Наступ на СМІ напярэдадні выбараў: папярэджанне TUT.BY, дэпартацыя журналістаў «Настоящего времени»

Чым бліжэй дзень галасавання, тым большы ціск з боку ўладаў, у тым ліку, на сродкі масавай інфармацыі.
Журналісты "Настоящего времени"

Журналісты "Настоящего времени"


Міністэрства інфармацыі Беларусі 7 жніўня вынесла пісьмовае папярэджанне парталу TUT.BY за распаўсюджванне «недакладнай інфармацыі, якая можа прычыніць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам».

5 жніўня TUT.BY пісаў пра тое, якія парушэнні зафіксавалі назіральнікі, якія не трапілі ў лік абраных, якім дазволена знаходзіцца на выбарчых участках, у тэксце быў таксама каментар ЦВК. Назіральнік Аляксандр Якубоўскі, акрэдытаваны на 19-ы ўчастак у пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна, распавёў пра свае падлікі (прыйшоў 21 выбаршчык супраць названых у пратаколе 164), адзначыўшы, што на ўчастку ён знаходзіўся з моманту апячатвання скрыні і да канца дня.

Мінінфарм лічыць, што інфармацыя аб часе знаходжання назіральніка на ўчастку не адпавядае рэчаіснасці.

Аляксандр Якубоўскі падкрэслівае, што ён, афіцыйна акрэдытаваны назіральнік на ўчастку № 19, прыйшоў на ўчастак у палову дзясятага. Іх папрасілі пакінуць памяшканне ў 10 гадзін. Назіральнікам прыйшлося весці назіранне з вуліцы праз адчыненыя дзверы. Ён растлумачыў, што назіраў з тэрыторыі школы, на адлегласці прыкладна 20 метраў ад уваходу на ўчастак. Ёсць сведка, другі назіральнік, які можа пацвердзіць, што Якубоўскі быў на тэрыторыі школы ўвесь дзень.

Днём 7 жніўня ў гатэлі "Мінск" у сталіцы Беларусі затрымалі штатных карэспандэнтаў тэлеканала "Настоящее Время" — Ірыну Рамалійскую, Юрыя Баранюка і Івана Грэбенюка. Пасля 21.00 стала вядома, што журналістаў высылаюць з Беларусі. Пра гэта паспела паведаміць Ірына Рамалійская, калі іх вывозілі з РУУС.

"Затрыманыя журналісты "Настоящего Времени" прафесійна выконвалі сваю працу па асвятленні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тэлеканал "Настоящее Время" своечасова запытаў акрэдытацыю для сваіх журналістаў перад прэзідэнцкімі выбарамі, але яна ім не была прадастаўлена, — падкрэсліла выканаўца абавязкаў прэзідэнта медыякарпарацыі Радыё Свабода / Радыё Свабодная Еўропа Дэйзі Сіндэлар. — Адмова ўладаў Беларусі своечасова акрэдытаваць нашых журналіста — яшчэ адзін прыклад пагарды да правоў свабоднай прэсы і права грамадзян Беларусі на інфармацыю без цэнзуры. Мы абураныя затрыманнем нашых журналістаў і патрабуем выканання ўладамі прызнанага ва ўсім свеце права журналістаў на выкананне сваёй прафесійнай дзейнасці".

Таксама 7 жніўня на 15 сутак арыштаваны Андрей Павук, youtube-блогер канала "Рудабельская показуха" (Гомельская область). Яго абвінавацілі ў парушэнні арт. 17.1. КаАП РБ (дробнае хуліганства).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: