«Настроены рашуча». Адвакатка Ціханоўскага — пра ягоны настрой у першы дзень суду

Наталля Мацкевіч, адвакатка Сяргея Ціханоўскага, якога разам з яшчэ пяццю палітвязнямі пачалі судзіць 24 чэрвеня, перадала некаторыя дэталі пра стан свайго падабароннага, паведамляе «Свабода».

Адвакатка знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, але пра настрой Ціханоўскага крыху распавесці змагла.

«Стан у Сяргея неблагі, духам ён не падае, здаровы. Настроены рашуча на абарону сваіх правоў. Рэагуе на тое, што адбываецца, працэсуальным чынам — усё, што магу вам распавесці», — сказала Наталля Мацкевіч.

Разгляд справы працягнецца 25 чэрвеня.

Судовы працэс па «справе Ціханоўскага» распачаўся 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме ў Гомельскім СІЗА. На лаўцы абвінавачаных — блогер Сяргей Ціханоўскі, палітык Мікалай Статкевіч, рэдактар тэлеграм-каналаў Ігар Лосік, Уладзімір Цыгановіч, Зміцер Папоў, Арцём Сакаў. Палітвязняў пачалі судзіць амаль праз год пасля затрымання кожнага з іх.

Вядома, што ў справе ад 110 да 140 тамоў.

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:

арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);

распаўсюджванне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу РБ);

пагрозы ў адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);

арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з прымяненнем гвалту ў дачыненні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча вінавацяць паводле артыкулаў:

распальванне сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);

арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

Лосіку ўвесну да абвінавачвання дадалі яшчэ адзін артыкул. Які — пакуль невядома, адвакат не можа назваць з-за падпіскі.

Чакаецца, што «справу Ціханоўскага» будуць разглядаць як мінімум да 30 ліпеня.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: