ездзіла на конкурсы, нават перамагала. Але, пераехаўшы ў Мінск, я не знайшла навуковага кіраўніка, таму ўсё закінула.

А цяпер сярод захапленняў — стандартны набор: крыху малюю, граю на гітары, люблю хадзіць у паходы.

Фота з фэйсбука Насты Паліенка

Фота з фэйсбука Насты Паліенка


— А чым бы табе хацелася займацца ў будучыні?

— Я хацела б з’ехаць з гораду, купіць дамок у вёсцы і сядзець там. Але Дзіма гэтага не хоча, ён гарадскі жыхар. Я думала пра тое, што можна купіць дом у глыбінцы сабе, сябрам і адкінуць ад сябе існаванне дзяржавы як такой. Вунь, бабулькі ў вёсках — у іх жа ўвогуле свой свет. Я не кажу, што я — як бабулька, я проста хацела б абстрагавацца і сыйсці падалей. Але я не змагу ведаць, што столькі людзей церпяць за свае перакананні, і сядзець адпачываць. Думаю, калі з’явіцца нейкая адэкватная альтэрнатыва сённяшняму становішчу ў Беларусі, я б з’ехала. Такое жаданне збегчы ад усяго, ад нерваванняў, якія не праходзяць проста так. Гэта ўсё адбіваецца на здароўі — эмацыйным і фізічным. Бывае цяжкавата перажываць.

— Здаецца, што вы са Змітром — вельмі розныя па характары. Як вы ўжываецеся разам?

— З рыпеннем! (Смяецца) Мне хочацца Дзіму ўберагчы ад усіх яго «прыгодаў». Ён увесь час імкнецца нешта рабіць, кудысьці бегчы, штосьці пісаць, запісваць нейкія ролікі. А я ўвесь час яго дзёргаю: «Дзіма, што ты робіш, цябе ж пасадзяць!». А ён адказвае: «А што рабіць?».

Але я ведала, ува што ўвязваюся. Ён мне прапанову рабіў з клеткі. Дык што я павінна была чакаць? Ён мне гэтым і спадабаўся. Я на Курапатах не магла ўсачыць за ім. Я, канешне, не такая актывістка, як ён.

Фота з фэйсбука Насты Паліенка

Фота з фэйсбука Насты Паліенка


— Як ты зараз перажываеш яго зняволенне?

— Магчыма, гэта прагучыць жахліва, але я не перажываю. Мы да гэтага былі гатовыя. Адзінае, хвалююся, каб яго не збівалі, каб ён не галадаў. А так — для нас гэта ўсё ўжо звычайна. Калі ў Дзмы быў першы ператрус, я нават спалохацца не паспела, бо мяне разам з ім забралі. Другі ператрус я перажывала вельмі эмацыйна. Потым я некалькі месяцаў не магла нармальна заснуць. Калі правальвалася ў трывожны сон, я падрывалася, хапала свой тэлефон і хавала яго пад матрас. І чула званкі ў дзверы і грукат. І толькі праз некаторы час я прыходзіла ў сябе і разумела, што стаю пасярод пакоя, апранаюся — а ніхто не грукоча, тры гадзіны ночы. Я вельмі баюся дзвярных званкоў, у мяне з’явілася фобія. Я ўвечь час дзёргаюся, і не люблю, калі грукаюць у дзверы.  

***
Як стала вядома 10 ліпеня, у гэты дзень над Змітром Паліенкам зноў адбыўся суд, вынік якога не паведамілі. Пра тое, што Змітра асудзілі другім разам, Насце сказалі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Жонка актывіста мяркуе, што, верагодна, яму далі яшчэ 15 сутак, таму ён адмаўляецца ад перадач, бо трымае на знак пратэсту галадоўку. Адвакату трапіць да Змітра Паліенкі пакуль не ўдалося.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: