Настаўнікаў просяць падпісаць згоду на атрыманне даных аб правапарушэннях

На ўмовах ананімнасці работнікі школ даслалі ў рэдакцыю rebenok.by узоры заяў на прадастаўленне звестак з адзінага дзяржбанка даных аб правапарушэннях. Наймальнікаў цікавіць, ці ёсць судзімасць у педагогаў.
У рэдакцыю даслалі некалькі заяў, складзеных у рознай форме, гэта значыць гаворка ідзе пра розныя школы. Вось прыклад такой згоды, адрасаванай начальніку ўпраўлення па адукацыі Кастрычніцкага раёна Мінска.



У дакуменце ніжэй ад педагогаў патрабуюць указаць пашпартныя даныя. Згода павінна быць падпісана дырэктарам школы.


— Прыйшла сакратар, прынесла бланк, — распавядае педагог, што працуе ў школе Кастрычніцкага раёна Мінска. — Я спытала: адкуль такая папера? Мне адказалі, што з упраўлення па адукацыі. Я сказала, што калі буду ў чымсьці вінаватая, адкажу па законе, прычым тут праца? Мяне пераканалі ў тым, што без мяне ніхто інфармацыю не атрымае. Саму згоду я не падпісвала.

Падобную паперу даслала журналістам і работніца дзіцячага саду.



Ва ўпраўленні па адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска кіраўнік і яго намеснік некалькі дзён не адказваюць на званкі па пазначаных на сайце тэлефонах, іншыя супрацоўнікі кажуць, што нічога не ведаюць пра падобныя дакументы. У прэс-службах Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і Міністэрства адукацыі таксама не змаглі даць каментар: пра збор даных з дзяржбанка МУС ім невядома.

У прафсаюзе работнікаў адукацыі і навукі здзівіліся пытанню: настаўнікі не звярталіся ў арганізацыю па тлумачэнні.

Калі такія даныя збіраюцца, то для чаго? На гэтае пытанне няма адказу, толькі здагадкі. Згодна з дзейным Кодэксам аб адукацыі «педагагічную дзейнасць не могуць ажыццяўляць асобы, якія маюць судзімасць». У абноўленым кодэксе, праект якога быў накіраваны ў парламент, фармулёўка будзе гучаць так: педагогамі не могуць быць асобы, «якія маюць судзімасць, якая не знята або не пагашана ва ўстаноўленым парадку».

Пагашана судзімасць ці не, можна даведацца ў дзяржбанку: па адміністрацыйных справах інфармацыя захоўваецца 10 гадоў, па крымінальных — 100 гадоў. У арт. 97 КК сказана, як пагашаецца судзімасць. Калі чалавек здзейсніў менш цяжкае злачынства, праз два гады пасля адбыцця пакарання ён ужо лічыцца несудзімым. Праз пяць гадоў пагашаецца судзімасць за цяжкае злачынства, праз восем — за асабліва цяжкае. Па адміністрацыйных справах чалавек не лічыцца правапарушальнікам праз год пасля адбыцця пакарання.

Што гэта наогул за дзяржбанк такі?


Гэта своеасаблівая электронная база, у якой сістэматызуюцца ўсе звесткі па асобах, якія прыцягваюцца да адказнасці. У банку ўказваюцца пашпартныя даныя, у тым ліку асабісты нумар, артыкул КаАП па якім чалавек прыцягваўся, ці артыкул КК, па якім заводзілася справа, а таксама якое рашэнне па ёй было прынята.

Да электроннай базы маюць доступ Следчы камітэт, МУС, КДБ, пракуратура, суды, Дзяржкантроль. Акрамя таго, любы чалавек можа звярнуцца ў адзіны банк з просьбай прадаставіць інфармацыю. Напрыклад, калі трэба паказаць даведку патэнцыйнаму працадаўцу аб тым, прыцягваўся да адказнасці ці не.

А вось наймальнік не можа праверыць мінулае супрацоўніка, звярнуўшыся ў банк даных аб правапарушэннях, калі, вядома, у яго няма на гэта згоды, падпісанай самім работнікам.

Ці абавязаныя педагогі падпісваць гэтую згоду?


Вось як каментуе сітуацыю юрыст Даніла Смольскі, які аказвае паслугі ў галіне карпаратыўнага права ў Беларусі:

— Згодна з «Палажэннем аб парадку функцыянавання адзінай дзяржаўнай сістэмы рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў» звесткі аб правапарушэннях у дачыненні да работнікаў, якія закранаюць таямніцу іх асабістага жыцця, прадастаўляюцца арганізацыям толькі са згоды такіх работнікаў. Зыходзячы з комплекснага аналізу заканадаўства, можна зрабіць выснову, што да інфармацыі пра асабістае жыццё могуць адносіцца і звесткі аб прыцягненні працаўніка да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці.

Беларускае заканадаўства ўстанаўлівае абмежаванні правоў работнікаў на выкананне некаторай працы або на займанне пэўных пасад у сувязі з прыцягненнем да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. Пры вырашэнні пытання аб прыёме на працу ў аналагічных сітуацыях працадаўцу неабходна пераканацца, што кандыдат на пасаду не прыцягваўся да вышэйназванай адказнасці. Зрабіць гэта можна праз адпаведны запыт аб прадастаўленні звесткі, якія захоўваюцца ў адзіным банку даных, але са згоды работніка. Для работніка падпісанне такой згоды з'яўляецца правам, а не абавязкам. У сувязі з гэтым на сённяшні дзень застаецца не да канца ўрэгуляваным пытанне дзеянняў наймальніка пры адмове работніка на прадастаўленне звестак з банка даных правапарушэнняў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: