Настаўніцу гімназіі звальняюць за ліст у абарону беларускай мовы

Да Глеба Лабадзенкі звярнулася настаўніца з мінскай гімназіі №4.

Мае дзеці навучаюцца ў 4-й гімназіі. Думаю, што вы ведаеце са справаздачаў Геніка Лойкі ў ФБ, у якіх абставінах зараз вымушаны працаваць настаўнікі і як вынішчаецца мова з нашай школы, — піша жанчына. — Зараз мы збіраем подпісы бацькоў, але без дапамогі СМІ ўжо не абысціся. Я выкладаю чэскую мову ў гімназіі, але тыдзень перад судом дырэктар мяне выклікаў, пагражаў і у канцы размовы паведаміў, што збірае дакументы, каб Геніка адправіць у Навінкі. Тады я і пачала збіраць подпісы. Нехта данёс дырэктару. і той мяне звальняе. Прыкладаю наш ліст”.
Дырэктару гімназіі №4 г. Мінска
Гоцману А.М.
бацькоў вучняў гімназіі №4 г. Мінска
ЛІСТ
Мы, бацькі вучняў гімназіі № 4 г. Мінска, просім спыніць выгнанне і фактычна вынішчэнне беларускай мовы, якое адбываецца ў сценах нашай гімназіі. Гімназія № 4 — адзіная на ўвесь Фрунзенскі р-н беларускамоўная школа са статусам гімназіі. І мы, бацькі, свядома прывялі нашых дзяцей менавіта ў гэтую навучальную ўстанову, каб яны атрымлівалі веды на роднай мове. Для нас вельмі важна, каб працэс навучання, выхавання і зносінаў настаўнікаў з вучнямі і іх бацькамі адбываўся на роднай — беларускай мове. Гэта значыць, што мова павінна гучаць падчас урокаў, факультатываў, на перапынках, у сталовай, гардэробе, падчас наведвання вучнямі гарадскіх мерапрыемстваў, тэатраў і кінатэатраў, экскурсій, паходаў, у групе падоўжанага дня і тп. Бацькоўскія сходы таксама маюць весціся на роднай мове. У нашай школе са званком настаўнікі раптам забываюцца на свой абавязак і стасуюцца з вучнямі на рускай мове, а некаторыя нават выкладаюць свае прадметы па-руску. Яны парушаюць права вучняў набываць адукацыю на роднай мове. У нашай гімназіі, такім чынам, парушаецца закон нашай краіны.
Мы, бацькі, зыходзячы з інтарэсаў нашых дзяцей, просім ад настаўнікаў выкладаць свае прадметы на беларускай мове і не забывацца пра свае абавязкі адразу пасля званка. Мы ім даверылі нашых дзяцей, а яны ім падаюць прыклад двудушнасці, абыякавасці да сваёй мовы.

З павагай, бацькі вучняў гімназіі № 4 г. Мінска
Мінск 10.05.2017

Рэдакцыя зараз спрабуе разабрацца ў справе, звязацца з кіраўніцтвам гімназіі. Падрабязнасці паведамім пазней.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Уладзімір
  • 2017-05-25 00:15:56
І не зразумела вось што...Я сам працую ў звычайнай сярэдняй школе...сам скончыў амаль 30 таму звычайную савецкую школу...дзе выкладанне вялося на рускай мове ўсіх прадметаў...але гэта мне не перашкодзіла вывучыць нашу родную мову...нават і без настаўнікаў, летам у весцы, у бабулі і дзядулі, чуў яе...хоць гаворка была з дыялектамі...але сам чытаў газеты, кніжкі...і ніхто не забараняў вучыць і размаўляць на нашай роднай мове...і у 1970-х не было у нас спецыялізаваных класаў, а тым больш гімназій, але хто жадаў, той з маіх сяброў размаўляў і размаўляе і добра ведае матчыну мову...з чаго ўзнялі такі гвалт, няўжо каб размаўляць на мове трэба хадзіць у нейкую спецшколу/гімназію...усё пачынаецца з сям'і...як у ранейшыя часы у сем'ях дваран размаўлялі адзін дзень на адной мове, напрыклад, французская, другі дзень на другой...і г.д. Хто бацькам забараняе размаўляць і вучыць дзяцей і беларускай, і польскаай, і чэшскай і іншым мовам...да хоць кітайскай....Се шуа чун гво хуа! Калі ў 19 ст. не была
  • мінак
  • 2017-05-25 05:58:27
Уладзімір, калі вы купляеце ў краме сыр, прыходзіце дадому, а там пенапляст - вы таксама так думаеце: "навошта гвалт, сыр можна і на рынку набыць, раней сыра ўвогуле не было, а яшчэ можна вады папіць і хлеба пажаваць"?
  • Раман
  • 2017-05-25 06:49:01
Перад тым як пісаць, часам трэба трошкі падумаць. У цяперашняга пакалення ці ёсць тая вёска і тыя бабулі, што размаўляюць на натуральнай беларускай? Няма! Дык навошта параўноўваць непараўнальнае?

Больш цікавага на «Новым Часе»: